Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Казлы вы майданныя, Беларусь дала вам мір». Як лукашэнкаўская прапаганда асьвятляе вайну ва Ўкраіне


Грыгорый Азаронак (зьлева), Андрэй Мукавозчык і застаўка прапагандысцкага тэлеграм-канала
Грыгорый Азаронак (зьлева), Андрэй Мукавозчык і застаўка прапагандысцкага тэлеграм-канала

Амаль тыдзень працягваюцца баявыя дзеяньні ва ўкраінскіх гарадах і мястэчках. Афіцыйных пацьверджаньняў таго, што беларускія вайскоўцы разам з расейскімі таксама ўдзельнічаюць у апэрацыі, няма. А вось прапагандысты не саромеюцца адкрыта падтрымліваць напад Расеі на Ўкраіну.

Свабода зірнула, што пішуць і кажуць пра вайну ва Ўкраіне дзяржаўныя СМІ, а таксама найбольш адыёзныя з прапагандыстаў.

Азаронак: «Героям сала!»

На фоне ўсіх тут вылучаецца журналіст тэлеканала СТБ Грыгорый Азаронак, які не выбірае словаў і актыўна распаўсюджвае фэйкі.

«Кажуць, Зяленскі ўжо даўно ў Львове. Коксавы клоўн не вылазіць з бункеру і плача, пацуку ўжо няма куды падзецца з гэтага карабля, які ідзе на дно...

Беларусь — агрэсар? Казлы вы майданныя, Беларусь дала вам мір. У нашым Палацы незалежнасьці ваш Порах жэр сала і дрыготкімі рукамі падпісаў «Менскія пагадненьні», — кажа Азаронак.

Пацьверджаньняў таго, што Ўладзімір Зяленскі пакідаў Кіеў, не было. На момант запісу словаў Азаронка прэзыдэнт Украіны дакладна знаходзіўся ў Кіеве, пра што сьведчыў ягоны відэазварот з вуліц сталіцы.

Заблякаваны ў Расеі сайт радыёстанцыі «Эхо Москвы» Азаронак назваў «русафобскай памыйніцай пэдафіла Венядзіктава». Але стылістыка Азаронка заўсёды троху адрозьнівалася ў бок радыкальнасьці ў параўнаньні зь іншымі калегамі па цэху.

Тур: «Крэмль іншы, Пуцін іншы»

Публіцыст АНТ Ігар Тур захапляецца паводзінамі Пуціна і Крамля, ён упэўнены, што менавіта яны атрымаюць перамогу.

«Белы дом вымушаны публічна падсьвечваць сваю стратэгію. І таму Байдэн і ЗША робяцца плюс-мінус прадказальнымі. Пуцін іншы, Крэмль іншы, Расея іншая. Ніхто паняцьця ня мае, што зьбіраецца зрабіць Расея. Пуцін непрадказальны. Усю спэцапэрацыю ва Ўкраіне Пуцін маўчыць. І гэта тое, што ўганяе ў страх ЗША і сьвет. Яны ня ведаюць. І рыхтуюцца да горшага. І з гэтай прычыны не робяць рашучых дзеяньняў. І прайграюць».

Дзермант: «Блізкі поўны разгром украінскай арміі»

Прарасейскі публіцыст Аляксей Дзермант нават перайменаваў свой тэлеграм-канал, цяпер ён называецца «ДZермант», лацінскую Z ён паставіў у гонар расейскіх войскаў, якія цяпер ваююць ва Ўкраіне. Менавіта літара Z красуецца на расейскай вайсковай тэхніцы.

Аляксей Дзермант
Аляксей Дзермант

«Тое, што адбываецца цяпер ва Ўкраіне, рыхтавалася і для Беларусі — крывавы дзяржаўны пераварот і зацяжны грамадзянскі канфлікт з уцягваньнем вонкавых сілаў. Мы мусілі пераўтварыцца ў антырасейскі фарпост. Абсалютна правільна ішла і ідзе плянамерная зачыстка падрыўных элемэнтаў з 2020 году, цяпер бы мы мелі чарговую спробу паўстаньня на фоне ўкраінскіх падзеяў. Мяркуючы па ўсім, блізкі поўны разгром украінскай арміі. Гэта агонія», — піша Дзермант.

Падрыўнымі элемэнтамі Дзермант называе зьліквідаваныя НДА і выціснутыя за мяжу незалежныя СМІ. Падчас беларускіх пратэстаў ніхто не выкарыстоўваў гвалту, а адзіную вітрыну пабіў тагачасны кіраўнік ГУБАЗіКу Мікалай Карпянкоў.

Аляксандар Шпакоўскі
Аляксандар Шпакоўскі

І Дзермант, і яшчэ адзін публіцыст Аляксандр Шпакоўскі зьмясьцілі ў сваіх тэлеграм-каналах мапы ваенных дзеяньняў ва Ўкраіне. Дзермант падпісаў яе «Мапа вызваленых тэрыторыяў Украіны», Шпакоўскі больш нэўтральна «Актуальная мапа абстаноўкі ва Ўкраіне». Пры гэтым Шпакоўскі прызнае, што насельніцтва Ўкраіны сапраўды супраць расейскай агрэсіі, але лічыць, што гэта можна лёгка выправіць.

«Паводле наяўных зьвестак, грамадзкія настроі ва Ўкраіне не на карысьць РФ. На інфармацыйным фронце прапаганда афіцыйнага Кіева, падмацаваная спэцыялістамі NATO, сапраўды эфэктыўная. Інфармацыйная прастора Ўкраіны закупораная, грамадзтва лічыць вінаватымі ў вайне Расею і часткова Беларусь і пэрсанальна Ўладзіміра Пуціна. Ці гэта незваротна? Безумоўна, не. Усё залежыць ад палітычнай працы ў будучыні. Тут можна ўспомніць прэцэдэнты ГДР, якая стала самым матываваным і адданым хаўрусьнікам СССР, ці Чачэнскай Рэспублікі, якая з крывавай раны Расеі стала яе мускулам», — кажа Шпакоўскі.

Гігін: «Гарыце ў пекле, здраднікі Расеі»

Не хаваў сваіх прыхільнасьцяў да Расеі кіраўнік рэспубліканскага таварыства «Веды» гісторык Вадзім Гігін.

Вадзім Гігін
Вадзім Гігін

«Пэўныя „зоркі“ заяўляюць нешта на гэтую тэму, пускаюць сьлёзы... А дзе вы былі апошнія 8 гадоў? Вам не было шкада дзяцей Данбасу? Некаторыя раптам успамінаюць, маўляў, „гэта наш братні ўкраінскі народ“. Ды што вы? А тое, што там прапаганда афіцыйнага Кіева (што пры Парашэнку, што пры Зяленскім, што пры Юшчанку) дэкляравала: мы больш не браты, мы ўвогуле з рознага кораня... Шавінізм зашкальваў усе гэтыя гады. Гэтага не заўважалі?

Я нікога не хачу нават пераконваць: тут кожны робіць выснову для сябе. Як некаторыя здраднікі РФ. Іх, дзякуй богу, няшмат, але яны ёсьць — у тым ліку з пазнавальнымі тварамі. Яны заяўляюць, што для іх ApplePay важнейшы, чым інтарэсы Расеі. Гарыце ў пекле! Вы больш ня рускія», — вызначае за суседні народ Гігін.

Мукавозчык: «Эўропа чакае свайго фюрэра»

Дзяржаўныя СМІ па-ранейшаму бяруць інфармацыю толькі з расейскіх дзяржаўных агенцтваў. На ўкраінскія СМІ яны не спасылаюцца зусім. Таму нярэдка ўзьнікаюць навіны кшталту «Алег Газманаў: урад Украіны заўжды быў марыянэткавым і сёньня застаецца пад абцасам ЗША».

Андрэй Мукавозчык
Андрэй Мукавозчык

Што да агульнай пазыцыі дзяржаўных мэдыя, то цяпер яны ўсё часьцей сьцвярджаюць, маўляў Беларусь у канфлікце выступае ў ролі міратворца. Шмат увагі на тое, што беларускія вайскоўцы не знаходзяцца на тэрыторыі Ўкраіны. «Беларусь і Лукашэнка робяць усё для міру», — заяўляе Алег Гайдукевіч.

«Усю Эўропу, здаецца, настройваюць на нянавісьць да расейцаў. І да беларусаў. Па адносінах да дзяржаваў, і да народаў, і да канкрэтных людзей, якія едуць па дарозе ці заходзяць у кавярню. Гэта новы макартызм, сучаснае паляваньне на вядзьмарак. А калі называць рэчы сваімі імёнамі, то нэанацызм. Толькі Гітлера не хапае, а так усё гатова. Аб’яднаная Эўропа чакае свайго фюрэра», — піша «залатое пяро» Андрэй Мукавозчык на старонках «Советской Белоруссии».

«Советская Белоруссия»: «Украінскія ўлады бескантрольна раздалі зброю кожнаму сустрэчнаму»

У рэпартажы зь перамоваў Расеі і Ўкраіны на беларускім Палесьсі «СБ» таксама займае выразную пазыцыю.

«Не зусім зразумела, на што Міхаіл Падаляк спрабуе зьвярнуць увагу расейскіх калег. Васьмігадовы генацыд мірнага насельніцтва ў ДНР і ЛНР? Можа быць, на тое, што ўкраінскія ўлады бескантрольна раздалі зброю кожнаму сустрэчнаму, што сёньня прыводзіць да забойстваў і марадэрства? Здаецца, пакуль толькі Ўкраіна „крайне неаб’ектыўна глядзіць на запушчаныя ёю працэсы“. У чужым воку воку парушынку бачыць, а ў сваім бервяно ня можа разгледзець».

Белаконеў: «ЗША штурхае славянскія народы ваяваць адзін супраць аднаго»

Яшчэ адзін папулярны ляйтматыў у дзяржаўных СМІ — гэта абвінавачаньні Захаду і ЗША ў вайне. Былы кіраўнік Генэральнага штабу, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алег Белаконеў кажа, што менавіта ЗША падштурхнулі "славянскія народы ваяваць адзін супраць аднаго.

Belarus — Major general Aleh Biełakonieŭ during breafing on "Zapad-2017" drill, 29aug2017
Belarus — Major general Aleh Biełakonieŭ during breafing on "Zapad-2017" drill, 29aug2017

Чалец Савету Рэспублікі, былы кіраўнік Фэдэрацыі хакею Дзьмітры Баскаў абураецца тым, што беларускіх спартоўцаў выкідаюць зь міжнародных фэдэрацыяў і спаборніцтваў. Ён лічыць, што Беларусь, наадварот, адзіная ў сьвеце спрабуе мірна разьвязаць канфлікт.

Галасоў у падтрымку Ўкраіны за шэсьць дзён вайны ў беларускіх дзяржаўных мэдыя не было зусім.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG