Ён заявіў, што «трагічная сьмерць кіраўніка МЗС Беларусі стала для ўсіх нечаканасьцю, ён быў сапраўдным патрыётам і шчырым сябрам Расеі», паведамляе ТАСС.
Кіраўнік МЗС Расеі Лаўроў наведаў амбасаду Беларусі ў Маскве і пакінуў запіс у кнізе спачуваньняў у памяць пра памерлага 26 лістапада беларускага калегу.
«Трагічная падстава для наведваньня амбасады Рэспублікі Беларусь — заўчасны, зусім нечаканы для ўсіх скон Уладзімера Ўладзімеравіча Макея, міністра замежных спраў, выдатнага дыплямата, дзяржаўнага дзеяча, сапраўднага патрыёта сваёй радзімы і вялікага, шчырага сябра нашай краіны», — сказаў Лаўроў.
Кіраўнік МЗС Беларусі Ўладзімер Макей раптоўна памёр у суботу 26 лістапада на 65-м годзе жыцьця. Афіцыйна пра абставіны і прычыны сьмерці да сёньня не паведамляюць.
Лаўроў меў прыбыць у Менск з візытам 27 лістапада, але з-за сьмерці Макея прыезд быў скасаваны.
Цырымонія разьвітаньня прайшла ў менскім Доме афіцэраў, на ёй прысутнічаў Аляксандар Лукашэнка. Пахавалі Ўладзімера Макея на Ўсходніх могілках у Менску.