Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь і Славенія спаборнічаюць за месца ў Радзе Бясьпекі ААН


Рада Бясьпекі ААН падчас галасаваньня ў штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку. Архіўнае фота
Рада Бясьпекі ААН падчас галасаваньня ў штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку. Архіўнае фота

Міністар замежных спраў Эстоніі Урмас Рэйнсалу спадзяецца, што рэжым Аляксандра Лукашэнкі ня зможа заняць месца непастаяннага чальца Рады Бясьпекі ААН, на якое ён прэтэндуе па квоце ўсходнеэўрапейскіх краін.

«Я спадзяюся, Лукашэнка гэтую бітву прайграе», — сказаў кіраўнік эстонскай дыпляматыі 10 студзеня на вэбінары аб стратэгіі дэмакратычных сіл Беларусі на 2023 год.

Ён нагадаў, што разам зь Беларусьсю заяўку на непастаяннае сяброўства ў Радзе Бясьпекі ААН у 2024-2025 гадах падала Славенія, чаму ў Латвіі «вельмі радыя».

«Разьлічваем, што ўсе краіны падтрымаюць Славенію», — зазначыў Рэйнсалу.

«Мы падымалі гэтую тэму падчас Генэральнай асамблеі ААН, размаўлялі з амбасадарамі дзяржаў, якія прымаюць рашэньні. Будзе галасаваньне, паглядзім, хто пераможа», — пракамэнтаваў BPN сытуацыю дарадца беларускай дэмакратычнай лідэркі Сьвятланы Ціханоўскай Франак Вячорка.

«ЗША нас падтрымліваюць, Расея не падтрымлівае», — дадаў ён.

Заяўку на сяброўства ў Радзе Бясьпекі ААН Беларусь падала ў 2007 годзе. Заяўка ад Славеніі паступіла ў сьнежні 2021 года. Краіны Ўсходняй Эўропы маюць адно месца непастаяннага сябра Рады Бясьпекі, у 2022-2023 гадах яго займае Альбанія.

Новых прадстаўнікоў у гэтай структуры ААН вызначаць галасаваньнем, якое адбудзецца сёлета ў чэрвені на 77-й сэсіі Генасамблеі ААН.

Дэмакратычныя сілы Беларусі выступаюць за тое, каб афіцыйны Менск ня трапіў у склад Рады Бяспекі ААН.

«Нельга, каб бандыцкі рэжым займаў месца за сталом галоўнага органа міжнароднай бясьпекі, — падкрэсьліў 15 сьнежня 2022 году ў эфіры „Белсату“ прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінэта ў міжнародных справах Валер Кавалеўскі. — Мы радыя, што заяўку падала Славенія, цяпер Лукашэнка не атрымае сяброўства аўтаматычна. Гэта будзе складаная барацьба, і Славенія разумее, якія тут стаўкі. Гэта было зроблена спэцыяльна, каб спыніць Лукашэнку».

  • Рада Бясьпекі ААН — адзін з шасьці галоўных органаў Арганізацыі Абʼяднаных Нацый, які адказвае за гарантаваньне міжнароднага міру і бясьпекі. У яго паўнамоцтвы ўваходзіць арганізацыя апэрацый для падтрыманьня міру, увядзеньне міжнародных санкцый і санкцыянаваньне ваенных дзеяньняў.
  • Рада Бясьпекі складаецца 15 чальцоў. Пяць зь іх зьяўляюцца пастаяннымі (Кітай, Францыя, Расея, Вялікая Брытанія і ЗША), яны маюць права накладаць вета на любую рэзалюцыю Рады Бясьпекі. Яшчэ дзесяць сяброў выбіраюцца на двухгадовы тэрмін па рэгіянальных квотах.
  • Расея злоўжывае сваім правам вэта, у сувязі з гэтым у Радзе Бясьпекі ААН не праходзяць рэзалюцыі аб спыненьні вайны ва Ўкраіне і іншыя, якія Расея лічыць нявыгаднымі для сябе.
  • Украіна паставіла пад сумнеў права Расеі быць у Радзе Бясьпекі ААН і ў самой ААН, бо пасьля распаду СССР Расея фармальна не выканала працэдуру далучэньня да арганізацыі згодна зь яе Статутам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG