Па словах дэпутата ад кіроўнай у Армэніі партыі «Грамадзянская дамова» Армэна Хачатр’яна, тупік перамоваў працягнецца нядоўга.
«Увогуле, адмены любых перамоваў, любых сустрэч заводзяць у тупік і яшчэ больш зацягваюць пазытыўны перамоўны працэс. І, так, адмена Аліевым сустрэчы азначае, што ўзьнікаюць новыя ўскладненьні ў гэтых перамоўных працэсах», — сказаў Хачатр’ян у размове з армянскай Свабодай.
Аднак у хуткім часе перамовы адновяцца, лічыць палітык.
Прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў 25 лістапада на міжнароднай канфэрэнцыі ў Баку заявіў, што заплянаваная на 7 сьнежня сустрэча не адбудзецца. Ён абвясьціў, што шукаецца пасярэднік і адпаведная пляцоўка для далейшых перамоваў.
Прэм’ер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян, па словах Аліева, пагадзіўся сустрэцца толькі з удзелам прэзыдэнта Францыі Эманюэля Макрона.
Апошнім часам і зь Ерэвану, і з Баку, і зь Сьцепанакерту амаль кожны дзень паступаюць паведамленьні аб страляніне на мяжы. Правал перамоваў павялічвае рызыку новых сутыкненьняў, лічыць дэпутат апазыцыйнай фракцыі «Маю гонар» Тыгран Абрамян.
Нягледзячы на заявы ўладаў Армэніі аб магчымасьці падпісаньня мірнага пагадненьня да канца году, у гэтай сытуацыі як прадстаўнікі палітычных сілаў, так і экспэрты ня лічаць падпісаньне дакумэнту рэалістычным. Па словах палітычнага аглядальніка Армэна Багдасар’яна, перамоўны працэс знаходзіцца ў тупіку ўжо два гады, пачынаючы ад таго, што Азэрбайджан не вярнуў усіх зьняволеных паводле дакумэнту ад 9 лістапада 2020 году, да ўварваньня на тэрыторыю Армэніі і безвыніковых перамоваў.
Афіцыйны Ерэван абверг заявы Аліева аб тым, што армянскі бок спрабуе сарваць сьнежаньскую сустрэчу і мірны працэс. У МЗС падкрэсьлілі, што Армэнія гатовая да сустрэчы 7 сьнежня ў адпаведнасьці з дамоўленасьцямі і фарматам, дасягнутымі ў Празе.
Канфлікт у Карабаху
- Тэрытарыяльная спрэчка паміж Армэніяй і Азэрбайджанам вакол Нагорнага Карабаху доўжыцца з канца 1980-х гадоў. Населеная пераважна этнічнымі армянамі Нагорна-Карабаская аўтаномная вобласьць пры падтрымцы Армэніі заявіла аб выхадзе з Азэрбайджанскай ССР, а ў верасьні 1991 году абвясьціла аб стварэньні «Нагорна-Карабаскай рэспублікі» («Арцах» па-армянску).
- Падчас узброенага канфлікту 1988–1994 гадоў у рэгіёне загінулі 30 тысяч чалавек. Нагорны Карабах і некалькі прылеглых да яго раёнаў Азэрбайджану перайшлі пад фактычны кантроль узброеных сілаў Армэніі. У выніку сотні тысяч чалавек, пераважна этнічныя азэрбайджанцы, сталі ўцекачамі і вымушанымі перасяленцамі.
- «Нагорна-Карабаская рэспубліка» не была афіцыйна прызнаная ніводнай зь дзяржаваў ААН, у тым ліку самой Армэніяй. У 1993 годзе ААН прыняла чатыры рэзалюцыі з патрабаваньнямі вываду армянскіх войскаў з Карабаху і прызнаньнем тэрыторыі часткай Азэрбайджану.
- Пасьля чарговага абвастрэньня сытуацыі ў канцы верасьня 2020 году Азэрбайджан вярнуў пад свой кантроль раёны вакол Нагорнага Карабаху і ўзяў старажытны і сымбалічна істотны горад Шуша. Назаўтра пасьля ўзяцьця Шушы прэмʼер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян, прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў і прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін падпісалі мірнае пагадненьне аб спыненьні вайны ў рэгіёне.
- Паводле дамовы за Армэніяй і Азэрбайджанам замацаваныя тэрыторыі, на якіх знаходзіліся войскі на момант падпісаньня дакумэнту. Уздоўж лініі дотыку разьмешчана міратворчая місія Расеі, якая на ліпень 2021 году складае каля 2 тысяч чалавек.
- Нягледзячы на мірнае пагадненьне 2020 году, паміж войскамі дзьвюх краін пэрыядычна ўзьнікаюць перастрэлкі, якія прыводзяць да ўзяцьця ў палон, раненьняў і гібелі.