Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзеці ў ЗША, быў вызвалены ад вывучэньня беларускай мовы. Адкуль узяўся прапагандыст Андрэй Мукавозчык


Андрэй Мукавозчык. Каляж
Андрэй Мукавозчык. Каляж

Калюмніста «Советской Белоруссии» Андрэя Мукавозчыка дзяржава шануе і заахвочвае рознымі ўзнагародамі. У 2020 годзе ён атрымаў «Залатое пяро» ў намінацыі «Найлепшы аўтарскі праект у інтэрнэце і сацыяльных сетках». У 2021 журналісту нават далі мэдаль «За працоўныя заслугі».

Мукавозчык — адзін з самых заўзятых прапагандыстаў дзяржаўных СМІ. Ягоныя калёнкі ў газэце Адміністрацыі прэзыдэнта «Советская Белоруссия» амаль заўсёды прысьвечаныя праціўнікам рэжыму.

Вось толькі частка эпітэтаў, якія Мукавозчык выкарыстоўвае, калі піша пра апазыцыю, грамадзкіх дзеячоў, навукоўцаў, журналістаў: «убогие», «петюни-петушки», «обезумевшие крысы», «стервятники», «падальщики», «свора интеллектуальных бомжей», «клоуны новоявленной рады». Мукавозчык часта цытуе Сталіна, заклікае да яшчэ большых рэпрэсій, а таксама нярэдка зьдзекуецца зь беларускай мовы.

Свабода паглядзела, адкуль узяўся Андрэй Мукавозчык, і прасачыла за эвалюцыяй яго поглядаў.

Называе сябе «бульбашом»

Андрэй Мукавозчык нарадзіўся ў 1963 годзе ў расейскім Новасібірску, але амаль усё жыцьцё пражыў у Менску. Сам пра сябе ён пісаў так: «Беларус, які нарадзіўся ў Новасібірску, бульбаш, мая радня па адной галінцы — з-пад Арла, другая — з-пад Барнаула, а карані — пад Чэрвенем»..

Мукавозчык хадзіў у школу № 95 на вуліцы Карастаянавай у Менску. Як ураджэнца Расеі яго вызвалілі ад вывучэньня беларускай мовы, у СССР была такая практыка. «Я тады радаваўся, а цяпер шкадую. Сёньня калегі мне кажуць, калі ты размаўляеш па-беларуску, то такое ўражаньне, што ты зьдзекуесься. А я ніяк не магу ўцяміць: я ж размаўляю ня горш за тых, хто гаворыць на Камароўскім рынку», — казаў ён у інтэрвію «Настаўніцкай газеце».

У школе ж захапіўся фізыкай, паступіў на фізфак БДУ. Па сканчэньні ВНУ тры гады працаваў у Інстытуце цепла- і масаабмену Акадэміі навук. Але тады зьявілася новае захапленьне — КВЗ (Клюб вясёлых і знаходлівых).

Цэнзура на палітычныя жарты

«На тэлебачаньне я прыйшоў рана — яшчэ нікога там не было. А калі сур’ёзна, то мяне туды ніхто не запрашаў. У 1987 годзе КВЗ быў узноўлены на дзяржаўным тэлебачаньні. У 1988-м, правёўшы ў Менску гарадзкі турнір камандаў КВЗ, я прыйшоў у рэдакцыю моладзевых праграм на БТ і прапанаваў паказваць КВЗ і ў нас», — казаў Андрэй Мукавозчык у інтэрвію БТ.

КВЗ — гэта гумарыстычная тэлевізійная перадача, дзе ўдзельнікі спаборнічаюць паміж сабой у дасьціпных адказах на зададзеныя пытаньні, імправізацыях, разыгрываюць загадзя падрыхтаваныя сцэнкі. Вядоўца КВЗ у Маскве — Аляксандар Масьлякоў, галоўным па беларускім КВЗ стаў Мукавозчык. Больш за тое, празь нейкі час ён стаў вядоўцам «Эўралігі».

Калі ўжываць футбольныя аналёгіі, то «Прэм’ер-ліга», якую вёў Масьлякоў, была Найвышэйшай лігай, а «Эўраліга» Мукавозчыка — клясам ніжэй, адпавядала б Першай лізе.

«Падчас гульні „Эўралігі“, дзе бралі ўдзел каманды з Ухты і Ўладзівастоку, жарты былі пра рэфэрэндум (мабыць, маецца на ўвазе рэфэрэндум у Беларусі 2004 году, калі Лукашэнка скасаваў колькасьць тэрмінаў, якія прэзыдэнт можа займаць сваю пасаду. — РС), даводзілася пераводзіць іх з палітычнай плоскасьці ў бытавую», — казаў Мукавозчык.

Ён і пазьней прызнаваўся, што пэўная палітычная цэнзура на жарты ў КВЗ існавала заўжды. Бо для кожнага жарту павінна была быць адпаведная аўдыторыя.

Дайвінг і галаданьне на гастролях

Сам Мукавозчык у пэрыяд 1990-х і 2000-х часта любіў казыраць любоўю да раскошы і прыгожага жыцьця. Напрыклад, у 2004 годзе ў інтэрвію выданьню «Комсомольская правда в Беларуси» вядучы КВЗ расказваў пра сваё захапленьне дайвінгам.

«За мяжой на экскурсіі я трачу мноства грошай. Мінулым летам адпачывалі ў Турэччыне, і самай галоўнай забавай для мяне былі выхады на яхце ў мора. І там мне аднойчы прапанавалі пагрузіцца пад ваду. Пагружэньне зрабіла на мяне вялікае ўражаньне», — казаў вядоўца.

У тым жа інтэрвію ён расказваў, што тыднёвы курс навучаньня дайвінгу каштуе 200 даляраў (сярэдні месячны заробак у краіне на той момант складаў 160 даляраў). «Можа, восеньню рванем у Эгіпет, там, кажуць, рай для дайвэраў, там на малой глыбіні нават караблі затопленыя ёсьць. А можа, на Міжземнае мора. Гэта ж трэба толькі пачаць».

У 2011 годзе Мукавозчык у інтэрвію naviny.by прызнаваўся ў любові да Італіі. «Вельмі цікава праехаць пад Новы год па ўсёй Лямбардыі і па палове Эміліі-Раманіі, засьпець новы год у Балёньні ці дождж у Вэнэцыі, калі людзі ходзяць у гумовых ботах па калена ў вадзе. А пракаціцца па тасканскіх схілах — гэта асобнае задавальненьне, можна заяжджаць у маленькія вёсачкі, каштаваць мясцовае віно, наведваць цэрквы і манастыры. Паколькі мы ня езьдзім у адны і тыя ж месцы, Італія штораз адкрываецца для нас з новага боку».

Тым ня менш у нядаўняй гутарцы з праектам «Лямпа» славуты беларускі КВЗшнік Яўген Смарыгін, які цяпер жыве ва Ўкраіне, так успамінаў пра Мукавозчыка: «Мне шкада яго, калі шчыра. Я нават пра яго ўспамінаць не хачу. Гэта вечна быў нейкі жлоб, які не плаціў нам сутачныя. Мы паехалі ў першыя гастролі па краіне. І нас не кармілі. Мы проста галадалі. Яму там нейкія сутачныя выдалі, а ён думаў, што нас арганізатары будуць карміць. Мы тыдзень езьдзілі па абласных цэнтрах нашых, і нам каманда КВЗ з Магілёва дала мех бульбы. І мы спыняліся ў лесе, пяклі бульбу. Вось у нас такія гастролі з Мукавозчыкам былі».

Публічны канфлікт з Масьляковым

У 2007 годзе між Андрэем Мукавозчыкам і Аляксандрам Масьляковым пачаўся гучны канфлікт. Масьлякоў, які перад гэтым зарэгістраваў брэнд КВЗ у Жэнэве, патрабаваў ад Мукавозчыка не выкарыстоўваць гэтыя літары ў сваіх перадачах.

А перад гэтым Мукавозчык запусьціў на беларускім тэлебачаньні перадачу «Вот так шоу», дзе стаў выкарыстоўваць беларускіх КВЗ-шнікаў. У Маскве гэта не спадабалася, зь беларускага праекту патрабавалі грошай. Мукавозчык даводзіў, што праект некамэрцыйны, і нават выйграў суд.

У той пэрыяд адразу 194 гульцы беларускага КВЗ выступілі з адкрытым лістом супраць Мукавозчыка.

«Ствараецца ўражаньне, што ўвесь беларускі КВЗ паўстаў супраць ТТА „Амік“ (кампанія Масьлякова. — РС). На справе ж гаворка вядзецца пра асабістыя амбіцыі і фінансавыя інтарэсы аднаго чалавека, які практычна ў адзіноце надалей спрабуе вяршыць лёсы беларускага КВЗ, рэальна нікога не прадстаўляючы», — гаварылася ў заяве.

Адметна, што на хвалі тых падзей Андрэй Мукавозчык зладзіў прэс-канфэрэнцыю ў офісе tut.by, якую вяла галоўная рэдактарка Марына Золатава. Фатаграфаваў тое мерапрыемства ня хто іншы, як Антон Матолька. Ужо потым Мукавозчык пачне ліць бруд і на Золатаву з tut.by, і на Матольку.

Цікавымі выглядаюць некаторыя тэзы з той «прэсухі» Мукавозчыка: «Гэта наша тэрыторыя, і мы нікога сюды пускаць ня хочам. Не чапайце нас, а ў сябе рабіце што хочаце», «Ну не хачу я, каб нас вучылі тыя, хто тут не жыве».

Тым ня менш напрыканцы 2009 году Мукавозчык такі сышоў з пасады кіраўніка праўленьня «Беларускага КВЗ». У гэтай бітве з Масьляковым перамагчы яму не ўдалося.

«Папрашу дэмакратызатар у рукі»

Пасьля гэтага пачынаецца кар’ера Мукавозчыка ў якасьці журналіста. Першапачаткова Мукавозчык разам з Аляксандрам Дамарацкім вялі бяскрыўдную перадачу «Культпросвет» на тэлеканале «Беларусь-3», потым яна перакачавала на старонкі газэты «Советская Белоруссия».

Але апэтыт прыйшоў у час яды. Прыкладна ад 2017 году Мукавозчык пачынае спэцыялізавацца ў паліваньні брудам апанэнтаў улады. За артыкул «Анархия, мать…» на яго нават падаваў у суд былы палітвязень і журналіст Мікола Дзядок. У публікацыі Дзядка называлі «гопнікам» і «бакланам». Суд стаў на бок Мукавозчыка.

У 2020 годзе навыкі Мукавозчыка сталі асабліва запатрабаванымі. Вось некалькі цытат зь яго артыкулаў таго часу: «Чэснае слова, яшчэ крыху павырабляюцца — сам пайду ў АМАП, папрашу берцы моцныя і дэмакратызатар у рукі», «Хачу сказаць усёй нашай крэатыўнай фэйсбучнай клясе. Вы гатовыя да таго, што ў вашай сям’і, у вашым доме, у вашым асяродзьдзі кагосьці ня стане? Рыхтуйцеся», «На белацапкальную стужку так хутка і проста дапісаць „Hilfspolizei“ ці „штутгартфюрэр“. Ссунь яе вышэй да пляча — і лёгіка падзей сама прывядзе да лягераў і гета».

Менавіта ў гэты час Мукавозчыка пачынаюць абдорваць дзяржаўнымі ўзнагародамі. Выходзяць ягоныя кнігі «Революция мокрых штанов», «Корни и корнееды». Мукавозчыка прымаюць у афіцыйны Саюз пісьменьнікаў.

Дзеці ў Вірджыніі

У Андрэя Мукавозчыка чацьвёра дзяцей: двое ад першага шлюбу і двое ад другога.

«У мяне двое дарослых дзяцей і двое зусім маленькіх. Тым дарослым, шчыра кажучы, я моцна недадаў, як і ўсе маладыя бацькі. Гэта шкадаваньне аб тым, чаго ня вернеш. Я стараюся даць сваім малым дзецям усё і яшчэ крышачку», — казаў Мукавозчык у інтэрвію на «Беларусь-1».

У той самай гутарцы прапагандыст сказаў, што старэйшая дачка яго моцна падтрымлівае ў палітычнай пазыцыі, а вось сын — нэўтральны.

Свабода адшукала старэйшых дзяцей Мукавозчыка. Пакуль бацька крытыкуе ЗША і абяцае ім скон, ягоныя старэйшыя дзеці даўно жывуць у Штатах.

Дачка Марыя жыве ў гарадку Вена, штат Вірджынія, зусім побач з Вашынгтонам. Яна працуе мэнэджарам воднай інфраструктуры ў кампаніі Amazon Web Services (AWS). Адукацыю дзяўчына атрымлівала ў Нью-Ёрку. А ў Штатах агулам жыве больш за 15 гадоў.

І хоць Мукавозчык кажа, што дачка яго вельмі падтрымлівае, ад пачатку ваеннай агрэсіі Расеі ва Ўкраіне яна лайкае шмат допісаў у падтрымку Ўкраіны ў сацыяльнай сетцы LinkedIn.

Сын Міхаіл таксама жыве ў штаце Вірджынія. У сацыяльных сетках ён не актыўны.

З дапамогай «Кібэрпартызанаў» Свабода дазналася, што за апошнія дзесяць гадоў на Мукавозчыка было складзена больш за 20 адміністрацыйных пратаколаў за перавышэньне хуткасьці і паркоўку ў неналежных месцах.

Ва ўласнасьці прапагандыста аўтамабіль Lexus RX300, а таксама некалькі кватэр у Менску.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG