Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад пісталетаў Макарава да авіяцыйных ракет. Як крадуць у беларускім войску


У размове са Свабодай былы афіцэр беларускага войска кажа, што галоўная праблема нават не ў раскраданьні вайсковай маёмасьці.

Пасьля таго як у канцы верасьня Пуцін абвясьціў мабілізацыю, высьветлілася, што расейскае войска да яе ня надта падрыхтаванае. Тэрмінова мабілізаваным на вайну супраць Украіны рэкрутам бракуе самага неабходнага. У сеціве публікуюцца сьпісы, якія камісарыяты раздаюць прызваным на вайну салдатам. Там пералічаныя рэчы, якія расейцы павінны самастойна набываць для ўдзелу ў вайне. Сярод іх мэдыкамэнты, спальныя мяшкі, абутак і нават бронекамізэлькі.

Сытуацыя выклікала абурэньне нават у Дзяржаўнай Думе. Дэпутат, генэрал-лейтэнант Андрэй Гурулёў адкрыта ў сваім тэлеграм-канале расказаў, што з пунктаў прыёму мабілізаваных «выпарылася 1,5 мільёна камплектаў вайсковай формы».

Расейская служба ВВС апублікавала расьсьледаваньне аб сыстэматычных крадзяжах у расейскай арміі. Згодна зь ім, маёмасьць і зброю з расейскіх вайсковых частак дзесяцігодзьдзямі кралі, выносячы яе на сабе і вывозячы на «КамАЗах». Свабода прасачыла, як крадуць у беларускім войску.

Па два злачынствы «супраць інтарэсаў службы» кожны дзень

У Беларусі вайскоўцаў за крадзеж маёмасьці Мінабароны судзяць паводле агульнага Крымінальнага кодэксу ў судах агульнай юрысдыкцыі. Пры гэтым асобнай статыстыкі аб крадзяжах у вайсковых частках не існуе, Вярхоўны суд публікуе толькі агульную статыстыку.

Ускосна пра колькасьць карупцыйных і іншых злачынстваў, якія адбываюцца ў беларускім войску і іншых сілавых структурах, можа сьведчыць колькасьць злачынстваў, зьдзейсьненых «супраць інтарэсаў службы». Паводле статыстыкі Вярхоўнага суду за 2021 год, іх было афіцыйна зафіксавана 640. Гэта больш як два злачынствы за кожны дзень году. Амаль палова зь іх зьвязаная з атрыманьнем альбо дачай хабару.

Не раскрываюць статыстыкі крадзяжоў і карупцыі ў беларускім войску і органы пракуратуры. Аднак на афіцыйным сайце Генэральнай пракуратуры можна знайсьці рэгулярныя паведамленьні пра тое, што яе супрацоўнікі праводзяць «прафіляктычныя мерапрыемствы з мэтай недапушчэньня карупцыйных злачынстваў» у розных вайсковых частках. З часткі такіх паведамленьняў вынікае, што крадзяжы маёмасьці ў беларускім войску зусім не чужая зьява.

«Выкраў восем некіраваных авіяцыйных ракет»

Пра тое, што беларускім пракурорам добра вядомыя выпадкі карупцыі і крадзяжоў у беларускім войску, сьведчаць і іншыя крыніцы. Прафэсар катэдры дзяржаўна-прававых дысцыплін БДЭУ Ўладзімер Лосеў 20 гадоў прапрацаваў у органах вайсковай пракуратуры Беларусі, а ў 2002 годзе нават выдаў навуковы дапаможнік пад назвай «Крымінальная адказнасьць за вайсковыя злачынствы». У ім ён падрабязна апісвае розныя правапарушэньні, якія дапускаюць беларускія вайскоўцы. А таксама расказвае пра злачынствы, зь якімі сутыкнуўся асабіста.

«Шараговец вайсковай службы па кантракце верталётнай базы Б. падчас нясеньня службы вартавым на аэрадроме выкраў восем некіраваных авіяцыйных ракет з прычэпа да грузавога аўтамабіля, які знаходзіўся пад ягонай аховай, і вынес іх за межы паста, — апісвае адно з такіх злачынстваў былы вайсковы пракурор. — Ён быў асуджаны вайсковым судом за крадзеж боепрыпасаў, учынены асобай, якой яны былі даручаны пад ахову, незаконнае нашэньне і захоўваньне боепрыпасаў, а таксама за парушэньне правілаў нясеньня вартавой службы».

Апісвае Лосеў і выпадкі крадзяжоў маёмасьці з вайсковых складоў. Паводле прыведзеных ім выпадкаў, вайскоўцаў судзяць у тым ліку і за спробы гэтыя крадзяжы схаваць, пераносячы рэчы з аднаго склада на другі.

«Прапаршчыкі Ш. і К. праходзілі вайсковую службу, быўшы начальнікамі складоў рэчавай маёмасьці авіябазы, — расказвае Лосеў пра адзін такі выпадак. — У выніку нядбайнага стаўленьня да выкананьня сваіх абавязкаў у іх утварылася нястача вайсковай маёмасьці. Падчас рэвізіі з мэтай схаваць нястачу даручанай Ш. маёмасьці той зьвярнуўся да К. з просьбай на час рэвізіі перанесьці частку ўжо абрэвізаванай маёмасьці са складу К. у склад Ш., што яны і зрабілі. Пры гэтым Ш. дзейнічаў з карысьлівых памкненьняў, а К. — з ілжывага пачуцьця таварыства.

Дзясяткі пісталетаў, аўтаматы Калашнікава, гранатамёт

Некаторыя з выпадкаў карупцыі і крадзяжоў у вайсковых частках Беларусі трапляюць у СМІ, у тым ліку дзяржаўныя. У 2008 годзе за крадзяжы ў буйным памеры асудзілі адразу двух падпалкоўнікаў — камандзіра часткі Заходняга апэратыўнага камандаваньня і загадчыка харчовай і рэчавай службы адной з частак Менскага гарнізону. Агулам яны скралі маёмасьці на суму каля 2 тысяч даляраў.

За першыя шэсьць месяцаў 2008 году вайсковая пракуратура накіравала ў суд 14 крымінальных справаў, фігурантамі якіх сталі 18 вайскоўцаў. Яны скралі маёмасьці больш як на 30 тысяч даляраў.

Адной з самых гучных справаў аб крадзяжах у беларускім войску стала справа 2018 году, калі ў адной з вайсковых частак Баранавічаў не далічыліся дзясятка аўтаматаў Калашнікава і некалькіх дзясяткаў пісталетаў Макарава. Пісталеты прадавалі па 250 даляраў, аўтаматы па 600.

Зброю са складу вайсковай часткі 29969 выносілі больш за два гады. Для гэтага выкарыстоўвалі ў тым ліку вайсковы грузавік МАЗ. Прадавалі пры дапамозе былога супрацоўніка міліцыі. Акрамя аўтаматаў і пісталетаў, вайскоўцы гандлявалі гранатамі, гранатамётамі і аптычнымі прыцэламі. Патронаў да пісталетаў і аўтаматаў прадалі некалькі тысяч. Амаль усё скрадзенае прадалі ў Расею пад выглядам зброі з самаабвешчаных «ДНР» і «ЛНР». Раскрылі схему праз выпадковасьць. Адзін зь фігурантаў справы напіўшыся гарэлкі распачаў страляніну ў доме побач з Баранавічамі. Гаспадары выклікалі міліцыю, якая пачала разьбірацца, адкуль у хулігана можа быць пісталет.

Суд у гэтай справе зрабілі паказальна адкрытым, ён скончыўся ў лістападзе 2019 году. Прысуд 10 абвінавачаным зачытвалі 4 дні запар, усе яны ў выніку былі прызнаныя вінаватымі і атрымалі тэрміны ад 5 да 11 гадоў пазбаўленьня волі.

«Ці будзе ў што апрануць мабілізаваных, сказаць складана»

Васіль Верамейчык адслужыў у беларускім войску сем гадоў. Спачатку быў звычайным салдатам, чатыры гады акадэміі, яшчэ два гады быў афіцэрам у Печах, камандаваў ротай. Ён гаворыць, што сытуацыі з крадзяжамі ў беларускім войску ня мае расейскіх маштабаў. Аднак у выпадку мабілізацыі могуць узьнікнуць вялікія праблемы.

«Крадзяжы ёсьць, вядома, — кажа Васіль. — Але маштабы іх не расейскія. Я памятаю, што падчас маёй службы пасады пазбавіўся камандуючы войскамі Вайскова-паветраных сілаў і супрацьпаветранай абароны за нейкія кантракты. Гэта ўсё ў высокіх сфэрах. Унізе іначай. Звычайна „сьпісваюць“ паліва. Бо тылавіка цяжка злавіць, калі ён не „зарываецца“. Старшыны нешта крадуць. Але ўсё „ў меру“. Хаця ці будзе ў што апранаць мабілізаваных, тут сказаць складана».

Па словах былога лейтэнанта Васіля (які пасьля 24 лютага ўдзельнічаў у баявых дзеяньнях на баку Ўкраіны, нядаўна яго ў Беларусі пазбавілі вайсковага званьня. — РС) асноўная праблема — састарэлыя запасы. Васіль гаворыць, што на складах Мінабароны Беларусі няма амаль нічога сучаснага.

«Я асабіста бачыў велізарныя склады рознай савецкай лухты, — кажа былы беларускі вайсковец. — Гэта ўсё зроблена ў 40-я, 50-я, 60-я гады. Мінулае стагодзьдзе. Усім гэтым можна карыстацца, яно ёсьць. Але ўсё гэта моцна састарэла — вопратка, абсталяваньне. Вось, напрыклад, на базе 72-га навучальнага цэнтру ў Печах павінна разварочвацца мэханізаваная брыгада. Я там асабіста ўдзельнічаў у рамонце тэхнікі, якая знаходзіцца на захоўваньні. Яна ў жахлівым стане. Афіцэры, якія за яе адказваюць, маліліся, каб не пачалася праверка. Бо, як толькі яна пачынаецца, дакладна некага здымуць з пасады. З трох машын у выніку зьбіраюць адну».

Васіль звольніўся са службы ў 2016 годзе. Ён кажа, што з таго часу ў беларускім войску наўрад ці магло нешта кардынальна зьмяніцца. Па словах былога лейтэнанта, для Мінабароны галоўнае, каб усё было добра на паперы, таму афіцэры займаюцца перапісваньнем справаздач. У выніку баяздольнасьць арміі застаецца фіктыўнай.

«Каб масава красьці, яшчэ і забесьпячэньня няма, — дадае Васіль. — Мы ж пастаянна самі на нешта скідваліся. Калі я быў салдатам, скідваліся, калі быў афіцэрам, — таксама. Зьбіралі грошы на ўсё запар. На інвэнтар, на тое, каб пафарбаваць штосьці ў частцы. На лапаты для сьнегу зьбіралі. Нам іх выдалі, але не для таго, каб сьнег прыбіраць. Яны былі, каб вынесьці паказаць падчас агляду. А каб сьнег прыбіраць, мы куплялі самі. Афіцэры, прапаршчыкі, сяржанты скідваюцца. Калі нармальны афіцэр, то агульны сход праводзяць. Скідваюцца па 5 рублёў і купляюць».

Па словах Васіля, выпадкі крадзяжоў, карупцыі і іншых парушэньняў у войску часта не выходзяць за межы вайсковых частак яшчэ і таму, што камандаваньне стараецца іх замоўчваць і разьбірацца з падначаленымі іншымі мэтадамі. Прычына гэтага ў тым, што ў выпадку агалоскі пацярпець могуць усе — і вінаватыя, і ня вельмі.

«Гэта ня толькі крадзяжоў датычыць, — гаворыць былы вайсковец. — Дзедаўшчыны таксама. Любой траўмы. Калі ёсьць магчымасьць замяць, то замнуць. Бо калі ёсьць службовае расьсьледаваньне, то нехта павінен быць пакараны».

У выпадку абвяшчэньня ў Беларусі мабілізацыі, кажа Васіль, могуць узьнікнуць вялікія праблемы ў першую чаргу з сучасным рыштункам, сродкамі абароны і неабходнымі мэдыцынскімі прэпаратамі. За ўвесь час службы, прызнаецца былы вайсковец, сучасныя бронекамізэлькі ён бачыў толькі некалькі разоў у частках Сіл спэцыяльных апэрацый.

«Ва ўсіх савецкія яшчэ, з жалезнымі плітамі, — расказвае Васіль. — Нам іх давалі ў каравуле насіць. Разгрузкі былі, так. А бронекамізэлек сучасных увогуле не было. Касак не было. Людзі будуць сваё зьбіраць тады, як што. З мэдыкамэнтамі таксама сьмешна. У 2015 годзе, памятаю, нам выдалі савецкія перавязачныя пакеты. Там замест турнікета (адмысловая прылада для хуткага накладваньня жгута падчас інтэнсіўнай страты крыві. — РС) былі гумавыя палоскі. Гэта маральна састарэлая рэч. Усё іншае там такое ж. Нас нават ніхто не вучыў, як карыстацца сродкамі дапамогі».

Васіль дадае, што ў выпадку мабілізацыі ў Беларусі ў набраных такім чынам салдат могуць узьнікнуць праблемы і з харчаваньнем. У беларускім войску дагэтуль не існуе так званых «сухпайкоў» нават расейскага ўзору, ня кажучы пра сучасныя заходнія, зь якімі былому беларускаму вайскоўцу даводзілася сутыкацца ва Ўкраіне. Для харчаваньня ў палявых умовах беларускім салдатам дагэтуль выдаюць просты хлеб і тушаніну ў мэталічных бляшанках.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG