Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Азэрбайджан раскрытыкаваў Францыю і Армэнію за дакумэнт перад самітам франкафоніі


Нікол Пашыньян на саміце франкафоніі ў 2018 годзе
Нікол Пашыньян на саміце франкафоніі ў 2018 годзе

Афіцыйны Баку абвінаваціў Францыю ў выкарыстаньні Міжнароднай арганізацыі франкафоніі (OIF) як «інструмэнту сваёй зьнешняй палітыкі», заявіўшы, што будзе разглядаць прынятыя ёю дакумэнты як «палітычна неаб’ектыўныя».

МЗС Азэрбайджану назваў «правакацыйнымі» выказваньні міністра замежных спраў Армэніі Арарата Мірзаяна, зробленыя падчас міністэрскай сустрэчы напярэдадні саміту франкафоніі ў Тунісе, які пачаўся 19 лістапада. Баку таксама раскрытыкаваў, як ён назваў, «антыазэрбайджанскую пазыцыю членаў арганізацыі».

Зьвяртаючыся да праекту рэзалюцыі аб крызісных сытуацыях на франкамоўнай прасторы, Мірзаян сказаў, што краіны і ўрады франкафоніі «выказалі салідарнасьць з Армэніяй, зрабіўшы сваімі асноўныя пытаньні, якія вызначаюць мірнае ўрэгуляваньне паміж бакамі канфлікту» паміж Азэрбайджанам і Армэніяй аб Нагорным Карабаху.

Мірзаян падкрэсьліў, што пункты заявы адносна Армэніі, якая зьяўляецца паўнапраўным сябрам OIF з 2012 году, «вельмі ўзважаныя і ўяўляюць сабой вынік кампрамісаў, да якіх Армэнія прыклала вялікія намаганьні».

Азэрбайджан, які не ўваходзіць у арганізацыю франкафоніі, заявіў, што лічыць, што канчатковая вэрсія дакумэнту зьмяшчае некаторыя элемэнты, якія «не ўваходзяць у юрысдыкцыю мандату арганізацыі». Баку заявіў, што Армэнія можа выкарыстоўваць гэтыя элемэнты «для правядзеньня палітычнай прапаганды».

МЗС Азэрбайджану таксама абвінаваціў Францыю ў выкарыстаньні «палітычнага ціску» ў працэсе ўзгадненьня тэксту дакумэнту.

Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон, прэзыдэнт Эўрапейскай рады Шарль Мішэль, прэм’ер-міністар Канады Джастын Трудо і лідэры іншых франкамоўных краін прымаюць удзел у саміце OIF з 54 членаў, які праходзіць на туніскім востраве Джэрба.

У сваім выступе на саміце прэм’ер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян заявіў пра акупацыю армянскіх тэрыторый Азэрбайджанам, заявіўшы, што Баку парушае асноўныя прынцыпы Статуту ААН, у прыватнасьці прынцып непрымяненьня сілы супраць тэрытарыяльнай цэласнасьці любой дзяржавы. Пашыньян таксама пацьвердзіў прыхільнасьць Армэніі «ўнесьці свой уклад у працэс дасягненьня мірнай дамовы з Азэрбайджанам, а таксама забясьпечыць правы і бясьпеку армянскага насельніцтва Нагорнага Карабаху».

Афіцыйны Ерэван заяўляе, што ў цяперашні час Азэрбайджан акупуе дзясяткі квадратных кілямэтраў сувэрэннай тэрыторыі Армэніі, якую захапіў у выніку шэрагу ўварваньняў з траўня 2021 году. Баку адмаўляе гэта.

Канфлікт у Карабаху

  • Тэрытарыяльная спрэчка паміж Армэніяй і Азэрбайджанам вакол Нагорнага Карабаху доўжыцца з канца 1980-х гадоў. Населеная пераважна этнічнымі армянамі Нагорна-Карабаская аўтаномная вобласьць пры падтрымцы Армэніі заявіла аб выхадзе з Азэрбайджанскай ССР, а ў верасьні 1991 году абвясьціла аб стварэньні «Нагорна-Карабаскай рэспублікі» («Арцах» па-армянску).
  • Падчас узброенага канфлікту 1988–1994 гадоў у рэгіёне загінулі 30 тысяч чалавек. Нагорны Карабах і некалькі прылеглых да яго раёнаў Азэрбайджану перайшлі пад фактычны кантроль узброеных сілаў Армэніі. У выніку сотні тысяч чалавек, пераважна этнічныя азэрбайджанцы, сталі ўцекачамі і вымушанымі перасяленцамі.
  • «Нагорна-Карабаская рэспубліка» не была афіцыйна прызнаная ніводнай зь дзяржаваў ААН, у тым ліку самой Армэніяй. У 1993 годзе ААН прыняла чатыры рэзалюцыі з патрабаваньнямі вываду армянскіх войскаў з Карабаху і прызнаньнем тэрыторыі часткай Азэрбайджану.
  • Пасьля чарговага абвастрэньня сытуацыі ў канцы верасьня 2020 году Азэрбайджан вярнуў пад свой кантроль раёны вакол Нагорнага Карабаху і ўзяў старажытны і сымбалічна істотны горад Шуша. Назаўтра пасьля ўзяцьця Шушы прэмʼер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян, прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў і прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін падпісалі мірнае пагадненьне аб спыненьні вайны ў рэгіёне.
  • Паводле дамовы за Армэніяй і Азэрбайджанам замацаваныя тэрыторыі, на якіх знаходзіліся войскі на момант падпісаньня дакумэнту. Уздоўж лініі дотыку разьмешчана міратворчая місія Расеі, якая на ліпень 2021 году складае каля 2 тысяч чалавек.
  • Нягледзячы на мірнае пагадненьне 2020 году, паміж войскамі дзьвюх краін пэрыядычна ўзьнікаюць перастрэлкі, якія прыводзяць да ўзяцьця ў палон, раненьняў і гібелі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG