Рэдактар дакладу «Сьвет, які нас чакае ў 2023 годзе» Том Стэндэдж прапанаваў у брытанскім часопісе Economist 10 пунктаў, якія будуць вызначальнымі ў сьвеце налета. Прапануем іх вашай увазе ў скароце.
1. Уся ўвага на Ўкраіну. Цэны на энэрганосьбіты, інфляцыя, эканамічны рост, дэфіцыт харчаваньня – усё гэта залежыць ад таго, як пойдзе вайна ва Ўкраіне ў наступныя месяцы. Посьпехі ўкраінцаў могуць падарваць пазыцыі Ўладзіміра Пуціна, але найбольш імаверна, што створыцца тупіковая сытуацыя. Расея паспрабуе зацягнуць канфлікт у надзеі, што праблемы з энэрганосьбітамі і палітычныя зьмены ў ЗША падарвуць заходнюю падтрымку Ўкраіны.
2. Насоўваюцца эканамічныя крызісы. Асноўныя эканомікі сьвету напаткае спад, бо цэнтральныя банкі падымуць працэнтныя стаўкі, каб стрымаць інфляцыю, выкліканую пандэміяй і ростам цэнаў на энэрганосьбіты. Эканамічны крызіс у ЗША будзе адносна мяккім, а вось у Эўропе – больш сур'ёзным.
3. Магчымы пазытыўны ўплыў на клімат. Сутыкнуўшыся з праблемамі, краіны зноў зьвяртаюцца да „брудных“ энэрганосьбітаў – выкапнёвага паліва. Але ў сярэднетэрміновай пэрспэктыве вайна можа паскорыць пераход на аднаўляльную энэргію як альтэрнатыву вуглевадароднаму паліву, якое кантралююць аўтакраты. Выйграе ня толькі ветраная і сонечная энэргетыка, але таксама ядзерная і вадародная.
4. Кітай на вяршыні перад спускам? Прагназуецца, што ў красавіку 2023 году колькасьць насельніцтва Індыі перавысіць насельніцтва Кітаю прыблізна на ўзроўні 1,43 мільярда. Пры гэтым эканамічны рост Кітаю запаволіўся. Гэта можа азначаць, што кітайская эканоміка ўжо ніколі не дагоніць памерамі эканоміку ЗША, як раней прагназавалася.
5. Падзеленая Амэрыка. Хоць рэспубліканцы і не атрымалі такіх вынікаў, на якія разьлічвалі падчас прамежкавых выбараў 2022 году, будуць пашырацца разыходжаньні ў амэрыканскім грамадзтве ў гарачых тэмах, такіх як аборты і права нашэньня зброі. Фармальнае абвяшчэньне Дональдам Трампам свайго ўдзелу ў прэзыдэнцкіх выбарах 2024 дадасьць алівы ў агонь.
6. Гарачыя пункты, за якімі варта сачыць. Інтэнсіўная ўвага да вайны ва Ўкраіне павялічвае рызыку канфліктаў у іншых месцах. Разгараюцца канфлікты на межах Расеі. Кітай можа вырашыць, што цяпер самы зручны час разабрацца з Тайванем. У Гімалаях могуць адбыцца кітайска-індыйскія сутыкненьні. І ці не паспрабуе Турэччына адхапіць нейкі з грэцкіх астравоў у Эгейскім моры?
7. Зьменлівыя хаўрусы. Сярод геапалітычных зьменаў мяняюцца і міжнародныя альянсы. NATO інтэгруе дзьве новыя краіны. Ці далучыцца Саудаўская Арабія да «Дамоваў Абрагама» (Гэтыя дамовы пра нармалізацыю адносінаў пры пасярэдніцтве ЗША спачатку падпісалі Ізраіль, Абʼяднаныя Арабскія Эміраты і Бахрэйн, а потым Судан, Марока, Аман і Ярданія)? Сярод іншых важных групаў – i2u2. Гэта ня рок-гурт, а форум, які абʼядноўвае Індыю, Ізраіль, Абʼяднаныя Арабскія Эміраты і Злучаныя Штаты.
8. Турызм як помста ковіду. Чакаецца, што выдаткі на турызм амаль выйдуць на ўзровень 2019 году – $1,4 трыльёна. Але толькі таму, што вырасьлі цэны. Колькасьць турыстычных паездак (1,4 мільярда) будзе ўсё яшчэ ніжэйшая, чым да пандэміі ў 2019 годзе (1,8 мільярда). Працоўных паездак будзе ўсё яшчэ няшмат, бо фірмы скарачаюць выдаткі.
9. «Мэтасусьвет» сутыкнецца з праверкай рэальнасьцю. Ці пашырыцца ідэя працы ў віртуальным сьвеце па-за межы гульняў? 2023 год мае даць адказ, бо кампанія Apple запускае свой першы шалом для віртуальнай рэальнасьці, а кампанія Meta вырашае, ці не памяняць стратэгію, бо цана яе акцыяў падае. Тым часам можа набраць сілу іншая, значна прасьцейшая і больш карысная зьмена – «ключы доступу» замест пароляў.
10. Новы год, новыя модныя словы. Вы ніколі ня чулі пра «ключы доступу»? Ня страшна. Цягам году будзе лёгка навучыцца новаму – да прыкладу, крыптавалюты зробяцца нямоднымі, а паўсюль будуць абмяркоўваць пост-квантавую крыптаграфію.