Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Турэччыне ўлады хочуць узмацніць адказнасьць за «дэзынфармацыю» ў сацыяльных сетках. Вэнэцыянская камісія: гэта наступ на журналістыку


Прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Эрдаган
Прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Эрдаган

Урад Турэччыны прапанаваў закон, які прадугледжвае крымінальную адказнасьць за распаўсюд дэзынфармацыі ў сацыяльных сетках. Гэты крок выклікаў крытыку апазыцыйных і міжнародных арганізацый.

Так званы законапраект Турэччыны аб дэзынфармацыі выклікаў асуджэньне з боку эўрапейскага прававога назіральніка, які папярэдзіў, што закон будзе пагражаць свабодзе слова і незалежнай журналістыцы напярэдадні выбараў у наступным годзе. Папярэджаньне зьмяшчаецца ў справаздачы, складзенай Вэнэцыянскай камісіяй, якая кансультуе Раду Эўропы, піша Голас Амэрыкі.

Гэрдыс Чэрульф Торґерстоўхтыр, віцэ-прэзыдэнтка Вэнэцыянскай камісіі, кажа, што закон будзе мець шырокія нэгатыўныя наступствы.

«Наш галоўны клопат — ашаламляльны эфэкт, які гэта акажа на палітычныя дэбаты ў Турэччыне, паколькі гэты законапраект будзе прымяняцца да ўсіх. Па-другое, сур’ёзныя санкцыі ў выглядзе пазбаўленьня волі на тэрмін ад 1 да 3 гадоў для тых, хто прызнаны вінаватымі ў распаўсюдзе лжывай інфармацыі, прывядуць да шырокага распаўсюду самацэнзуры», — сказала Торґерстоўхтыр.

Праваабарончыя групы ўжо адносяць Турэччыну да краін, дзе за кратамі знаходзіцца найбольшая колькасьць журналістаў у сьвеце, але Анкара гэтае абвінавачаньне адхіляе.

За апошнія гады турэцкі ўрад прыняў некалькі законаў, накіраваных на кантроль над сацыяльнымі сеткамі. Але крытыкі кажуць, што апошні прапанаваны закон з 40 артыкулаў зьяўляецца самым жорсткім. Яман Акдэніз з Турэцкай асацыяцыі свабоды выказваньня думак кажа, што сацыяльныя сеткі пагражаюць кантролю ўлады Эрдагана над СМІ ў цэлым.

«Выкарыстаньне сацыяльных сетак у Турэччыне высокае, няхай гэта будзе Twitter, Facebook або іншыя плятформы», — сказаў Акдэніз. «Туркі ў асноўным спадзяюцца на сацыяльныя сеткі для атрыманьня інфармацыі, таму што мы больш ня можам атрымліваць інфармацыю з турэцкіх газэт і нават з тэлеканалаў, — большасьць гэтых каналаў і газэт кантралюецца ўрадам».

Налета ў Турэччыне пройдуць парлямэнцкія і прэзыдэнцкія выбары. Журналіст турэцкага інфармацыйнага парталу Bianet Хікмет Адаі лічыць, што ў сувязі з адставаньнем кіроўных партый і прэзыдэнта ў апытаньнях узмацненьне кантролю над СМІ жыцьцёва важнае для ўраду.

Выбары адбудуцца ў чэрвені 2023 году, і з улікам эканамічнага крызісу ўрад ня хоча, каб дрэнныя навіны распаўсюджваліся, асабліва каб сьвет убачыў маштабы крызісу. Прапанаваны закон, паводле рэпартэра, уяўляе сабой самую жорсткую цэнзуру ў гісторыі турэцкай прэсы, таму ён, безумоўна, паўплывае на журналістыку.

Прапанаваны закон зараз абмяркоўваецца ў парлямэнце і можа быць прыняты ўжо ў канцы кастрычніка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG