«Калі малы моцна плакаў, яго наогул маглі зачыніць у пакоі, дзе стаяць ложкі»
Марыя (імя зьмянілі на просьбу суразмоўцы) разам з мужам і чатырохгадовым сынам пераехалі ў Польшчу ў лістападзе 2021 году. Уладкавацца ў дзяржаўны садок у сярэдзіне года было складана, а яшчэ Марыі заўжды хацелася вадзіць дзіця ў прыватную ўстанову.
«Недалёка ад нас я заўважыла прыватны садок. У яго быў новы будынак прыгожы, на сайце шмат здымкаў, як дзеці займаюцца, ну і кошт для Варшавы быў зусім не вялікі — 690 злотых. Я зразумела, што часткова садок спансуецца дзяржавай, а часткова ты кампэнсуеш, плюс харчаваньне і забавы. У садку было шмат вольных месцаў, бо раён новы, ня вельмі папулярны. Я проста дамовілася з дырэктаркай прыехаць і паглядзець, мне ўсё спадабалася, мы запісаліся без праблем», — кажа беларуска Марыя.
Першае ўражаньне ад садочка было вельмі добрае, але потым Марыя расчаравалася.
«Маё дзіця, калі мы толькі прыехалі, не размаўляла па-польску. І здарылася непрыемная сытуацыя, калі памочніца выхавальніка сказала сыну: „Жывеш у Польшчы, значыць, павінен размаўляць па-польску“. У дзіцяці на пачатку былі моцныя праблемы з камунікацыяй, сын пытаўся: „Чаму мы пераехалі ў Польшчу? Я нічога не разумею, я хачу назад дадому, да сваіх сяброў, у беларускі садок“. Мне было вельмі балюча, я тлумачыла, што мы пакінулі ў Беларусі родных, сяброў, але тут мы навучымся размаўляць па-польску і ўсё будзе добра, мы знойдзем новых сяброў, усё будзе лягчэй».
Спачатку ў сына Марыі было моцнае адмаўленьне польскай мовы — ён паўсюль хацеў размаўляць па-расейску.
«Зь вясны ў групе стала шмат дзяцей з Украіны і прыйшла выхавальніца-ўкраінка. Атрымалася так, што дзіця ў садку чула ўкраінскую, расейскую, трохі польскую, а яшчэ былі заняткі ангельскай і гішпанскай мовамі. Тады сын проста пачаў гаварыць няскладнай „кашай“ з розных моў і яго ніхто не разумеў».
Адна з выхавальніц у прыватным садку дазваляла сабе крычаць на дзяцей, кажа Марыя.
«У мяне сапраўды вельмі адчувальнае дзіця. У беларускім садку, калі малы моцна плакаў, яго наогул маглі зачыніць у пакоі, дзе стаяць ложкі, каб ён не палохаў і не перашкаджаў іншым дзецям. Гэта жудасна. Тут, у Польшчы, таксама, калі я прыходзіла ўвечары забіраць дзіця, ён стаяў у куце, плакаў і ніхто на гэта не рэагаваў. Сына часта крыўдзілі іншыя дзеці, выхавальніцы не маглі зь імі справіцца, дзіця пастаянна прыходзіла пабітым, падрапаным, зьбіралася ў садок са сьлязамі».
Марыя кажа, што адаптацыя ў сына праходзіла вельмі цяжка.
«Дзеці яго не прымалі, ніхто не хацеў зь ім гуляць. І малы хацеў прыцягнуць да сябе ўвагу, паводзіў сябе вельмі дрэнна. Аднойчы выхавальніца прынесла рондаль з макаронай, а малы палез туды рукамі, іншыя дзеці плакалі, што ня будуць гэта есьці».
«Тут няма стрэсу, усё спакойна, расслаблена»
Тады Марыя прыняла рашэньне перавесьці дзіця ў дзяржаўны садок. У Польшчы цікавая сыстэма ўладкаваньня, якая праходзіць праз сайт Міністэрства адукацыі.
«Трэба было запоўніць нейкія дадзеныя, за якія давалі балы: калі ў дзіцяці зроблены ўсе прышчэпкі па календары; калі бацькі абое працуюць на поўную стаўку ці вучацца на дзённым аддзяленьні; калі хтосьці ў сям’і з інваліднасьцю або маці-адзіночка. За ўсё гэта даюць розную колькасьць балаў, і выйграе рэкрутацыю той, у каго іх найбольш. Мы нейкім цудам прайшлі і трапілі ў садок».
Жанчына кажа, што адразу заўважыла адрозьненьні ад беларускага садка.
«Тут, у дзяржаўным польскім садку, вельмі спакойна ставяцца да спазьненьняў. У Беларусі трэба было роўна ў 8:20 прыехаць у сад, інакш дзіця спазьняецца на сьняданак, выхавальнікі пачынаюць сварыцца, кажуць, што ня маюць права яго ўпускаць. А тут у цябе проста пытаюцца, ці будзе дзіця сьнедаць. Тут няма стрэсу, усё спакойна, расслаблена».
Таксама Марыі вельмі падабаецца, што ў польскіх садках няма дзённага сну ў старэйшых групах дзяцей, бо ў Беларусі ў ейнага сына былі з гэтым праблемы.
«Маё дзіця ня любіць спаць удзень, і калі ён усё ж такі засынаў, то ўначы яго было вельмі цяжка ўкласьці, а раніцай немагчыма падняць. І самае жудаснае, што калі дзіця не хацела спаць, то яго прымушалі. Потым выхавальніца магла насварыцца на мяне, маўляў, як гэта так, што ў дзіцяці не наладжаны рэжым! У польскім садку сну няма, дзіця засынае дома а 9-й вечара і ўстае а 7-й раніцы, яму хапае сіл на цэлы дзень».
Марыя зазначае, што ў польскім садку ўсе дзеці прыходзяць са сваімі бутэлечкамі для вады і няма аднаразовых кубачкаў.
«Тут няма гэтых кулераў з вадой у кожнай групе. У Беларусі ж мы павінны былі пастаянна здаваць грошы, каб купіць кулеры, кубачкі аднаразовыя, якія дзеці бясконца бралі, штук па 10. У Польшчы ў кожнага дашкольніка і школьніка ёсьць свая бутэлечка, якую можна купіць усюды і для любога ўзросту. Дзеці вельмі любяць свае бутэлечкі, даглядаюць за імі, усюды іх з сабой носяць. Яшчэ плюс, што калі дзіця ня п’е ваду, можна наліць яму сок ці кампот».
«У нас быў экстраны бацькоўскі сход, бо дзеці абражалі адно аднаго, казалі дрэнныя словы»
Вялікая розьніца і ў часе працы польскага садка, кажа Марыя.
«Тут дзяржаўныя садкі працуюць да 5-й вечара, але з 6:30 раніцы. Палякі такія раньнія птушкі, яны рана пачынаюць працаваць і рана заканчваюць. А ў Беларусі садкі працавалі з 7-й да 7-й вечара. У Польшчы вельмі строга з часам, спазьняцца забіраць дзіця нельга, а 5-й вечара ўжо нікога не павінна быць. Я ніколі не парушала гэтага правіла, але ведаю, што могуць нават даць штраф нейкі».
У садку, дзе выхоўваецца сын Марыі, няма сваёй кухні. Ежу дастаўляюць розныя кейтэрынгавыя кампаніі. Што будзе есьці дзіця, можна выбраць праз адмысловую аплікацыю на тэлефоне ці праз сайт.
«Калі дзіця захварэла і не ідзе ў сад, то ежу можна адмяніць да 12-й гадзіны. Такое харчаваньне на дзень каштуе 17 злотых, у месяц выходзіць каля 350. Некаторыя не задаволеныя, што дзецям часта на сьняданак даюць бутэрброды, але тут добрай якасьці прадукты, яны смачныя. Яшчэ з бутэрбродам даюць нарэзаную гародніну і малако. На абед даюць суп з гародніны, а другая страва — нейкія блінцы з тварагом, міні-піца, варэнікі са шпінатам, мясам. Ёсьць яшчэ падвячорак: ёгурт з бананам ці булачка з яблыкам».
Марыі таксама вельмі падабаецца падыход да дзяцей у польскім садку, дзе выхавальнікі не замоўчваюць праблемы.
«У нас быў нядаўна экстраны бацькоўскі сход, бо дзеці абражалі адно аднаго, казалі дрэнныя словы. Сабралі бацькоў, проста сказалі, што чакаюць падтрымкі, каб мы пагаварылі з малымі, патлумачылі, што нельга называць іншых брыдкімі словамі».
Таксама дзеці часта езьдзяць на экскурсіі.
«Нядаўна яны былі на гарбузовай фэрме, дзе быў кантактны заапарк з свойскімі жывёламі, усялякія забавы восеньскія. Потым, калі прагаладаліся, зайшлі ў „МакДональдс“, — усьміхаецца Марыя. — Дзеці былі вельмі шчасьлівыя, але адной маме гэта не спадабалася, таму яна прасіла такога не рабіць. Потым яны яшчэ езьдзілі ў майстэрню, рабілі цацкі з дрэва. Былі нават у аўтобусным парку, дзе расказвалі, як трэба паводзіць сябе ў транспарце, паказвалі, як мыюць і абслугоўваюць аўтобусы, і яшчэ там падарункі зрабілі».
Цяпер сын Марыі амаль без памылак гаворыць некаторыя выразы па-польску, бо мае штодзённую практыку ў польскай групе.
«З таго моманту, як мы перайшлі ў дзяржаўны польскі садок, дзіця ні разу з раніцы не пачынала вось гэтага: „Не пайду ў сад, мне не падабаецца, мяне там крыўдзяць“. Да гэтага сын амаль два гады ўставаў з тым, што не хацеў ісьці: год у Беларусі і год у польскім прыватным садку. Нават калі забіраю яго, то ня надта бяжыць да мяне, а значыць, адчувае сябе ў садку камфортна».
Марыя кажа, што выхавальнікі заўжды гатовыя дапамагчы, зь цярпеньнем і спакоем да ўсяго падыходзяць.
«Польская сыстэма мне падабаецца больш, бо ты не нэрвуесься, каб, ня дай Божа, не спазьніцца, нешта зрабіць ня так. І ад гэтага спакою так прыемна, гэта так расслабляе. У Беларусі баісься зрабіць нешта ня так, бо сутыкнесься з асуджэньнем, раздражненьнем. Я вельмі задаволеная цяпер садком і рада, што мы туды трапілі».