Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памёр 12-гадовы менскі школьнік, на якога ўпала футбольная брама


Футбольная брама, ілюстрацыйнае фота
Футбольная брама, ілюстрацыйнае фота

30 лістапада пройдзе пахаваньне хлопчыка.

Памёр 12-гадовы хлопчык, на якога ў лістападзе ўпала футбольная брама на адной з спартовых пляцовак у Менску. Пра гэта паведамляе выданьне «Смартпресс» з спасылкай на крыніцы, блізкія да сям’і дзіцяці.

Няшчасны выпадак здарыўся днём 12 лістапада на пляцоўцы паблізу жылых дамоў на вуліцы Фогеля. 12-гадовы хлопчык, які гуляў у футбол разам зь сябрамі, заскочыў на браму і стаў разгойдвацца. Ад вагі цела мэталічная канструкцыя нахілілася і ўпала на падлетка.

Хлопчык атрымаў цяжкую чэрапна-мазгавую траўму і знаходзіўся ў рэанімацыі на апараце штучнай вэнтыляцыі лёгкіх, яго стан ацэньвалі як цяжкі. Яму зрабілі апэрацыю.

Высьветлена, што ў парушэньне патрабаваньняў бясьпекі футбольная брама не была замацаваная. Сьледчы камітэт пачаў крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 428 («службовая нядбайнасьць») Крымінальнага кодэксу.

У Беларусі ўжо здараліся выпадкі, калі дзеці гінулі ад дрэнна замацаваных брамаў. Увечары 1 лістапада 2019 году ў вёсцы Русіно Баранавіцкага раёну дзеці гулялі ў футбол на школьным стадыёне. 11-гадовы хлопчык забраўся на браму і стаў разгойдвацца. Канструкцыя ўпала і прыціснула яго, а папярочка брамы ўдарыла па галаве. Дактары, якія прыехалі на выклік, спрабавалі выратаваць дзіця, але не пасьпелі, яно сканала на месцы.

У справе аб гібелі дзіцяці судзілі дырэктара школы Аляксандра Пугача (на той момант ужо былога — 47-гадовы мужчына пайшоў з пасады адразу пасьля завядзеньня крымінальнай справы і працаваў звычайным настаўнікам). Яго прызналі вінаватым у службовай нядбайнасьці і прысудзілі яму 2,5 года абмежаваньня волі («хатняй хіміі») з забаронай займаць кіроўныя пасады 5 гадоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG