Лінкі ўнівэрсальнага доступу

20-годзьдзе «Бібліятэкі Свабоды». Наш гайд у Краіну загадак


За 20 гадоў у сэрыі «Бібліятэка Свабоды» пабачылі сьвет дзевяць дзясяткаў выданьняў пра беларускую палітыку, мову, гісторыю, грамадзтва, журналістыку, турму, здароўе і шмат што яшчэ. Працягваем знаёміць вас з нашым выдавецкім плёнам. Дарэчы, кожная кніга дасяжная ў лічбавым фармаце.

Пяты ліст да тых, хто ўмее чытаць. Краіна загадак

Вялікія тэматычныя цыклі, якія гучалі ў этэры Свабоды і друкаваліся на сайце, станавіліся потым кнігамі «Бібліятэкі Свабоды» — як правіла. Я зараз патлумачу гэтае ўдакладненьне, а пакуль скажу галоўнае: вы можаце цяпер вярнуць час, які існаваў толькі на кароткіх хвалях, яго гармонію і сэнс, бо яны захаваліся ў кнігах.

Як правіла — бо ня ўсе вартыя таго цыклі мы здолелі выпусьціць як кнігі, напрыклад, паўсотні публікацый Альгерда Бахарэвіча «Цуды і дзівосы Беларусі», ці сэрыю ўнікальных інтэрвію Ганны Соўсь з прэзыдэнтамі краінаў-суседак Расеі «Расея і я», альбо наш першы гадавы праект 1999 году «Ўспамін стагодзьдзя», дзе людзі ўзгадвалі памятныя падзеі свайго жыцьця.

Адзін з такіх нявыдадзеных літаратурных цыкляў называўся «Як беларусы...» — і далей ішла расшыфроўка тэматычнага эсэ. «Як беларусы ў госьці ходзяць, з кітайцамі сябруюць, сэксам займаюцца, у Маскву езьдзяць, начальcтва любяць...» — ну і гэтак далей. Цыкль бліскучых эсэ завяршала перадача, якая называлася «Як беларусы эcэ пішуць».

Галоўная задача эсэістыкі — пабачыць тайну і зразумець яе сэнс. Сёньня я запрашаю вас на паліцу, дзе прадстаўленыя спробы разгадаць беларускія загадкі і адкрыць іх сэнсы.

Ну а мы тым часам падумаем, як выдаць эсэ пра эсэ ды іншыя цуды.

Аляксандар Лукашук, бібліятэкар Свабоды

«Чаму Беларусь не Расея»

У назьве адсутнічае пытальнік, бо гэта кніга не пытаньняў, а адказаў. Гістарыясофская эсэістыка доктара гісторыі Сяргея Абламейкі б’е ў звон і патрапляе ў цэль, нават калі вы дагэтуль ня чулі хады гісторыі і ня бачылі яе маршрутаў. У кнізе чатыры дзясяткі эсэ, кожнае зьдзіўляе і натхняе якасьцю аргумэнтаў. Нельга цяпер думаць пра будучыню Беларусі, Эўропы і сваю бяз гэтай кнігі.

«Неверагодны 2020-ы»

Неймаверны цуд самага фантастычнага лета найноўшай гісторыі Беларусі ўразіў і саміх беларусаў, і астатні сьвет. Што гэта было, чаму, адкуль і куды — на гэтыя пытаньні адказваюць 20 беларускіх інтэлектуалаў, ад Сьвятланы Алексіевіч да Арцёма Шрайбмана. Укладальнік Юры Дракахруст будуе кнігу як пошук ня столькі палітычнага, колькі антрапалягічнага і нацыянальнага вымярэньня «неверагоднага 2020-га». Іншымі словамі — наколькі імаверна было неверагоднае? І будзе.

«Каліноўскі і палітычнае нараджэньне Беларусі»

Кіраўнік вызвольнага паўстаньня 1863 году Кастусь Каліноўскі і яго паплечнікі самі выйшлі на паверхню — не магілы, а гісторыі, калі Беларусь пачала набліжацца да бездані. У часе ўрачыстай цырымоніі ў Вільні ў Беларусі вялося шмат дыскусіяў пра Кастуся: наш ці ня наш, герой ці не герой, любіць ці не любіць. Кніга Сяргея Абламейкі, якая выйшла двума выданьнямі, дае адказ — ясны, поўны, доказны, раз і назаўсёды. Пераканайцеся!

«Высьпятак ад Скарыны»

Беларускі першадрукар Францішак Скарына паўстае ў блогах і дыялёгах пісьменьніка Міхася Скоблы як наш сучасьнік. Аўтар прапануе свой адказ на пытаньні: чаму Скарына бы радаваўся, на што гневаўся, чым цешыўся, за што і каму даў бы высьпятка ў сёньняшняй Беларусі? Цікава, ці пазнаў бы першадрукар свае словы ў пераказе паэта Алеся Разанава? І ці пазнаеце вы?

«Мой Картаген»

Гэта не пра рымскую імпэрыю і яе войны, гэта пра нас тут і цяпер. Ужо тут відаць падмуркі будучых кніг ляўрэата прэміі Ежы Гедройця, доктара гісторыі Сяргея Абламейкі, якія выйшлі пазьней ў «Бібліятэцы».

«Сем худых гадоў»

Выраз зь Бібліі даў назву гэтай кнізе блогаў (бо што такое Біблія як ня збор блогаў), якія публікаваліся на сайце svaboda. org ад 2008 да 2014 году. Гэта і хроніка падзеяў, на якія аўтар Юры Дракахруст апэратыўна адгукаўся, а таксама і загадкі беларускай будзённасьці, якія аўтар спрабаваў разгадаць, вызначыць сэнсы і прадбачыць трэнды пераменаў. Рэдкі выпадак — аўтар, кандыдат фізіка-матэматычных навук, падлічыў і напісаў, колькі прадказаньняў спраўдзілася, а колькі яшчэ чакаюць свайго часу. Працэнт патрапленьня вас зьдзівіць!

«Вольная студыя»

Гэтыя 50 гутарак пра свабоду думаць, ствараць і памятаць у сучаснай Беларусі, які сабраў пад адной вокладкай Міхась Скобла, — толькі дзясятая частка яго даробку на Свабодзе. Інтэлектуальны і эстэтычны фэст — толькі вяршыня дзесяцігадовага радыёцыклю аўтарскіх штонядзельных дыялёгаў з выдатнымі сучасьнікамі — скарыстайце шанец сустрэцца, падумаць і паспрачацца.

«Акцэнты Свабоды»

Перадача «Праскі акцэнт» нарадзілася неўзабаве пасьля пераезду Радыё з Мюнхену ў Прагу, і штотыдзень яе ўдзельнікі і аўтары абмяркоўвалі калатнечу Беларусі паміж Усходам і Захадам. Юры Дракахруст правёў сотні круглых сталоў, але паміж вокладкамі зьмясьцілася толькі малая частка. Кнігу такога памеру можна было выдаваць штогод — але тут адабраныя найцікавейшыя, на думку аўтара, дыскусіі.

«Вострая Брама»

Беларускі культурны кантэкст на мяжы стагодзьдзяў — так Сяргей Дубавец некалі вызначыў свой эсэістычны падкаст, хоць гэтае слова у канцы 1990-х яшчэ не існавала, і зрабіў інтэлектуальную беларускую рэвалюцыю — дакладней, рабіў яе штотыдня. Ізноў такі — «Вострая брама», любімая многімі нядзельная перадача, заслугоўвала свайго альманаху, бо яе адкрыцьці былі адкрыцьцямі, парадоксы парадоксамі, а нацыянальны дыскурс унікальным. Тым, хто адкрые гэтую браму ўпершыню, можна толькі пазайздросьціць.

Працяг будзе

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG