Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падкаст «Красаўцы». Чаму народ не перамог


Падкаст «Красаўцы»
Падкаст «Красаўцы»

Шостая частка падкасту «„Красаўцы“. Вайна супраць народу ў жніўні 2020» расказвае пра шматтытысячныя маршы пратэсту ў Менску, рэакцыю на іх сілавікоў і пачатак масавых рэпрэсій супраць беларусаў, якія не спыняюцца дагэтуль.

УВАГА! У падкасьце ёсьць нецэнзурная лексыка.

Аляксандар Азараў (былы супрацоўнік ГУБАЗіК і выкладчык Акадэміі МУС):

«У асноўным зьдзекаваліся і білі тыя, у каго садысцкія схільнасьці. Ня ўсе білі, нават ня ўсе АМАПаўцы білі. Ня ўсе салдаты ўнутраных войскаў білі. Я ведаю выпадкі, калі салдаты ўнутраных войскаў адводзілі затрыманых за рог і адпускалі. Забіралі іх у АМАПа і адпускалі. Ішла вельмі вялікая прапаганда сярод ніжняга пласта праваахоўных органаў. Гэта людзі малаадукаваныя, якія прыехалі ў асноўным з пэрыфэрыі, вёсак. Ім патрэбная чарка і скварка, як кажа Лукашэнка. Ім далі кватэру, заробак нармальны, і ён выконвае любы загад. Я нават упэўнены, што калі ў нас памяняецца ўлада, гэтыя ж людзі будуць біць прыхільнікаў Лукашэнкі з такой жа злосьцю, азьвярэньнем. Ім усё роўна, каго біць».

Алег Алкаеў, былы начальнік СІЗА № 1 у Менску («Валадарка»):

«Я патлумачу, чаму не было радыкалізму і чаму яго ня будзе. Возьмем калёнію — 2 тысячы чалавек. Калі я працаваў у Навасадах, было больш за 4 тысячы. На вышках усяго чатыры салдаты зь няпоўнымі магазынамі нават. Падавалася б, гэтая маса можа зьнесьці плот, яны паваляць яго, але першыя 10–15 загінуць. І вось такіх першых 10–15 у калёніі не знаходзілася. Усе марылі пра свабоду, але пытаньне было, хто ж пойдзе. Так і ў гэтым выпадку. Можна было павярнуць натоўп на рэзыдэнцыю прэзыдэнта, на МУС, на КДБ, на нейкую вайсковую частку. І першыя загінуць. Гэта ўсе разумеюць. Падстаўляць цывільных асобаў, жанчын ці мужчын у першыя пяцёрку-дзясятку — гэта барбарства і не зусім прыстойна.

Мы маем справу з аўтарытарным рэжымам, які ня спыніцца і будзе ўжываць сілу і зброю. Па іх будуць страляць. Гэта ўсе ведалі. Ці можна гэта практычна зрабіць? Так, можна, калі пераходзіць на бок народу арганізаваная вайсковая частка, а яшчэ лепей — арганізаваны АМАП, спэцназ ды іншыя. У межах батальёну нешта можна вырашыць».

Андрэй Астаповіч (былы сьледчы Сьледчага камітэту):

«Калі параўноўваць час, калі я звальняўся, і тое, што там адбываецца цяпер, то працэнт заўзятых „ябацек“ дакладна вырас. Плюс прапаганда. Калі кожны дзень цягам году-двух слухаць, што ўсё гэта справа Захаду, агентура, што нас з Расеяй зьбіраюцца парваць, зрабіць рабамі... Думаю, што частка ўсё роўна ў гэта паверыць. Рэшта — гэта маўклівыя абывацелі, якія хочуць спакойна жыць, даводзіцца чымсьці паступацца. Нейкіх прычын хвалявацца, што нешта хутка зьменіцца і што іх пакараюць, у іх няма. Для нашых людзей важнае не само жыцьцё, а праца. У нас усё пабудавана на тым, што ніякага запасу няма. Калі ты губляеш працу, то табе з наступнага месяца няма чаго есьці. Я нават сьледчым так жыў».

Сьвятлана Алексіевіч (пісьменьніца):

«У нас былі шанцы. Я думаю, што гэта было, калі быў самы вялікі мітынг, калі ішлі да стэлы, і Маша Калесьнікава казала: „Толькі ня трэба, толькі ня трэба“.

Мы ўсе баяліся крыві. Там крыві не баяліся, а мы баяліся, адчувалі адказнасьць. Стары чалавек стаяў і не пускаў людзей разыходзіцца. Мне пра гэта расказалі, я думаю, ён памятаў 1991 год. Бегалі па плошчах, крычалі пра свабоду, а потым разышліся па дамах...

А трэба, напэўна, было рабіць тое, што рабілі ўкраінцы падчас аднаго з Майданаў — яны некалькі месяцаў стаялі. Я ня ведаю, чаму мы гэта ня выкарысталі. Гэта было вельмі прыгожа, вельмі мірна. Наш аўтарытэт у сьвеце — ён за кошт мірнасьці, таму што мы не хацелі крыві. Час іншы, а дыктатары старыя. Вось у чым складанасьць... Яны перакручана разумеюць сваё месца ў гісторыі. Яны не разумеюць, што пра іх гісторыя напіша. Што гэта быў страчаны час, што яны нас акунулі ў бездань. Ня мы, а яны».

Сьвятлана Ціханоўская (былая кандыдатка ў прэзыдэнты):

«Праз тое, што мы знаходзіліся ў эўфарыі, нам здавалася, што вось-вось нашая перамога... калі б не сыходзілі з вуліц, калі б на наступны дзень, тыдзень людзі не выходзілі на працу — вось такое людзям трэба было прапаноўваць, але неяк тады ўсё было... Кожны сам прымаў рашэньне, здавалася, што вось людзі ўсё зразумелі, і відавочна, што забастоўкі пачнуцца на заводах, што людзі ня будуць сыходзіць з вуліц. Але і ачуўся рэжым, пачаліся масавыя рэпрэсіі, і тады ўжо пачаў у людзях пасяляцца страх. І вось гэта ўсё разам у сукупнасьці не дало нам хутка завяршыць пачатае. Недзе чагосьці не хапіла.

Але радуе тое, што людзі не спыніліся, радуе тое, што людзі ня склалі рукі і кожны дзень паціху штосьці робяць, каб ня даць рэжыму расслабіцца. І рэжым таксама гэта ведае. Ведаеце, лёгка, канечне, запалохаць людзей з дапамогай зброі, з дапамогай гвалту — гэта такія мэтады дзейсныя, скажам так, але мы павінны разумець, што беларусы, мірныя беларусы трымаюць у напружаньні рэжым таксама».

Толькі аўдыё:

Падкаст «„Красаўцы“. Вайна супраць народу ў жніўні 2020-га» расказвае аб пратэстах пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі з гледзішча сілавікоў. Новыя часткі шасьцісэрыйнага падкаст-сэрыялу зьяўляюцца кожны аўторак.

Дзе і як слухаць падкаст «Красаўцы»

Як падпісацца на «Красаўцаў», каб не прапусьціць ніводнага эпізоду

Наш падкаст дасяжны на ўсіх папулярных падкаст-плятформах і ня толькі. Для зручнасьці мы сабралі для вас наўпроставыя спасылкі. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў з нашым падкастам, якая адпавядае вашай прыладзе ў гэты момант.

Падкаст... Што гэта?

Падкаст — гэта аўдыёпраграма, якую можна спампаваць і слухаць у інтэрнэце. Як і радыёперадачы, падкасты часта дзеляцца на цыклі, сэзоны, асобныя часткі і могуць быць прысьвечаныя канкрэтнай тэме. Але гэта нашмат зручней за радыё, бо вы можаце слухаць іх у любы час і на любой зручнай для вас прыладзе і лічбавай плятформе.

Каб карыстацца мабільнымі падкаст-сэрвісамі, неабходна ўсталяваць іх на ваш смартфон. Калі вы падпісаліся на наш падкаст, аплікацыя сама паведаміць аб зьяўленьні новага выпуску.

Усе падкасты Свабоды тут

У падкасьце выкарыстаныя запісы тэлефонных размоваў міліцэйскага начальства, якія рабілі спэцслужбы Беларусі. Гэтыя файлы зьявіліся ў сеціве дзякуючы групоўцы «Кібэрпартызаны» і ініцыятыве «Байпол». Экспэрты пацьвердзілі сапраўднасьць гэтых аўдыёзапісаў.

СЛУХАЙЦЕ І ГЛЯДЗІЦЕ ПАПЯРЭДНІЯ ВЫПУСКІ «КРАСАЎЦАЎ»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG