Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Нагорным Карабаху дзясяткі тысяч выйшлі на мітынг за незалежнасьць


Мітынг за незалежнасьць у Стэпанакерце (Ханкендзі), 30 кастрычніка 2022
Мітынг за незалежнасьць у Стэпанакерце (Ханкендзі), 30 кастрычніка 2022

У сталіцы самаабвешчанай Нагорна-Карабаскай рэспублікі Стэпанакерце (Ханкендзі) прайшоў мітынг за незалежнасьць, які сабраў дзясяткі тысяч чалавек.

У гэты ж час парлямэнт самаабвешчанай рэспублікі падпісаў заяву пра недапушчальнасьць пераходу рэгіёна пад кантроль Азэрбайджану.

Незалежнасьць Нагорна-Карабаскай рэспублікі была абвешчаная этнічнымі армянамі былой савецкай Нагорна-Карабаскай аўтаномнай вобласьці на пачатку 1990-х гадоў. Ніводная краіна сьвету яе не прызнала. Пасьля баявых дзеяньняў 2020 году частка рэгіёну перайшла пад кантроль Азэрбайджану.

Паводле кіраўніка ўраду самаабвешчанай НКР Артака Беглар'яна, на мітынг выйшлі каля 40 тысячаў жыхароў, або амаль траціна ўсяго насельніцтва самаабвешчанай рэспублікі. Паводле іншых падлікаў, мітынг сабраў да 70 тысячаў чалавек, што складае ўжо палову ўсіх жыхароў рэгіёну. Удзельнікі мітынгу несьлі, сярод іншых, плякаты з патрабаваньнем спыніць «агрэсію Азэрбайджану» і расейскія трыкалёры.

На цэнтральнай плошчы, куды ішлі калёны людзей, трансьлявалася пазачарговае пасяджэньне Нацыянальнага сходу Нагорна-Карабаскай рэспублікі. Па яго выніках дэпутаты прынялі заяву аб недапушчальнасьці спробаў пераходу рэгіёну пад кантроль Баку і зварот да ўладаў Армэніі і Расеі.

«Арцах (армянская назва Нагорнага Карабаху. — РС) ніколі ня быў і ня будзе ў складзе незалежнага Азэрбайджану. Гэтая ідэя павінна быць пакладзеная ў аснову ўрэгуляваньня азэрбайджана-карабаскага канфлікту», гаворыцца ў заяве. Таксама ў ёй зьмяшчаюцца патрабаваньні да Армэніі «абараняць агульныя інтарэсы дзьвюх армянскіх рэспублік».

Акрамя таго, дакумэнт утрымлівае заклік да Расеі «захоўваць сваю прыхільнасьць да гарантаваньня бясьпекі народу Арцаху». Дэпутаты прапанавалі Расеі «ўвесьці дадатковыя палітычныя і вайсковыя мэханізмы» з улікам небясьпекі, якая пагражае існаваньню рэспублікі.

Мітынг і падпісаньне дакумэнта прайшлі напярэдадні перамоваў лідэраў Азэрбайджану, Армэніі і Расеі, якія праходзяць у Сочы сёньня.

  • Міжнародная супольнасьць прызнае Нагорны Карабах сувэрэннай тэрыторыяй Азэрбайджану, аднак з пачатку 1990-х гадоў Баку не кантраляваў большую частку рэгіёну.
  • Па выніках баёў восеньню 2020 году Азэрбайджан і Армэнія пры пасярэдніцтве Расеі падпісалі пагадненьне аб спыненьні баявых дзеяньняў. Паводле дамовы, якая выклікала пратэсты апазыцыі ў Ерэване, Баку вярнуў сабе значную частку тэрыторыяў Нагорнага Карабаху, занятых армянскімі войскамі на пачатку 1990-х гадоў.
  • У рэгіёне разьмешчаныя расейскія міратворчыя сілы.
  • Напружанасьць у рэгіёне захоўваецца дагэтуль. У ноч з 12 на 13 верасьня на армяна-азэрбайджанскай мяжы адбыліся баі, у выніку якіх загінулі некалькі сотняў вайскоўцаў з абодвух бакоў. Баку і Ерэван абвінавацілі адзін аднаго ў агрэсіі і правакацыях. У сярэдзіне кастрычніка пры пасярэдніцтве Эўразьвязу бакі ўзгаднілі працу эўрапейскай назіральнай місіі ўздоўж мяжы Армэніі і Азэрбайджану.
  • Лідэры Армэніі і Азэрбайджану — Нікол Пашыньян і Ільхам Аліеў — заяўлялі аб плянах заключыць мірнае пагадненьне да канца 2022 году.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG