Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША зноў заклікалі Расею спыніць атакі на Ўкраіну і вывесьці войскі зь яе тэрыторыі


Прадстаўнік Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША Нэд Прайс
Прадстаўнік Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША Нэд Прайс

У Дзяржаўным дэпартамэнце ЗША мяркуюць, што пляны Крамля падарваць трансатлянтычнае адзінства выклікалі іншы вынік.

Прадстаўнік Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША Нэд Прайс заклікаў Расею спыніць баявыя дзеяньні ва Ўкраіне і вывесьці свае войскі з украінскай тэрыторыі.

«Мы заклікаем Расею спыніць атакі, вывесьці войскі з Украіны і абвясьціць аб сваёй прыхільнасьці міру ў 2023 годзе», — заявіў Нэд Прайс, якога цытуе «Голас Амэрыкі».

Прадстаўнік ЗША нагадаў, што з пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну тысячы ўкраінскіх грамадзян загінулі, атрымалі раненьні або сталі ахвярамі ваенных злачынстваў, учыненых Расеяй і фармаваньнямі, якія яна падтрымлівае на акупаваных тэрыторыях.

Паводле яго, цяпер ва Ўкраіне налічваецца 5,9 мільёна ўнутрана перамешчаных грамадзян і больш за 7,8 мільёна ўцекачоў, якія выехалі з краіны.

«Аднак пляны Крамля раскалоць трансатлянтычнае адзінства атрымалі іншы эфэкт. Мы з нецярпеньнем чакаем далучэньня Фінляндыі і Швэцыі да альянсу NATO, хаўрусу, які стаў мацнейшым і больш мэтанакіраваным, чым калі-небудзь раней. Эўразьвяз і NATO цалкам адданыя падрымцы Ўкраіны», — заявіў Нэд Прайс.

Прадстаўнік Дзярждэпартамэнту нагадаў, што 29 сьнежня прэзыдэнт Джо Байдэн падпісаў закон аб дадатковай падтрымцы Ўкраіны, які прадугледжвае выдзяленьне 44,9 мільярда даляраў на ліквідацыю наступстваў вайны.

«Хоць сьвяты традыцыйна зьяўляюцца часам урачыстасьцяў і міру, Расея вырашыла ўзмацніць сваю кампанію па выкарыстаньні зімы як зброі, падвяргаючы жыхароў Украіны шквалам ракетных удараў, а гарады і аб’екты крытычнай інфраструктуры — атакамі дронаў. Але спробы Крамля запалохаць украінцаў цярпяць крах. На тле гукаў сірэн і нявызначанасьці паўсядзённага жыцьця ўкраінскі народ шануе сваіх герояў і адзначае посьпехі на полі бою», — заявіў Нэд Прайс.

Рэакцыі ў Маскве на гэтую заяву няма.

У 2022 годзе ўкраінскія вайскоўцы вызвалілі 40% тэрыторый, акупаваных пасьля 24 лютага, і 28% усіх акупаваных тэрыторый.

Пра гэта паведаміў галоўнакамандуючы Ўзброеных сіл Украіны Валерый Залужны.

У лютым 2022 году Расея пачала поўнамаштабнае ўварваньне ва Ўкраіну, атакуючы з поўначы, усходу і поўдня.

У 2022 годзе былі праведзены пасьпяховыя контранаступы ўкраінскіх войскаў, расейскія войскі былі адкінутыя з Кіеўшчыны, амаль з усёй Харкаўскай вобласьці і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці. Аднак расейская армія працягвае наступаць на Ўкраіну, наносячы масіраваныя ўдары з выкарыстаньнем ракет і бесьпілётнікаў, у прыватнасьці па крытычнай інфраструктуры.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG