Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЧБ-сьцяжок на пінжаку, сын Альгерд. Расказваем гісторыю любімага гісторыка Лукашэнкі


Ігар Марзалюк, каляж
Ігар Марзалюк, каляж

Адзін з самых зацятых прапагандыстаў дзейнай улады Ігар Марзалюк выйшаў з апазыцыйнай сацыял-дэмакратычнай партыі. Крытыкаваў акупацыю Крыму ў 2014 годзе, а цяпер маўчыць пра вайну ва Ўкраіне.

Гісторыя ўзыходжаньня

18 чэрвеня 2008 году Аляксандар Лукашэнка прыехаў у Магілёў, каб узяць удзел у цырымоніі ўрачыстага адкрыцьця магілёўскай ратушы. Лукашэнку ў гэтай паездцы суправаджаў 40-гадовы выкладчык Магілёўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Ігар Марзалюк.

Захаваліся здымкі, на якіх Лукашэнка і тагачасны кіраўнік Магілёўскай вобласьці Барыс Батура літаральна разявіўшы рот слухаюць лекцыю ад магілёўскага гісторыка. Людзі, якія добра ведалі Марзалюка яшчэ з пачатку 1990-х, кажуць, што гэта быў вырашальны момант у ягонай біяграфіі. Пасьля гэтай сустрэчы кар’ера выкладчыка імкліва пайшла ўгору.

«Дзіця 17 верасьня»

Ігар Марзалюк нарадзіўся ў 1968 годзе ў раённым цэнтры Краснапольле Магілёўскай вобласьці. Ягоныя бацькі і сёньня жывуць у мястэчку Леніна на Краснапольшчыне. З Магілёўшчыны родам маці гісторыка, а вось бацька са Стаўпецкага раёну. Таму апошнім часам ён часта называе сябе «дзіцем 17 верасьня», маўляў, бяз тых падзей 1939 году яго б увогуле не было на сьвеце. Бацькі працавалі настаўнікамі, прычым бацька выкладаў менавіта гісторыю.

Леніна, дзе прайшло дзяцінства Марзалюка, — гэта самы-самы ўсход Беларусі, усяго за некалькі дзясяткаў кілямэтраў да Браншчыны. Да 1967 вёска называлася Гніліца, але назву палічылі немілагучнай, таму назвалі ў гонар лідэра пралетарыяту.

«Служыў у спэцназе»

Са школы ў Марзалюка было вялікае захапленьне гісторыяй, таму і выбар з паступленьнем быў адназначны — гістфак Магілёўскага пэдагагічнага інстытуту. З другога курсу хлопца забралі ў армію.

Падчас аднаго з эфіраў на дзяржаўнай тэлевізіі Марзалюк казаў свайму апанэнту, культуролягу Вадзіму Мажэйку:

«Я два гады адслужыў у спэцназе, я гэтым ганаруся».

На самой справе Марзалюк праходзіў службу ў 1987–1989 гадах у 120-й асобнай гвардзейскай мэханізаванай брыгадзе, якая базуецца ва Ўруччы. Перад гэтым ён прайшоў «вучэбку» ў Печах, што пад Барысавам, атрымаў там спэцыялізацыю «мэханік-кіроўца». Вайсковым спэцназам 120-ю брыгаду назваць нельга, гэта звычайнае мотастралковае падразьдзяленьне. У яго склад могуць уваходзіць толькі невялікія атрады выведкі альбо дывэрсійныя групы.

Падзеі з распадам Савецкага Саюзу Марзалюк сустрэў студэнтам старшых курсаў ВНУ. Затым вучыўся ў асьпірантуры і абараніў кандыдацкую ў Інстытуце гісторыі НАН.

Быў сябрам БСДГ

«Калі я ўпершыню пазнаёміўся з Марзалюком у пачатку 1990-х, то ён мяне вельмі ўразіў. Гэта быў сапраўдным фанатык гісторыі! Ён толькі і мог гаварыць пра розныя гістарычныя падзеі і постаці», — кажа іншы вядомы ў Беларусі гісторык, які папрасіў не называць яго імя.

У той самы час Ігар Марзалюк становіцца сябрам Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады. Ня трэба блытаць з сучаснай БСДГ, якую ўзначальвае Сяргей Чэрачань, а раней кіраваў Станіслаў Шушкевіч. Гэта зусім іншая арганізацыя, прадаўжальніцай якой зьяўляецца Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (кіраўнік Ігар Барысаў).

Кіраўніком БСДГ на той момант быў славуты археоляг Міхась Ткачоў, ураджэнец Амсьціслава на Магілёўшчыне. Шмат у чым Марзалюк працягнуў ягоную працу ў раскопках на Магілёўшчыне.

Мала таго, Марзалюк быў ня проста шараговым сябрам БСДГ, але і нейкі час быў намесьнікам кіраўніка Магілёўскай абласной арганізацыі БСДГ. Захаваўся фрагмэнт выступу Ігара Марзалюка на адным зь мітынгаў таго часу, на грудзях юнака быў бел-чырвона-белы значок, а гаварыў ён пра адвечныя войны Беларусі і Расеі.

Ёсьць распаўсюджаны міт, які падтрымлівае і сам Марзалюк, калі кажа, што быў прыхільнікам «бээнэфаўскай ідэалёгіі», што гісторык таксама прайшоў праз грамадзкі рух БНФ «Адраджэньне». Мы ўдакладнілі ў сяброў БНФ, ці праўда гэта.

«Марзалюк ніколі ня быў у шэрагах ніводнага з утварэньняў БНФ», — адказалі Свабодзе.

«Сыходжу ад палітычных імпатэнтаў»

Выступ у Ратушы для Лукашэнкі ня быў выпадковым. Менавіта гісторыя гарадзкога жыцьця найбольш цікавілі Марзалюка.

«Мне заўсёды назаляла мроя Беларускага гораду. Мне хацелася прачытаць горад як тэкст, празь які гісторык спрабуе зразумець мэнтальнасьць людзей, якія назаўжды адышлі ў Лету», — пісаў Марзалюк у «Нашай ніве» ў 1994 годзе.

У іншым нумар за той самы год Марзалюк пісаў, што магілёўская моладзь у 1863 годзе «сьпявала патрыятычныя гімны ды ішла ў паўстанцкія атрады», а пра БНР піша як пра «адзіную законную ўладу ў Беларусі» ў 1918 годзе.

Зрэшты, ужо ў канцы 1990-х Марзалюк выходзіць з БСДГ.

«Ён нам патлумачыў, што сыходзіць ад палітычных імпатэнтаў. Як бачым, сышоў да сапраўднага мача», — сьмяецца адзін з сталых сацыял-дэмакратаў.

Іншы сябра БСДП кажа:

«Ён неяк сказаў мне, што расчараваўся ў ідэях сацыял-дэмакратыі. І цяпер бліжэй да цэнтрызму. Наколькі я зразумеў, цэнтрызм у ягоным выкананьні — гэта „Белая Русь“. Мара Марзалюка, якую ён агучваў, — каб у Беларусі было дзьве партыі, як у ЗША».

У пачатку 2000-х гадоў Марзалюк ніяк ня ўдзельнічаў ужо ў палітычным жыцьці Магілёва, але браў удзел у жыцьці грамадзкім. Быў частым госьцем розных імпрэзаў.

У 2001 годзе становіцца заснавальнікам і дырэктарам «Магілёўскага краязнаўчага таварыства імя Еўдакіма Раманава». Цікава, ці было б гэтае НДА ліквідаванае ў 2021 годзе, калі б дажыло да гэтых дзён.

«Марзалюк ніколі не хаваў, што браў грошы ў Фонду Сораса, тады яму гэта не замінала», — кажа адзін магілёўскі апазыцыянэр.

«У яго больш няма ідэй»

У 2003 годзе Марзалюк абараніў доктарскую дысэртацыю. Ад 1996 году быў выкладчыкам Магілёўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, ад 2003-га — загадчык катэдры археалёгіі. Аўтар многіх гістарычных артыкулаў і кніг.

Як археоляг Марзалюк шмат працаваў у Шклове, Быхаве, Амсьціславе. На пытаньне, ці добры Марзалюк гісторык, іншы вядомы ў краіне экспэрт адказвае так:

«Як кажуць літаратары, выпісаўся. У яго больш няма ідэй, няма натхненьня, таму, мне здаецца, ён і пайшоў у палітыку».

Як гісторык Ігар Марзалюк зьяўляецца прыхільнікам «славянскай» тэорыі паходжаньня беларусаў. Ён часта крытыкаваў альтэрнатыўную «балцкую» вэрсію, якую адстойваў у тым ліку Аляксей Дзермант. Цяпер Марзалюк і Дзермант часта дуэтам выступаюць на розных прапагандысцкіх шоў.

«Расея разбурыла ўсходнеславянскае адзінства»

У 2012 годзе Марзалюка вылучаюць кандыдатам у дэпутаты Савету Рэспублікі ад Магілёўшчыны. Дэпутатамі верхняй палаты парлямэнту звычайна становяцца роўна тыя людзі, каго і вылучаюць. Так і адбылося ў выпадку з Марзалюком. Гісторык стаў выступаць па-беларуску ў парлямэнце, на тэлебачаньні. Больш за тое, ён нават абвінавачваў апазыцыю ў тым, што яна рэдка выкарыстоўвае беларускую мову.

У 2016 годзе Марзалюк ужо стаў вылучацца кандыдатам у Палату прадстаўнікоў па Магілёве. Але яшчэ перад выбарамі трапіў у скандал, калі заявіў, што «анэксіяй Крыму і дзеяньнямі на Данбасе Расея разбурыла ўсходнеславянскае адзінства». На словы Марзалюка рэагавала пасольства Расеі, яе абсмоктвалі расейскія шавіністычныя сайты. Але стаць дэпутатам гісторыку гэта не перашкодзіла.

Перад выбарамі ў падтрымку Марзалюка быў запісаны беларускамоўны рэп.

«Людзі пытаюцца, хто такі Марзалюк. Хто такі Марзалюк, хто такі Марзалюк? Я адкажу на гэтае пытаньне пад біту грук», — чытаў па-беларуску рэпэр Зьміцер Белабровік.

Падчас дармаедзкіх пратэстаў 2017 году дэпутат Марзалюк выходзіў да людзей, дзе праз мэгафон казаў, што іх дзеяньне можа прывесьці да страты тэрытарыяльнай цэласнасьці краіны. Увогуле вуснамі Марзалюка часам дазвалялася адпускаць шпількі ў бок Масквы. Напрыклад, даць адлуп за знос помніку Пушкіну ў Магілёве, ці крытыкай расейскай тэлевізіі.

Супраць бел-чырвона-белага сьцяга і «Жыве Беларусь»

У 2019 годзе Ігар Марзалюк стаў сапраўдным мэмам, калі зацята аплядаваў Аляксандру Лукашэнку падчас яго выступу ў парлямэнце. А ў нейкі момант нават пусьціў сьлязу. У той жа год ён быў перавыбраны ў парлямэнт.

Падчас падзей 2020 году Марзалюк рашуча падтрымаў дзеяньні ўладаў. У інтэрнэце было відэа, дзе дэпутат Марзалюк у першыя дні пасьля 9 жніўня ішоў па менскіх вуліцах зыгзагамі. Сам Марзалюк сказаў, што ня быў п’яным, а перанёс інсульт на нагах ад пагроз у Telegram.

«Беларусь — сытая краіна, людзі не разумеюць, як лёгка могуць праваліцца ў бездань вайны, холаду і голаду», — казаў ён у падтрымку Лукашэнкі. Больш за тое, Марзалюк стаў выступаць супраць бел-чырвона-белага сьцяга і воклічу «Жыве Беларусь». Уваходзіў у склад камісіі, якая распрацоўвала зьмены ў Канстытуцыю.

Сын Альгерд

«Марзалюк мае пэўны ўплыў на Лукашэнку, — кажа ўжо цытаваны вышэй гісторык. — Думаю, пад яго ўплывам прызначалі рэктараў Магілёўскага і Горадзенскага ўнівэрсытэтаў. Шмат у чым у сваіх гістарычных ацэнках Лукашэнка грунтуецца менавіта на поглядах Марзалюка».

Апошнія гады палітыку Расеі дэпутат ніяк не крытыкуе. Гэтаксама ён ніяк не падтрымаў Украіну ў вайне з Расеяй.

Ігар Марзалюк жанаты. Жонка Алена — старшая навуковая супрацоўніца Магілёўскага гістарычнага музэю.

«У Марзалюка шмат у чым клясычная гісторыя „шэршэ ля фам“, менавіта жонка яго ўвесь час падбухторвала выбівацца ў людзі, пераяжджаць у Менск, падтрымліваць уладу», — кажа магілёўскі апазыцыянэр.

У Марзалюкоў адзін сын Альгерд, 2002 году нараджэньня. На яго старонцы ў сацыяльнай сетцы Linkedin напісана, што ён зьяўляецца мэнэджарам па працы з кліентамі ў «Беларусбанку».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG