Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Нямеччыне затрымалі 25 чалавек, падазраваных у падрыхтоўцы дзяржаўнага перавароту


Затрыманьне ў Бэрліне прыхільнікаў ультраправай групоўкі
Затрыманьне ў Бэрліне прыхільнікаў ультраправай групоўкі

У Нямеччыне праведзена маштабная апэрацыя супраць так званых «рэйхсбюргераў», гатовых да гвалту ўдзельнікаў праварадыкальнага руху, якія не прызнаюць існаваньне ФРГ і лічаць сябе грамадзянамі «германскага рэйха».

У ходзе апэрацыі ня менш як 25 чалавек затрыманы па падазрэньні ў прыналежнасьці да праваэкстрэмісцкага асяродзьдзя, паведамляе DW з спасылкай на Фэдэральную пракуратуру Нямеччыны.

Па дадзеных ведамства, «рэйхсбюргеры» плянавалі зьвяржэньне канстытуцыйных органаў улады ў краіне.

«Зь сёньняшняй раніцы праводзіцца маштабная антытэрарыстычная апэрацыя. Фэдэральная пракуратура праводзіць сьледчыя дзеяньні ў дачыненьні да тэрарыстычнай сеткі з асяродзьдзя „рэйхсбюргераў“. Ёсьць падазрэньне, што на канстытуцыйныя органы ўлады планавалася ўзброены напад», — напісаў міністар юстыцыі ФРГ Марка Бушман.

Як паведамілі ў Фэдэральнай пракуратуры, затрыманьні «рэйхсбюргераў» праводзіліся на падставе ордэраў, выдадзеных сьледчымі судзьдзямі Фэдэральнай судовай палаты. Усе затрыманыя — грамадзяне ФРГ. Па паведамленьнях СМІ, у цэлым шэрагу гарадоў, уключаючы Бэрлін, былі праведзены ператрусы.

«Рэйхсбюргеры» не прызнаюць ФРГ і лічаць сябе грамадзянамі «германскага рэйха». Яны вырабляюць альтэрнатыўныя пасьведчаньні асобы і правы кіроўцы неіснуючай імпэрыі. Рух узьнік яшчэ ў 1980-я гады. У 2017 годзе ў Нямеччыне налічвалася больш за 16 тысяч прыхільнікаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG