«Пачынаючы з 2020 году, Беларусь перажывае самыя масавыя палітычныя рэпрэсіі з моманту набыцьця незалежнасьці. На гэты момант у месцах пазбаўленьня волі знаходзяцца каля 1500 чалавек, прызнаных праваабаронцамі палітычнымі вязьнямі.
Але нават гэтая жахлівая лічба не адлюстроўвае сапраўдных маштабаў тэрору. Праваабаронцы ня ў стане сабраць усю інфармацыю пра рэпрэсіі, а самі вязьні і іх родныя часта баяцца расказваць пра тое, што зь імі адбываецца, бо баяцца помсты з боку сілавікоў. Між тым, толькі паводле афіцыйных дадзеных, за 2,5 года было заведзена звыш 11,5 тысячы крымінальных справаў, зьвязаных з палітыкай», — гаворыцца ў звароце.
Сваякі палітзьняволеных і былыя палітвязьні адзначаюць, што ў турмах людзі, затрыманыя і асуджанныя ў палітычна матываваных справах, сутыкаюцца са зьдзекамі, зьнявагамі і шантажом. Ім абмяжоўваюць перапіску, пазбаўляюць спатканьняў і перадач, зьмяшчаюць у карцэр.
«Нашытыя на вопратку жоўтыя біркі і цяжкая прымусовая праца ў калёніях — гэта тое, якім чынам у Беларусі караюць за іншадумства і жаданьне жыць у свабодным грамадзтве», — адначаюць аўтары звароту.
Яны падкрэсьліваюць, што кожны дзень і гадзіна праведзеныя за кратамі — гэта катаваньне для палітвязьняў і іх сваякоў.
«Мы са шкадаваньнем вымушаныя канстатаваць, што для вызваленьня нашых родных сёньня робіцца недастаткова. Падзеі апошніх гадоў у Беларусі часта параўноўваюць з вайной і акупацыяй. Але нават падчас вайны ў палонных ёсьць магчымасьць павярнуцца дадому.
Перад нашымі вачыма прыклад Украіны: за час канфлікту сотні ўкраінцаў былі вызваленыя з варожага палону ў выніку перамоваў і абмену. Перамовы пра вызваленьне палонных ніяк ня ўзьдзейнічалі на рашучасьць Украіны змагацца з агрэсарам да поўнага вызваленьня ўсіх акупаваных тэрыторый — наадварот, вяртаньне герояў толькі ўмацоўвае маральны дух грамадзтва.
Мы ж у Беларусі за мінулыя 2,5 года былі сьведкамі толькі адзінкавых выпадкаў вызваленьня палітвязьняў. З аднаго боку, гэта сьведчыць пра тое, што цяперашнія падыходы не зьяўляюцца эфэктыўнымі. Але з другога боку, гэта даказвае, што выратаваньне палонных рэжыму не зьяўляецца невыканальнай задачай».
Аўтары звароты падкрэсьліваюць, што ня ставяць пад сумнеў задачу вызваленьня ўсіх палітвязьняў і поўнае спыненьне рэпрэсій у Беларусі. Аднак адзначаюць, што спосабы дасягненьня гэтай задачы могуць адрозьнівацца.
«Кожны вызвалены палітвязень — гэта ўжо маленькая перамога, якая набліжае нас да галоўнай мэты. Калі сёньня ёсьць магчымасьць выратаваць хаця б аднаго чалавека, мы павінны гэта зрабіць. А заўтра будзем выцягваць з засьценкаў тых, каго сёньня вызваліць было немагчыма.
Лёс Эўропы сёньня вырашаецца на палях бітваў ва Ўкраіне. Але супрацьстаяньне расейскай агрэсіі ня робіць праблему палітвязьняў у Беларусі менш важнай — у абодвух выпадках гаворка ідзе пра абарону агульначалавечых каштоўнасьцяў. Мы заклікаем лідэраў свабоднага сьвету да больш рашучых дзеяньняў у вызваленьні палітвязьняў. Гэтыя дзеяньні маюць уключаюць у сябе перамоўныя працэсы, намаганьні як публічнага, так і непублічнага характару. Мы ў сваю чаргу гатовыя актыўна ўдзельнічаць у распрацоўцы новых падыходаў, тактыкі і стратэгіі».
Па стане на 10 студзеня зварот падпісалі 29 чалавек.
У ініцыятыўную групу ўваходзяць:
- Тацьцяна Хоміч, сястра палітзьняволенай Марыі Калесьнікавай;
- Аляксандар Лойка, муж палітзьняволенай журналісткі Ірыны Слаўнікавай;
- Сьвятлана Мацкевіч, былая жонка палітвязьня Ўладзімера Мацкевіча.
Зварот таксама падпісалі:
- Ігар Ільяш, муж палітзьняволенай журналісткі Кацярыны Бахвалавай (Андрэевай);
- Вольга Івашына, жонка палітвязьня журналіста Дзяніса Івашына;
- Віктар Пархімчык, былы палітвязень;
- Іна Шырокая, былая палітзьняволеная;
- Дарʼя Чульцова, журналістка, былая палітзьняволеная;
- Сяргей Стальмакоў, былы палітвязень;
- Вадзім Хіжнякоў, былы палітвязень;
- Галіна Антончык, дачка палітвязьня Рыгора Кастусёва;
- Яна Кавалёва, сястра палітвязьня Ільлі Верамеева;
- Анатоль Панькоўскі, муж палітзьняволенай Валерыі Касьцюговай;
- Надзея Лучанок, дачка палітвязьня Ўладзімера Мацкевіча;
- Ігар Юрчык, сын палітвязьня Аляксандра Юрчыка.