Лідэрка беларускіх дэмакратычных сіл Сьвятлана Ціханоўская прапанавала стварыць міжнародны траставы фонд у падтрымку рэпрэсаваных беларусаў.
Праваабаронцы Беларусі прызналі 1440 чалавек палітвязьнямі. У цэлым жа за кратамі па палітычных справах знаходзіцца значна больш людзей, але не пра ўсіх ёсьць інфармацыя, іншыя апасаюцца публічнасьці. Пры гэтым ўлады Беларусі паведамлялі, што з 2020 года было заведзена больш за 11 тысяч спраў, зьвязаных з палітыкай і пратэстамі.
«Мы прапануем стварыць міжнародны траставы фонд у падтрымку палітычна рэпрэсаваных у Беларусі. Гэтыя грошы пойдуць на аплату адвакатаў, падтрымку сем’яў і рэабілітацыйныя праграмы для вызваленых вязьняў і іх дзяцей. Мы павінны падтрымліваць беларусаў, якія змагаюцца з рэжымам», — напісала Сьвятлана Ціханоўская ў Twitter.
10 студзеня шэраг былых палітвязьняў і сваякоў цяперашніх вязьняў беларускіх турмаў і калёній абвясьцілі аб абʼяднаньні і выступілі з адкрытым зваротам да грамадзтва і сусьветных палітыкаў. Яны заклікаюць рабіць больш рашучыя дзеяньні для вызваленьня палітвязьняў, у тым ліку весьці перамовы з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі.