Паводкі на Каляды на Філіпінах прымусілі ўлады эвакуаваць амаль 46 000 чалавек зь іх дамоў, загінулі па меншай меры восем, паведамілі ў панядзелак прадстаўнікі грамадзянскай абароны краіны. Яшчэ два чалавекі загінулі і яшчэ дзевяць зьніклі бязь вестак у выніку моцных сэзонных дажджоў, якія затапілі паўднёвы рэгіён Мінданао, дадалі чыноўнікі.
Катастрофа сапсавала ўрачыстасьці ў самае галоўнае сьвята для нацыі, якая пераважна вызнае каталіцтва.
«У некаторых раёнах вада паднялася вышэй за грудзі, але сёньня дажджы спыніліся», — паведаміў агенцтву AFP супрацоўнік грамадзянскай абароны Робінсан Лякрэ з гораду Гінгуог, на які прыйшліся 33 000 з 45 700 чалавек, эвакуаваных са сваіх дамоў.
Берагавая ахова паведаміла, што на піку паводкі выратавала больш як два дзясяткі сем’яў у гарадах Азаміз і Клярын.
Цэнтральныя і паўднёвыя Філіпіны пацярпелі ад дрэннага надвор’я, калі 110-мільённая краіна пачала доўгія калядныя вакацыі. У гэты пэрыяд мільёны людзей едуць у родныя мясьціны на сустрэчы са сваімі сем’ямі.
Філіпіны — адна з самых уразьлівых краін сьвету, калі казаць пра наступствы зьмены клімату. Навукоўцы папярэджваюць: тутэйшыя штормы становяцца ўсё больш магутнымі па меры таго, як на плянэце адбываецца глябальнае пацяпленьне. Летась на краіну абрынуўся магутны тайфун.