Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апублікавалі Закон аб амністыі: пад яго падпадаюць і тыя, хто не дайшоў да суду


Ілюстрацыйнае фота. Турма ў Горадні
Ілюстрацыйнае фота. Турма ў Горадні

10 сьнежня на Нацыянальным праўным інтэрнэт-партале зьявіўся тэкст закону «Аб амністыі ў сувязі з Днём народнага адзінства». Закон набывае моц з моманту апублікаваньня. Расказваем, што ў ім.

У адпаведнасьці з 2 артыкулам закону, могуць «вызваліць ад крымінальнай адказнасьці і спыніць папярэдняе расьсьледаваньне ў справах, якія знаходзяцца ў вядзеньні органаў крымінальнага перасьледу, і вядзеньне па крымінальных справах, не разгледжаных судамі, аб злачынствах, учыненых да ўступленьня ў сілу закону».

Пад дзеяньне амністыі падпадаюць наступныя катэгорыі асуджаных:

  • непаўналетнія,
  • пэнсіянэры,
  • цяжарныя жанчыны,
  • адзінокія мужчыны і жанчыны, якія маюць непаўналетніх дзяцей, калі яны зьдзейсьнілі злачынства ня супраць дзіцяці,
  • інваліды I і II групы;
  • хворыя на сухоты, на рак ІІ, ІІІ і IV клінічнай групаў, ВІЧ-інфікаваныя з 3-й і 4-й стадыямі захворваньня,
  • воіны-інтэрнацыяналісты, а таксама асобы, якія атрымалі раненьне ў войску ці іншых сілавых структурах,
  • пацярпелыя ад аварыі на ЧАЭС ці іншых радыяцыйных аварый.

Таксама амністыя прадугледжваецца для

  • асобаў, асуджаных з адтэрміноўкай ці ўмоўным непрымяненьнем пакараньня ці безь яго прызначэньня,
  • калі яны зьдзейсьнілі злачынствы, якія ня маюць вялікай грамадзкай значнасьці,
  • асобаў, якія зьдзейсьнілі менш цяжкія злачынствы і адбылі чвэрць тэрміну пакараньня,
  • тых, каму прызначана пакараньне ў выглядзе арышту.

На адзін год могуць скараціць пакараньне «хімікам» і асуджаным да пазбаўленьня волі, а таксама вызваленым умоўна-датэрмінова і тым, каму калёнію замянілі на «хімію» ці «хімію» — на грамадзкія працы.

Палітвязьняў амністыя не закране. У тэксьце закону пералічаны цэлы шэраг «палітычных» артыкулаў «экстрэмісцкай і тэрарыстычнай скіраванасьці», на якія не распаўсюджваецца дзеяньне Закона. У прыватнасьці, гэта арт. 130 («Распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасьці»), 293 («Масавыя беспарадкі»), 361-1 («Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім»), 368 (Абраза Лукашэнкі), 369 («Зьнявага прадстаўніка ўлады»).

Таксама закон не закране асуджаных за цяжкія і асабліва цяжкія злачынствы, асуджаных на 12 гадоў пазбаўленьня волі і больш, таксама тых, хто на момант падпісаньня закону не кампэнсаваў прычыненую шкоду, і злосных парушальнікаў парадку адбываньня пакараньня.

Згодна з праектам закону, улады плянавалі вызваліць каля 4,5 тысячы асуджаных, у тым ліку зь месцаў пазбаўленьня волі — 1600, зь іх 10 непаўналетніх, з папраўчых устаноў адкрытага тыпу («хіміі») — 500, з крымінальна-выканаўчых інспэкцый — 2,5 тысячы, а таксама скараціць тэрмін на адзін год практычна 4 тысячам асуджаных.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG