Адметна, што большасьць зь іх адразу пасьля адстаўкі зьвязвала свой лёс з расейскім бізнэсам ці пераяжджалі на працу ў Расею.
Пятро Краўчанка: прадаваў расейскія энэрганосьбіты ў Азію
72 гады. Міністрам быў у пэрыяд з 1991-га па 1994-ы.
Першы міністар замежных спраў незалежнай Беларусі. Да гэтага быў сакратаром Менскага гаркаму КПБ. Падчас выбараў 1994 году актыўна падтрымліваў Вячаслава Кебіча, таму пасьля перамогі Лукашэнкі пазбавіўся пасады.
Нейкі час працаваў у Акадэміі навук. Стаў дэпутатам Вярхоўнага Савету ХІІІ скліканьня, дзе падпісваўся пад імпічмэнтам Лукашэнкі. У 1998-м па прапанове Лукашэнкі вярнуўся на дзяржаўную службу і стаў амбасадарам Беларусі ў Японіі. Адстаўка ў 2002 годзе была скандальнай. Лукашэнка казаў: «Ён там утварыў такое, што ўсе, ад імпэратара да бамжа, здрыгануліся. Уцёк за 200 кілямэтраў і пячатку схаваў». Лукашэнка заклікаў спэцслужбы «разабрацца і прывезьці яго ў краіну».
У выніку скандал атрымалася залагодзіць і амбасадар вярнуўся ў Беларусь. Краўчанка нават заяўляў, што не выключае ўдзелу ў прэзыдэнцкіх выбарах, шмат і рэзка крытыкаваў Лукашэнку.
Свае далейшыя месцы працы Пятро Краўчанка асабліва не афішаваў. Аднойчы ў інтэрвію Свабодзе заявіў, што ўладкаваўся ў Маскву, дзе займаецца пастаўкай энэрганосьбітаў у Паўднёвую Карэю, Японію і Кітай. «Мае сувязі і кантакты выкарыстоўвае братняя Расея на сваю карысьць», – казаў ён.
Нейкі час Пятро Краўчанка ня быў прыкметным у палітыцы і грамадзкай прасторы. У 2006 годзе ў Маскве ён выпусціў кнігу ўспамінаў «Беларусь на переломе», праз год яна выйшла па-беларуску ў сэрыі «Кнігарня «Нашай нівы”». Экс-міністар часта наведваў культурныя мерапрыемствы ў Беларусі, ён вядомы калекцыянэр старых кніг.
Разам зь іншымі былымі міністрамі ўдзельнічаў у супольных сустрэчах пад дахам МЗС і «Менскага дыялёгу». Быў нават на закрытай сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам. У палітычнае жыцьцё болей не вяртаўся.
Уладзімер Сянько: паехаў амбасадарам у Францыю і Бэльгію
76 гадоў, міністрам быў у пэрыяд з 1994-га па 1997-ы.
Ураджэнец Чашніцкага раёну Віцебскай вобласьці. Папрацаваў яшчэ ў цэнтральным апараце МЗС СССР. Да прызначэньня міністрам быў амбасадарам Беларусі ў Вялікай Брытаніі, а да гэтага ў Польшчы.
У час знаходжаньня Сянько на міністэрскай пасадзе здарыўся скандал: тады дзяржаўную службу публічна пакінуў ягоны намесьнік Андрэй Саньнікаў, заявіўшы пра сваю нязгоду з палітыкай Лукашэнкі.
Пасьля адстаўкі зь міністэрскай пасады Сянько застаўся ў дыпляматыі. Спачатку ён быў амбасадарам Беларусі ў Францыі (1997–2004), а потым у Бэльгіі (2004–2011). Менавіта ў Францыі пры Сянько пачынаў сваю дыпляматычную кар’еру Ўладзімер Макей.
У 2012 годзе Сянько стаў чальцом Савету Рэспублікі, дзе ўзначальваў камісію міжнародных спраў і нацыянальнай бясьпекі.
Іван Антановіч: паехаў выкладаць у Маскву
85 гадоў, міністрам быў у пэрыяд з 1997-га па 1998-ы.
Ураджэнец вёскі Дамашы Ляхавіцкага раёну. Папрацаваў у ААН і UNESCO яшчэ за савецкім часам, а таксама кіраваў аддзелам культуры ЦК КПБ. Пад канец існаваньня СССР зьехаў у Расею, дзе працаваў у Акадэміі грамадзкіх навук пры ЦК КПСС, а затым сакратаром і членам Палітбюро ЦК кампартыі РСФСР. Па развале СССР атрымаў расейскае грамадзянства. Пры гэтым добра валодаў беларускай мовай.
У Беларусь вярнуўся ў 1993 годзе. Такім чынам, чалавек з расейскім грамадзянствам быў міністрам замежных спраў Беларусі. У адстаўку быў адпраўлены з прычыны зьліцьця ў адно ведамства трох міністэрстваў – замежных спраў, зьнешнепалітычнага ведамства і спраў СНД. Нефармальнай прычынай называўся скандал з высяленьнем заходніх дыпляматаў з Драздоў.
Нядоўгі час папрацаваў выкладчыкам у Беларусі, а потым зноў паехаў у Маскву, дзе выкладаў у МДУ. Піша кнігі, часам эпатуе публіку сваімі выступамі, дзе называе Мэркель «лахудрай» і гаворыць, што зарабляў грошы, «ачарняючы ЗША».
Урал Латыпаў: папрацаваў у бізнэсе ў Расеі і Беларусі
71 год, папрацаваў міністрам у пэрыяд з 1998-га да 2000-га.
Родам з Башкірыі, па нацыянальнасьці татарын. Вучыўся ў Менску на вышэйшых курсах КДБ, так і застаўся ў Беларусі. Да прызначэньня на пасаду міністра замежных спраў быў памочнікам Аляксандра Лукашэнкі.
«Латыпаў – адзін з галоўных арганізатараў антыканстытуцыйнага рэфэрэндуму ў 1996 годзе», – казаў пра чыноўніка палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі, называючы Латыпава сярод людзей, якія найбольш спрычыніліся да ўсталяваньня рэжыму асабістай улады ў Беларусі.
Латыпаў быў міністрам замежных спраў, знаходзячыся ў рангу віцэ-прэм’ера, што павышала яго статус. Зь міністэрскага крэсла пайшоў на павышэньне і ўзначаліў Савет бясьпекі, потым быў кіраўніком Адміністрацыі прэзыдэнта.
Дзяржаўную службу Латыпаў пакінуў у 2004 годзе і больш туды не вяртаўся. Быў у кансультацыйнай радзе нафтавай кампаніі «Лукойл-Беларусь», якая мае расейскія карані. Потым езьдзіў у Маскву, дзе ўзначальваў кампанію «Директ Менеджмент», якая зарабляла на нерухомасьці. Апошняе вядомае месца працы ў Беларусі – назіральная рада «Альфа-Банку».
Міхаіл Хвастоў: прадстаўнік у ЗША і Жэнэве
73 гады, папрацаваў міністрам з 2000-га па 2003-ы.
Нарадзіўся ў вёсцы Казлоўшчына Пастаўскага раёну. Ад 1982 году на працы ў МЗС БССР. Быў шэфам пратаколу МЗС, калі ў Беларусь прыяжджаў прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан. Да моманту прызначэньня міністрам папрацаваў памочнікам Лукашэнкі, амбасадарам Беларусі ў Канадзе, намесьнікам міністра замежных спраў.
На сваёй пасадзе Хвастоў мала чым запомніўся. Пасьля адстаўкі яго адправілі амбасадарам Беларусі ў ЗША. У той час здарыўся дыпляматычны скандал і краіны абмежавалі сваю прысутнасьць часовымі прадстаўнікамі. Такім чынам, Хвастоў быў апошнім паўнавартасным паслом Беларусі ў Вашынгтоне. У 2020 годзе амбасадарам быў прызначаны Алег Краўчанка, але праз пратэсты ў Беларусі і заўчасную сьмерць да Амэрыкі ён так і не даехаў.
Перад адстаўкай у 2015 годзе Хвастоў быў кіраўніком прадстаўніцтва Беларусі пры аддзяленьні ААН у Жэнэве.
У асабістым жыцьці Міхаіл Хвастоў перажыў трагедыю, сьмерць сына.
Сяргей Мартынаў: пайшоў у расейскі бізнэс
69 гадоў, папрацаваў міністрам з 2003-га да 2012.
Ураджэнец армянскага Гюмры, але школу сончыў у Віцебску. Вучыўся ў Маскоўскім дзяржаўным інстутуце міжнародных адносін (МГИМО). Ад 1975 году служыў у МЗС БССР.
У незалежнай Беларусі быў намесьнікам прадстаўніка краіны ў ААН (1991–1992), часовым павераным і амбасадарам у ЗША (1992–1997), першым намесьнікам міністра замежных спраў (1997–2001) і амбасадарам у Бэльгіі (2001–2003).
Мартынаў быў на пасадзе міністра амаль дзесяць гадоў. Лукашэнка казаў, што ён сам прасіў аб адстаўцы. «Гэта разумны чалавек, яго дзеяньні не выклікалі ў мяне алергіі», – так арыгінальна Лукашэнка разьвітваўся са сваім міністрам. Мартынаву адразу пасьля адстаўкі ўручылі Ордэн Айчыны ІІІ ступені.
Вельмі хутка пасьля звальненьня зь дзяржаўнай працы Мартынаў знайшоўся ў расейскім бізнэсе: ён стаў кіраўніком прадстаўніцтва «Руснефть» (належыць Міхаілу Гуцэрыеву) у Беларусі.
Уладзімер Макей: памёр на пасадзе
64 гады, працаваў міністрам з 2012-га па 2022-ы.
Нарадзіўся ў вёсцы Некрашэвічы Карэліцкага раёну. У савецкі час служыў у выведцы, даслужыўся да палкоўніка. Ад 1993-га на службе ў МЗС. Папрацаваў у прадстаўніцтве Беларусі ў Радзе Эўропы, быў памочнікам Лукашэнкі, кіраўніком Адміністрацыі прэзыдэнта.
Зь імем Макея зьвязваюць палітычную лібэралізацыю 2015–2020 гадоў. Макей лабіяваў увядзеньне бязьвізавага наведваньня Беларусі грамадзянамі Эўразьвязу, ЗША і іншых краін. Праводзіў у міністэрстве Дні вышыванак, чытаньне вершаў па-беларуску.
У 2020 годзе Макей падтрымаў Лукашэнку ў часе шматтысячных пратэстаў супраць фальсыфікацый выбараў. З таго часу ягоныя кантакты з эўрапейскімі калегамі сталі больш абмежаванымі. У пачатку 2022 году Макей абяцаў, што расейскія войскі пакінуць Беларусь пасьля вучэньняў, а ня будуць пагражаць Украіне.
Уладзімер Макей раптоўна памёр 26 лістапада. Прычыны сьмерці дыплямата ўсё яшчэ не называюцца. Быў пахаваны 29 лістапада на Ўсходніх могілках Менску.
Хто замест?
Найбольш часта сярод магчымых пераемнікаў Макея называюць імёны намесьніка кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Максіма Рыжанкова, намесьнікаў міністра Сяргея Алейніка і Юрыя Амбразевіча, а таксама прадстаўніка Беларусі ў ААН Валянціна Рыбакова.