Міністэрства замежных справаў Японіі ўпершыню з 2003 году назвала паўднёвыя Курыльскія астравы незаконна акупаванай тэрыторыяй Японіі. Пра гэта паведамляюць агенцтва Kyodo і тэлеканал NHK.
Такое вызначэньне зьмяшчаецца ў новым выпуску «Сіняй кнігі дыпляматыі» — урадавага даведніка аб замежнай палітыцы краіны, які МЗС Японіі штогод выдае з 1957 году. У абноўленую вэрсію даведніка, які быў прэзэнтаваны 22 красавіка, таксама ўключылі формулу аб тым, што Курыльскія астравы — «неад’емная частка Японіі». Такога апісаньня не было ў дакумэнце з 2011 году, зазначае агенцтва.
Акрамя таго, японскі МЗС асудзіў расейскае ўварваньне ва Ўкраіну, назваўшы яго «гвалтам, які падрывае асновы міжнароднага парадку ня толькі ў Эўропе, але і ў Азіі», і заявіў, што на гэтым фоне складана гаварыць аб пэрспэктывах перамоваў з Расеяй наконт заключэньня мірнай дамовы.
Крэмль аб’явіў Японію «недружалюбнай краінай»
«Японія стала недружалюбнай краінай для РФ, у гэтых умовах казаць аб працягу перамоваў аб мірнай дамове вельмі цяжка», — так пракамэнтаваў заяву Японіі аб «незаконнай акупацыі Паўднёвых Курылаў» прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў, піша Інтэрфакс.
Ён таксама пракамэнтаваў пазыцыю Японіі што да прыналежнасьці Паўднёвых Курылаў, якія Токіё называе «паўночнымі тэрыторыямі».
«Усе чатыры астравы зьяўляюцца неадʼемнай тэрыторыяй РФ», — заявіў Пяскоў.
***
Японія прэтэндуе на паўднёвыя астравы Курыльскай грады — Эторофу, Кунасіры, Сікотан і групу Хабомай, — з канца Другой сусьветнай вайны, калі яны былі анэксаваныя Савецкім Саюзам, а японцаў зь іх выселілі. У 1956 годзе Масква і Токіё падпісалі дэклярацыю аб завяршэньні ваенных дзеяньняў, аднак мірную дамову так і не заключылі.
Да 2003 году японская дыпляматыя афіцыйна называла астравы «незаконна акупаванымі», а да 2012 году — «спрадвечнымі землямі». З 2012 году ўрад унікаў такіх формулаў, спадзеючыся дасягнуць кампрамісу з Расеяй.
У пачатку сакавіка кіраўнік МЗС Японіі Ёсімаса Хаясі на выступе ў парлямэнце назваў гэтыя тэрыторыі «спрадвечна японскімі». Потым, на асобнай прэс-канфэрэнцыі, ён заявіў, што яны «незаконна акупаваныя». Пасьля гэтага Масква фактычна спыніла мірныя перамовы.