Сьледчы Лунінецкага раённага аддзелу Сьледчага камітэту Сяргей Пахолак разам з жонкай і дзецьмі сьпешна выехаў з тэрыторыі Беларусі, паведаміла са спасылкай на свае крыніцы Media-polesye.by.
Прычыны ўцёкаў могуць быць зьвязаныя з крымінальным перасьледам ягонай жонкі, піша выданьне.
«Прычын уцёкаў некалькі. Першая зьвязана з крымінальным перасьледам жонкі. Працуючы спэцыялістам інжынэрна-аэрадромнай службы вайсковай часткі 65408, дзе базавалася расейская авіятэхніка, яна была затрыманая за перадачу зьвестак сястры, жыхарцы ЗША. У часе праверкі выявіліся агрэхі ў працы і самога сьледчага», — адзначаюць журналісты выданьня.
Паводле іх, малодшы сын сьледчага напісаў сваім аднаклясьнікам, што ў гімназію больш ня вернецца.
Сяргей Пахолак працаваў сьледчым з 2013 году.
Як расказала сайту «Зеркало» крыніца ў Лунінцы, незадоўга да ад’езду сьледчы падоўжыў кантракт на службе, за што атрымаў грашовую кампэнсацыю. Пасьля таго, як на ягоную жонку завялі крымінальную справу, ён напісаў рапарт аб звальненьні па стане здароўя, аднак выехаў, так і не дачакаўшыся рашэньня. Сама затрыманая жанчына нібыта знаходзілася ў менскай лякарні, але змагла ўцячы адтуль, бо была без аховы.
У кватэры Пахолка правялі ператрус, сам ён цяпер знаходзіцца ў Амэрыцы, дадала крыніца.