Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі прызнаюць «экстрэмісцкімі» мапы, «якія аспрэчваюць яе тэрытарыяльную цэласнасьць». Што на гэтых мапах


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Урад Расеі даў станоўчы водгук на законапраект, які прыраўняе да экстрэмісцкіх матэрыялаў мапы, «якія аспрэчваюць тэрытарыяльную цэласнасьць Расеі», гэта значыць тыя, дзе анэксаваныя ўкраінскія тэрыторыі не пазначаны як расейскія.

Аб гэтым паведамляе ТАСС са спасылкай на яшчэ не апублікаваны дакумэнт.

Законапраект, унесены ў Дзярждуму пасьля аб’яўленай расейскімі ўладамі анэксіі чатырох абласьцей Украіны восеньню, ужо прайшоў першае чытаньне. Як гаворыцца ў тлумачальнай запісцы да законапраекту, «апошнім часам актыўна распаўсюджваюцца мапы і іншыя выявы, дзе аспрэчваецца тэрытарыяльная прыналежнасьць Крыма, Курыльскіх астравоў, іншых тэрыторый Расеі».

Законапраект прапануе забараніць распаўсюджваньне такіх мапаў і ўвесьці за яго адміністрацыйнае пакараньне — для грамадзян да 15 сутак арышту або штраф, для юрыдычных асоб — прыпыненьне працы або штраф ад 100 тысяч да мільёна расейскіх рублёў.

Прыналежнасьць Расеі чатырох паўднёвых Курыльскіх астравоў аспрэчвае Японія; спрэчка не ўрэгулявана з моманту заканчэньня Другой сусьветнай вайны. Хоць СССР выказваў гатоўнасьць вярнуць Японіі сама меней два выспы, улады Расеі заяўляюць, што не гатовыя ні да якіх кампрамісаў.

У 2014 годзе Расея анэксавала ўкраінскую Аўтаномную рэспубліку Крым і горад Севастопаль. Анэксія не была прызнана пераважнай большасьцю краін сьвету.

У 2022 годзе, пасьля захопу часткі ўкраінскай тэрыторыі Расея абʼявіла аб анэксіі Данецкай, Луганскай, Запароскай і Хэрсонскай абласьцей Украіны. Ніводная з гэтых абласьцей цалкам не кантралюецца расейскім войскам. Да канца ня ясныя і межы, якія Расея зараз лічыць сваімі (і якія павінны быць адлюстраваны на мапах, каб іх не прызналі экстрэмісцкімі). З большасьці выказваньняў афіцыйных асоб вынікае, што гаворка ідзе пра адміністрацыйныя межы абласьцей.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG