Ствараў нэанацысцкія арганізацыі і заснаваў прарасейскую партыю
Шмат гадоў у якасьці экспэрта «ў Польшчы» прапагандысты выкарыстоўваюць Матэвуша Піскорскага. Ён някепска размаўляе па-расейску і, галоўнае, гаворыць менавіта тое, чаго ад яго чакаюць прапагандысты.
Напрыклад, расказвае, што ў Польшчу вяртаюцца галодныя 90-я гады.
«Інфляцыйныя зьявы насамрэч вярнулі нас у той стан, у якім мы знаходзіліся напрыканцы 90-ых, у так званыя „ліхія 90-я“. Што тычыцца эканамічных паказьнікаў, пра гэта ўжо кажуць публічна шматлікія экспэрты і эканамісты ў Польшчы, мы па-сутнасьці практычна анулявалі ўсе эканамічныя дасягненьні, якія ў нас усё ж такі былі», — кажа Піскорскі ў інтэрвію агенцтву Белта.
Ён не агучвае ніякіх дасьледаваньняў, не імёнаў экспэртаў, на якіх спасылаецца, ані статыстычных дадзеных.
Факты ягоных словаў не пацьвярджаюць. У трэцім квартале 2022 году ВУП Польшчы быў на 3,5 працэнта вышэйшы ў рэальным вымярэньні, то бок, з улікам інфляцыі вышэйшы, чым годам раней. А сам узровень інфляцыі за год у Польшчы меншы, чым у Беларусі. Дык хто вяртаецца ў 90-я?
Ад пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіне прапагандысцкія каналы запрашаюць Піскорскага, каб маляваць катастрафічныя сцэнары ў сувязі з украінскімі ўцекачамі ў Польшчы.
«Я думаю, што ў бліжэйшы час нічога добрага гэтых людзей тут не чакае. Ужо цяпер зьяўляецца інфармацыя пра тое, што ўцекачы, якія сапраўды разьлічвалі, што атрымаюць у Польшчы больш-менш добраплатную працу, ня змогуць такую працу знайсьці, таму што ўжо адчуваюцца наступсты эканамічнага крызісу, — кажа Піскорскі. — Многія лічылі, што ў Польшчы яны змогуць; ыць лепш, чым ва Ўкраіне, але гэтыя надзеі зьнікаюць».
Гэта ўрывак з інтэрвію, запісанага на пачатку лета. Польшча прыняла найбольш уцекачоў з Украіны ў Эўропе. У пікавы момант іх было амаль 3,5 мільёна, цяпер мільён. На дапамогу ім польскі ўрад выдаткаваў больш за 1 мільярд эўра. Кожны ўцякач з Украіны атрымліваў фінансавую дапамогу. Такую дапамогу мелі і палякі, якія прымалі ўцекачоў у сябе дома. Цяпер, калі Расея зьнішчае энэргетычную сыстэму Ўкраіны і ўкраінцам пагражае складаная зіма, польскія ўлады падрыхтавалі 200 тысяч месцаў для пражываньня.
Піскорскі расказвае ў эфірах прапагандыстам, што імідж Беларусі ў Польшчы мяняецца на пазытыўны, што большасьць палякаў цешыцца бязьвізу, які ўвёў Менск, і нават называў гэта гуманітарнай дапамогай палякам. Ён таксама сьцьвярджаў, што Захад хоча зьнішчыць Беларусь, бо зайздросьціць яе посьпехам і ўнікальнай сыстэме.
А хто ўвогуле такі гэты Піскорскі?
У маладосьці ён ствараў у родным Шчэціне моладзевыя нэанацысцкія арганізацыі The Temple of Fullmoon і The Black Order, выдаў часопісы, у якіх нахвальваўся Адольф Гітлер і адмаўляўся Галакост. Быў зьвязаны з нэапаганскай арганізацыяй Niklot і прапагандаваў славянскі нацыяналізм. У арганізацыі ёсць сайт, там можна даведацца шмат цікавага, напрыклад пра тое, што яны супраць змешваньня расаў або што арганізацыя лічыць «публічнае выкананьне сьмяротнага пакараньня справядлівым у імя ўсяго народу» за крыўды супраць яго прадстаўнікоў. Чальцы гэтай арганізацыі прымаюць язычніцкія імёны і ўдзельнічаюць у антыэмігранцкіх мітынгах.
Сам Піскорскі пісаў пра свае мары аб «славянскай імпэрыі белай расы». Нехта можа справядліва запярэчыць, маўляў, чаго ж не рабілася ў маладосьці.
У 2015 годзе Піскорскі быў дэпутатам ад папулісцкай партыі «Самаабарона», якую ўзначальваў Анджэй Лепэр. На радзіме яго называлі «польскім Лукашэнкам». Дарэчы, яны сустракаліся. У 2004 годзе, калі адбываўся рэфэрэндум аб пажыцьцёвай магчымасьці Лукашэнкі балятавацца на выбары прэзыдэнта, Лепэр прыехаў у Менск і асабіста заклікаў падтрымаць Лукашэнку. Але ў 2007 годзе партыя Лепэра на выбарах праваліліся, набраўшы ўсяго 1,5%. Ён вымушана пакінуў палітыку, спрабаваў заняўцца бізнэсам, меў шмат пазык, а ў 2011 годзе скончыў жыцьцё самагубствам.
Піскорскі некаторы час быў сольным гульцом. У 2014 годзе ён сустракаўся з прарасейскімі сэпаратыстамі на Данбасе і быў назіральнікам на так званым рэфэрэндуме ў Крыме.
Праз год пасьля гэтага Піскорскі стварыў уласную партыю, пракрамлёўскую «Зьмену». Ніякіх посьпехаў яна ня мела, у сацапытаньні, дзе прысутнічаюць нават партыі зь меншай за 1% падтрымкай, не трапляла. А ў 2016 годзе яго арыштавалі і выставілі абвінавачаньне ў шпіянажы на карысьць Расеі і Кітаю. Праз два гады ён выйшаў на волю дзякуючы грашоваму дэпазыту. Піскорскі працягвае жыць у Польшчы, супрацоўнічае з прапагандысцкімі рэсурсамі ў Расеі і Беларусі, дзе расказвае пра польскі аўтарытарызм.
Тыктокерка-палітуцякачка
Ад лістапада дзяржаўныя СМІ запрашаюць у свае эфіры Юту Соф’ю Васілеўскую, якую прадстаўляюць як латышку-блогерку, якая мусіла ўцякаць з Эўразьвязу ў Беларусь і папрасіла там палітычны прытулак.
— Як так сталася, што вы апунліся ў Беларусі? Чаму менавіта ў Беларусі? — спытаў яе на пачатку сьнежня супрацоўнік беларускай тэлевізіі.
— Па-першае, мяне заўсёды штосьці сюды цягнула. Як у выніку аказалася, мой бацька быў беларусам, і мой дзед таксама быў беларусам, пра што я ня ведала ўсё жыцьцё і даведалася толькі пасьля прыезду сюды. — адказала Васілеўская.
Гэтак цягнула, што першыя 17 гадоў жыцьця Васілеўская пражыла ў Латвіі, а рэшту ў Эўразьвязе, Нямеччыне і Аўстрыі, усё жыцьцё ня ведаючы, што родны бацька быў беларусам. Пацягнула яе ў Беларусь у той момант, калі стала зразумела, што за сваю блогерскую дзейнасьць можа паўстаць перад законам. Сёлета латыскія карыстальнікі сацсетак зьвярнулі ўвагу на відэа Васілеўскай у TikTok, дзе яна абзывала Латвію фашысцкай дзяржавай і абражала латыскую мову. Яны пачалі слаць лісты працадаўцу Васілеўскай у Аўстрыі. Давайце самі паглядзім, што так абурыла землякоў блогеркі, што ж за тык-токі яна запісвала.
«Спадзяюся, што мяне пачуюць усе, хто сёньня крычаць: «акупацыя, Сталін кепскі, высылаў людзей, х..-маё. Пры саветах быў выбар, вы выбралі Сібір, дык няма на што скардзіцца. Будзьце ўдзячнымі, што засталіся жывымі. Бо калі пры расейцах былі вагоны, то пры немцах былі б газавыя камэры», — так яна зьвярталася ў адным са сваіх відэа да латышоў, якія выказваліся супраць савецкіх помнікаў у Латвіі.
Невядома дакладна, што адбылося пасьля скаргаў. Але неўзабаве Васілеўская сабрала рэчы і пераехала ў Магілёў, па яе словах, да «сваіх» — яе прытулілі гледачы ейнага тык-току.
«Я зразумела ў той момант, што жыць у Эўропе мне больш ня хочацца ды і ніхто мне ня дасьць», — скардзілася Васілеўская на БТ.
У Беларусі яна расказвае афіцыйным СМІ пра жахі жыцьця ў Эўразьвязе, дзе яна нібыта мусіла пакутаваць усё дарослае жыцьцё, пра дарагія і няякасныя прадукты, «паўсюдную прапаганду ЛГБТ», якая нібыта вынішчае Эўропу, і, вядома ж, пра тое, што ёй нельга гаварыць таго, што яна думае.
«Пра якія каштоўнасьці там можа быць гаворка, калі ў дадзены момант адбываецца адраджэньне Трэцяга Рэйху», — кажа Васілеўская.
Яна перакананая, што ў Эўропе дыскрымінуцюь расейцаў і абураная тым, што з расейцам людзі маюць права не пагаджацца, а афрыканцам, напрыклад, нельга зьвярнуць увагу на колер іх скуры.
«Там ты ня маеш права сказаць афрыканцу, што ён афрканец, што ён цёмны, што ён не такі, але ты маеш права выказаць усё, што думаеш, рускаму», — жалілася тыктокерка.
Тым ня менш, на відэа за некалькі месяцаў да ад’езду з Эўропы, Васілеўская не наракала на кепскае жыцьцё.
У Магілёве Васілеўская зьмяніла профіль. Цяпер замест жахаў пра Эўропу яна расказвае эўрапейцам пра сваё шчасьлівае жыцьцё ў Беларусі. І нават змагаецца за Латвію, ладзячы пікеты побач з консульствам гэтай краіны, скандучы «Латвія хоча свабоды».
Але праблема Васілеўскай у тым, што ў Эўропе яе мала хто можа пачуць. У Telegram яна мае ўсяго паўтары сотні падпісчыкаў. Яе сацсеткі з «эўрапейскага» пэрыяду жыцьця выдаленыя. Новыя профілі, як яна сьцьвярджае, бясконца блякуюцца па скаргах карыстальнікаў.
«Паляўнічы на Ротшыльдаў» і абаронца ад «гей-лобі»
І яшчэ коратка пра двух пэрсанажаў з экспэртнага пулу прапаганды — нямецкіх.
Овэ Шатаўэр. Байкер, актывіст, музыка, які выступае ў ролі экспэрта на дзясяткі тэмаў, у тым ліку і паставак NATO вайсковай тэхнікі Ўкраіне.
«Калі я кажу пра NATO, то адразу ўзгадваю казку пра воўка і семярых казьлянятаў. NATO для мяне — гэта воўк, які размаўляе тоненькім голасам. Генсэк Енс Столтэнбэрг прыгожа гаворыць, але гэта волас воўка, які выдае сябе за казу», — разважаў байкер Шатаўэр у інтэрівю агенцтву Белта.
БТ і іншыя прапагандысты выкарыстоўваюць Шатаўэра, каб даказаць гледачу, што немцы за крок ад галечы.
Шатаэўра выкарыстоўваюць у сваіх мэтах ня толькі бэтэшнікі. Інтэрвію зь ім робяць і расейскія дзяржаўныя СМІ (Russia Today і НТВ). Овэ ўдзельнічае ў аўтапрабегах дружбы па Расейскай Фэдэрацыі і заклікае немцаў быць сябрамі Расеі.
Хто такі Овэ? Артыкул яму прысьвяціла нямецкая газэта Tagesspiegel. У ім гаворыцца, што Шатаўэр распаўсюджвае ў Фэйсбуку тэорыі змовы пра габрэйскую сям’ю Ротшыльдаў, якая нібыта імкнецца да сусьветнага панаваньня: маўляў, Ротшыльды цяпер нясуць адказнасць за войны па ўсім сьвеце. Паводле Шатаўэра, Ротшыльды былі «каранямі ўсяго зла». Ён рэкамэндуе чытаць пра гэта антысэміцкую кнігу Эндру Керынгтана Гічкока «Банкір Сатаны».
Пры гэтым сам Шатаўэр працягвае жыць у Нямеччыне, у адрозьненьне ад чарговага экспэрта прапагандыстаў Лукашэнкі — Герта Эвэна Унгара, немца, які жыве ў Маскве і палохае, што Нямеччына на мяжы рэвалюцыі, бо людзі ўзімку мусяць выбіраць — паесьці або сагрэцца.
Тут трэба нагадаць, што палітыкаў, якія кіруюць Нямеччынай, выбралі на пачатку году самі немцы. А вось чалавека, які называе сябе Герт Эвэн Унгар, насамрэч завуць Гюнтэр Вагнэр.
Разам з групай правых палітыкаў ён зьяўляўся аўтарам сайтаў Rubikon, прысьвечаных крытыцы нямецкіх СМІ, адмаўленьню СНІДу, заклікам да некрытычнага чытаньня «Майн Кампф», кансьпіралёгіі і пагрозам у адрас Ізраілю. Вагнэр вёў блог, прысьвечаны аднаму з ідэолягаў «русского мира» Дугіну, кітайскаму лідэа Сі Цьзіньпіну. Менавіта праз гэты блог ён стаў аўтарам Russia Today. Менавіта таму ён цяпер жыве ў Маскве. Там ён вядзе тэлеграм-канал. Але падпісчыкаў у яго небагата — 350, а праглядаў на палову менш. Там ён зьмяшчае спасылкі на свае артыкулы, як, напрыклад, гэты — пра тое, што сучасная Расею стала мішэньню для ўдару «нэалібэральнага трансатлянтычнага» гей-лобі.
Для дзяржаўных СМІ ня важная кампэтэнцыя, прэстыж, аб’ектыўнасьць, плюралізм, а ў выніку прафэсіяналізм. Зорак там робяць з абсалютна маргінальных у сваіх краінах грамадзян толькі таму, што іхнія выказваньні супадаюць з мэтамі прапаганды.