Крымінальная справа за перасыланьне фотаздымкаў
Сьледчы ў асабліва важных справах Лунінецкага раённага аддзелу Сьледчага камітэту 45-гадовы Сяргей Пахолак зьехаў з Беларусі з жонкай і дзецьмі. Як піша «Мэдыя-Палесьсе», прычын уцёкаў некалькі.
Першая зьвязана з крымінальным перасьледам жонкі Пахолка. Яна працавала спэцыялісткай інжынэрна-аэрадромнай службы вайсковай часткі, дзе базавалася расейская авіятэхніка. Яе затрымлівалі за перадачу зьвестак сястры ў ЗША. Яна нібыта паслала ёй нейкі фотаздымак.
Сяргей Пахолак працаваў сьледчым з 2013 году. Як расказала сайту «Зеркало» крыніца ў Лунінцы, незадоўга да ад’езду сьледчы падоўжыў кантракт на службе, за што атрымаў грашовую кампэнсацыю. Пасьля таго як на ягоную жонку завялі крымінальную справу, ён напісаў рапарт аб звальненьні з прычыны стану здароўя, аднак выехаў з краіны, так і не дачакаўшыся рашэньня. Сама затрыманая жанчына нібыта была ў менскай лякарні, але змагла ўцячы адтуль, бо была без аховы.
У кватэры былога сьледчага правялі ператрус, сам ён цяпер у Амэрыцы, дадала крыніца.
Затрыманьне чыноўніка за голас на выбарах
У пачатку лістапада таксама стала вядома пра затрыманьне чыноўніка ў Горадні. Затрыманы — Алег Сала, галоўны інспэктар аддзелу нагляду за выкананьнем заканадаўства аб працы Горадзенскага абласнога ўпраўленьня Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Як вынікае з «пакаяннага» відэа, адзіная правіна чыноўніка — у 2020 годзе ён галасаваў на выбарах за Сьвятлану Ціханоўскую. Што адбылося з затрыманым пасьля і ці выпусьцілі Алега Салу пасьля здымак у відэа сілавікоў, — невядома.
Звальненьне за «нядобранадзейнасьць»
У траўні 2021 году з палкоўнікам юстыцыі, сьледчым у асабліва важных справах аднаго зь міжраённых аддзелаў Сьледчага камітэту не працягнулі кантракт. Яму давялося асвойвайць новую спэцыяльнасьць пасьля 25 гадоў службы ў праваахоўнай сыстэме. Пра зьмену прафэсіі былы сьледчы на ўмовах ананімнасьці расказаў Свабодзе.
Ён лічыць, што яго звольнілі за «нядобранадзейнасьць». Цяпер асвойвае працу ў фэрмэрскай гаспадарцы.
«Іншай падставы проста ня бачу, — кажа суразмоўца. — Ніякіх правінаў з майго боку не было. Я ня браў хабару, не парушаў закону; адзначаны дзяржаўнай узнагародай „За бездакорную службу“, граматамі і падзякамі. І калі да чалавека няма пытаньняў і пры гэтым аднабакова прымаецца такое рашэньне, усё робіцца відавочным. Тым больш, як езьдзіў у абласное ўпраўленьне афармляць дакумэнты на звальненьне, выявілася, што не працягнулі кантракт досыць вялікай колькасьці людзей, якіх я даўно ведаў як прафэсійных, граматных спэцыялістаў».
«Ябацьку» асудзілі на 6 дзён арышту за майку
Летась у ліпені затрымалі магілёўскага прапагандыста і карэспандэнта газэты «Вечерний Могилёв», рабін Ігаэл Егудзі. Сілавікам не спадабалася футболка з надпісам «Супраць гвалтоўнай вакцынацыі». На мужчыну склалі адміністрацыйны пратакол, а пасьля прысудзілі 6 дзён адміністрацыйнага арышту за несанкцыянаваны пікет.
На судзе ён некалькі разоў паўтараў, што на Акрэсьціна парушаліся ягоныя правы, а таксама тое, што ён за Лукашэнку.
15 содняў за фота
У верасьні летась суд Ленінскага раёну Менску разглядаў справу 34-гадовага Максіма Шэўчыка. Мужчыну затрымалі за фота зь бел-чырвона-белым сьцягам на ягонай старонцы ў facebook. У судзе мужчына расказаў, што «выклаў фота са сьцягам, бо паспрачаўся з сябрамі на тры бутэлькі каньяку». Таксама ў судзе ён казаў, што «ненавідзіць гэты сьцяг і забраў яго ў пратэстоўцаў, а пасьля фота зьнішчыў».