Сілавікі ў Беларусі маюць вялікі сьпіс ільготаў, кампэнсацый і рознага кшталту дапамогі ад дзяржавы. Пералічваем толькі некаторыя і параўноўваем жыцьцё звычайнага беларуса з жыцьцём сілавіка.
Права на льготнае жыльлё
У Беларусі сілавікі маюць права на льготны крэдыт. Гэтае права рэгулююць дзьве нормы: указ Лукашэнкі № 195 ад 2008 году і ўказ № 13 ад 2012 году. Згодна з гэтымі дакумэнтамі вайскоўцы, супрацоўнікі МУС ды іншыя сілавікі маюць права атрымаць ільготны крэдыт.
Крэдыт можа пакрыць да 90% патрэбаў (а ў гарадах, дзе жывуць да 20 тысяч чалавек, да 95%) на куплю ці рэканструкцыю жыльля. Ён выдаецца пад 5% гадавых (а ў гарадах, дзе жывуць менш за 20 тысяч чалавек, — пад 3% гадавых).
Таньнейшыя крэдыты ў Беларусі існуюць толькі для шматдзетных сем’яў — пад 1% гадавых. Звычайныя беларусы могуць разьлічваць на жыльлёвы крэдыт пад 15-18% гадавых.
Першаснае права на арэнднае жыльлё
Супрацоўнікі МУС маюць права першымі атрымліваць дзяржаўнае арэнднае жыльлё, агульная чарга на яго атрыманьне іх не датычыць. Звычайны беларус можа атрымаць кватэру ў арэндных дамах толькі па чарзе і пры ўмове працы на дзяржаўным прадпрыемстве ці ўстанове, якія такое жыльлё даюць.
Гарантыя месца для дзяцей у садку
Супрацоўнікам МУС Беларусі, паводле беларускага заканадаўства, гарантуюць месца для дзяцей у дзіцячых садках цягам трох месяцаў з дня падачы заявы. Міліцыянт сам можа выбіраць садок, і там яму ня могуць адмовіць.
Звычайны беларус часта вымушаны шукаць месца для дзіцяці ў дзяржаўным садку задоўга да таго, як яно туды пойдзе.
Кампэнсацыя арэнды
Паводле ўказу Лукашэнкі № 195 ад 2008 году, супрацоўнікі МУС таксама могуць разьлічваць на кампэнсацыю найму жылых памяшканьняў і жыхарства ў гатэлях.
Звычайнаму беларусу арэнду жыльля кампэнсуюць толькі ў выпадку службовых выправаў. У некаторых выпадках дзяржаўныя прадпрыемствы і ўстановы могуць часткова кампэнсаваць выдаткі на арэнду жыльля. Гэта датычыць у асноўным разьмеркаваных маладых спэцыялістаў.
Дапамога на аздараўленьне
Раз на год супрацоўнік МУС РБ можа атрымаць грашовую дапамогу на аздараўленьне. Гэта 10 базавых велічыняў, альбо на пачатак сьнежня 2022 году 320 рублёў.
Бясплатная мэдыцына ў асобных установах
Супрацоўнікі МУС таксама маюць права на бясплатнае мэдычнае абслугоўваньне ў арганізацыях аховы здароўя дэпартамэнту фінансаў і тылу МУС. Гэта асобныя мэдычныя ўстановы, якія абслугоўваюць дзейных ці былых сілавікоў. Лячыцца там могуць таксама іх сямейнікі.
Раньняя і высокая пэнсія
Каб выйсьці на пэнсію ў Беларусі, сілавіку трэба адслужыць 20 гадоў. Выхад на пэнсію па ўзросьце для салдатаў, сяржантаў, старшынаў і афіцэраў (да падпалкоўніка ўключна) — 48 гадоў. Зь некаторымі званьнямі служыць у сыстэме можна болей. Напрыклад, генэрал-палкоўнікі могуць служыць да 60 гадоў, палкоўнікі — да 50 гадоў.
Тых міліцыянтаў, хто захацеў застацца служыць далей, могуць зь іх згоды пакінуць на службе, але максымум да 65-гадовага ўзросту. Афіцыйна пэнсіянэрам сілавік можа стаць ужо ў 40 гадоў, пры гэтым спачатку дзяржава будзе выплачваць ня поўны памер належнай былому міліцыянту пэнсіі, а яе частку, якая паступова павялічваецца.
Афіцыйнай інфармацыі аб памеры пэнсіяў, якія атрымліваюць былыя сілавікі, у Беларусі не публікуюць. Аднак, паводле інфармацыі Свабоды, такія пэнсіі прыкладна ўдвая большыя, чым у пэнсіянэраў, якія працавалі ў іншых бюджэтных арганізацыях альбо ў прамысловасьці, і складаюць каля 1200 рублёў. Памер пэнсіі былога міліцыянта альбо вайскоўца ў Беларусі залежыць ад многіх фактараў — званьня, месца службы і іншых. Як расказвалі Свабодзе ў канцы 2020 году былыя сілавікі, якія звольніліся з МУС у званьні падпалкоўніка, іхныя пэнсіі складалі на той момант ад 700 да 1000 рублёў. З улікам усіх падвышэньняў у жніўні 2022 году яны мелі атрымаць прыкладна ад 800 да 1200. Для параўнаньня: пэнсія былога настаўніка — 500-600 рублёў, сярэдняя прызначаная пэнсія ў Беларусі ад сьнежня складае 670 рублёў. Мужчыны выходзяць на пэнсію ў 63 гады, жанчыны ў 58 гадоў.
Два настаўніцкія заробкі
Паводле актуальных аб’яваў пра вакансіі, у МУС міліцыянту прапаноўваюць заробак 1400–1500 рублёў. Для параўнаньня, настаўніку гатовыя плаціць 600–800 рублёў, прыкладна ўдвая меней.
Права на бяспраўе
Пасьля выбараў у жніўні 2020 году беларускія сілавікі чынілі нематываваны гвалт над пратэстоўцаў: дэманстрантаў білі, катавалі электрашокерамі і нават гвалтавалі. За гэта ня быў пакараны ніводны сілавік. Наадварот, Лукашэнка называў іх «красаўцамі».
А 17 траўня 2021 году Лукашэнка падпісаў закон, які дазваляе сілавікам беспакарана ўжываць баявую і спэцыялізаваную тэхніку для разгону дэманстрантаў. Згодна з гэтым законам, яны не нясуць адказнасьці за нанесеную людзям шкоду пры ўжываньні спэцсродкаў.
Звычайнага ж беларуса могуць затрымаць за шкарпэткі не таго колеру, бела-чырвоныя фіранкі на вокнах ці проста за перапіску ў чаце.
«Сілавікоў трымае страх, але ніяк не сацыяльныя гарантыі»
Свабода пагаварыла з былым сілавіком пра льготы, мэдыцыну ды іншыя гарантыі і тое, наколькі яны працуюць.
«У нейкім сэнсе ты можаш сябе адчуць больш сацыяльна абароненым, але праблема ў тым, што, хоць у цябе ёсьць сацыяльныя гарантыі, але ёсьць столь у заробку. Ты можаш разьвівацца прафэсійна і быць выдатным спэцыялістам у пэўнай сфэры, але заробак супрацоўніка будзе павялічвацца значна павальней, чым растуць ягоныя патрэбы», — кажа былы сілавік.
Што да льготнага крэдыту, то, па словах мужчыны, атрымаць яго нескладана. «Стаць у чаргу даволі лёгка, а вось дачакацца чаргі ня так лёгка. Можа расьцягнуцца на 5-8 гадоў», — кажа былы міліцыянт.
З арэндным жыльлём таксама няма праблем. Часам пад яго выглядам супрацоўніку сілавых структур могуць прапанаваць інтэрнат альбо будуць аплочваць палову кошту арэнднай кватэры.
«Сілавое ведамства можа прапанаваць супрацоўніку альбо інтэрнат, альбо частковае пагашэньне арэнды. Часта да 50%, але варта ўлічваць, што гэта датычыць аднапакаёвых ці двухпакаёвых кватэр. Аплачваць палову кошту арэнды царскіх палатаў сілавое ведамства ня будзе», — расказвае былы міліцыянт.
Узровень мэдыцыны ў спэцыялізаваных установах МУС былы сілавік ацэньвае як добры і адзначае, што чэргі там меншыя, чым у звычайных паліклініках
«Лекары сапраўды добрыя, і гэта факт. Узровень мэдыцыны раўназначны агульнарэспубліканскаму стандарту, а дзесьці і перавышае яго. Варта ўлічваць, што ў паліклініках для сілавікоў нічога звышнатуральнага няма, аднак можна хутчэй прайсьці УГД, атрымаць кансультацыі патрэбных лекараў і не чакаць па некалькі месяцаў. Чэргаў у звычайны час няма, за выключэньнем пэрыяду праходжаньня агульных мэдкамісій (часьцей за ўсё супрацоўнікі сілавых ведамстваў праходзяць яго цэнтралізавана), і ў гэты пэрыяд даводзіцца імправізаваць, каб прайсьці лекараў як мага хутчэй», — кажа мужчына.
На думку былога супрацоўніка сілавога ведамства, сацыяльныя гарантыі ня самы важны чыньнік, які ўтрымлівае сілавікоў ад звальненьня. Раней, на ягоную думку, гэта быў страх «апынуцца за плотам». Маўляў, «я нічога больш ня ўмею». А цяпер гэта страх іншага парадку.
«Як сілавіку абвесьціць аб звальненьні з органаў, калі барацьба са „змагарамі“ працягваецца? Ці не абвесьцяць яго змагаром? А калі знойдуць нешта забароненае? А калі ён калісьці пераслаў былому таварышу па службе нейкую антыдзяржаўную крамолу або „дзяржаўную таямніцу“, ці палічаць гэта здрадай дзяржаве? Бо зараз расстрэл за яе пагражае. А як пасьля такога своеасаблівага досьведу, атрыманага ў пачатку 2020-х гадоў, пайсьці на працу ў іншае месца? Сілавікоў трымае страх, але ніяк не сацыяльныя гарантыі», — кажа суразмоўца.