У Нямеччыне працягваецца расьсьледаваньне справы «Рэйхсбюргераў», якія, згодна з вэрсіяй пракуратуры, плянавалі ўзброены пераварот у дзяржаве. Міністар унутраных спраў Нэнсі Фэзэр (партыя СДПГ, сацыял-дэмакраты) хоча ўзмацніць жорсткасьць права на нашэньне зброі і ўнесьці папраўкі ў дысцыплінарныя нормы на дзяржаўнай службе. Пра гэта яна заявіла 14 сьнежня ў Бундэстагу. Урад таксама мае намер вылучыць больш сродкаў на «барацьбу з антыдэмакратычнымі тэндэнцыямі», піша DW.
На мінулым тыдні падчас рэйду на «Грамадзян Рэйху» былі арыштаваныя 25 чалавек. 22 зь іх абвінавачваюцца ў прыналежнасьці да тэрарыстычнай арганізацыі, якая хацела зрынуць палітычную сыстэму ў Нямеччыне. Паліцыя правяла ператрусы ў больш як 160 аб’ектах. Паводле інфармацыі праваахоўных органаў, змоўшчыкі хацелі стварыць 286 «рот абароны айчыны», якія праводзілі бы арышты і расстрэлы пасьля перавароту.
Цяпер міністар Фэзэр хоча абмежаваць доступ да паўаўтаматычнай зброі. Паводле дадзеных сьледзтва, многія з арыштаваных мелі ліцэнзіі на агнястрэльную зброю, шмат адзінак знойдзены падчас ператрусаў.
Аднак ва ўрадзе няма згоды ў пытаньні ўзмацненьня жорсткасьці права на зброю. Міністар юстыцыі Марка Бушман (партыя FDP, «Свабодная дэмакратычная партыя») заявіў, што ў Нямеччыне ўжо «дзейнічае строгі закон аб зброі».
«Нават самыя строгія законы аб зброі не дапамагаюць, калі людзі атрымліваюць зброю незаконна», — прывёў Бушман яшчэ адзін аргумэнт.
Аднак пры гэтым Бушман падтрымаў іншы праекта Фэзэр, які хоча садзейнічаць адхіленьню экстрэмістаў ад дзяржаўнай службы на падставе адміністрацыйнага рашэньня, а не на падставе рашэньня адміністрацыйнага суду, як цяпер.
«Мы ня хочам, каб экстрэмісты маглі пагражаць нашай дэмакратыі знутры», — сказала Фэзэр.
Сярод арыштаваных на мінулым тыдні «Грамадзян Рэйху», паводле паведамленьняў СМІ, афіцэр паліцыі, які займаецца расьсьледаваньнем правага экстрэмізму і былы дэпутат бундэстагу ад ультраправай «Альтэрнатывы для Нямеччыны» — партыі, якая згодна з ранейшымі журналісцкімі матэрыяламі, атрымлівае фінансаваньне ад зьвязаных з Расеяй асоб і арганізацый.
«Рэйхсбюргеры» не прызнаюць ФРГ і лічаць сябе грамадзянамі «германскага рэйху». Яны вырабляюць альтэрнатыўныя пасьведчаньні асобы і правы кіроўцы неіснуючай імпэрыі. Рух узьнік яшчэ ў 1980-я гады. У 2017 годзе ў Нямеччыне налічвалася больш за 16 тысяч прыхільнікаў.