Кіраўніца дзьвюх праўладных ініцыятыў «Инфоспецназ» і «Антивандал» зьвярнула ўвагу на прыватны музэй Анатоля Белага ў Старых Дарогах.
Яна назвала бюсты і барэльефы славутым беларусам перад будынкам музэю «русаненавісьніцкай і пранацысцкай экспазыцыяй» і паскардзілася раённаму ідэолягу Ўладзімеру Дзевяценю. Аднак той, па словах прапагандысткі, «паставіў на паўзу» разьбіральніцтва зь бюстамі і барэльефамі, якія здаліся Бондаравай недарэчнымі.
Яна паведаміла, што дзякуючы супрацоўніцтву з уладамі з мэмарыяльнай зоны перад будынкам музэю былі выдаленыя партрэты паэткі Натальлі Арсеньневай, братоў Луцкевічаў, Кастуся Каліноўскага, дзеячоў БНР і БЦР.
У відэа, зьнятым у Старых Дарогах, можна ўбачыць, што зьняты бюст Ларысы Геніюш, на пастамэнт паставілі іншы, меншы памерамі, праўдападобна, Якуба Коласа. Таксама зьнішчана некалькі барэльефаў, а некаторыя, як заяўляецца, «правераць гісторыкі».
Бондарава піша, што адным з тых, хто паўплываў на зьняцьце асобных бюстаў і барэльефаў у музэі, стаў старшыня Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бясьпецы Нацыянальнага сходу РБ Алег Белаконеў. Той самы вайсковы афіцэр, які пасьля забойства супрацоўніка КДБ Федасюка ў 2021-м годзе абяцаў жорсткія расправы зь нязгоднымі, «100 за аднаго».
Таксама Бондарава падзякавала за дэмантаж часткі экспазыцыі падпалкоўніку КДБ у адстаўцы Емяльяну Ляпёшку, Аляксандру Плавінскаму, а таксама «неабыякавым жыхарам Старых Дарог і чыноўнікам, якія пажадалі застацца неназванымі».
«На гэты момант фармуецца адмысловая камісія з прадстаўнікоў навуковай супольнасьці», — адзначыла Бондарава.
Музэй у Старых Дарогах
Выкладчык БДУ, краязнаўца, заснавальнік і старшыня культурна-асьветнага клюбу «Спадчына» Анатоль Белы быў першым дырэктарам дзяржаўнага мэмарыяльнага комплексу «Хатынь» і «Кургану Славы». Але ён стварыў у Старых Дарогах і ўласны музэй гісторыі Беларусі, дзе можна даведацца, сярод іншага, пра жыцьцё выбітных беларусаў.
На тэрыторыі бацькоўскай сядзібы Анатоль Белы пабудаваў цэлы музэйны комплекс, частка экспанатаў якога захоўваецца і пад адкрытым небам, у гародзе на прыватнай тэрыторыі. Усяго ў музэі тут восем заляў, экспанаты — самыя розныя: ад твораў мастацтва і бюстаў славутых беларусаў да мэдальёнаў і газэт эмігрантаў. Захоўваецца тут вельмі шмат рэчаў, падораных Анатолю Беламу, артэфактаў, зьвязаных з пэрыядам найноўшага беларускага Адраджэньня.
Асобная экспазыцыя прысьвечана змагарам за Беларусь, асобная — асьветнікам, ёсьць і пэрсанальныя экспазыцыі. Пасьля сьмерці стваральніка разьвіцьцём музэю займаліся ягоная жонка Ала і стрыечны брат Міхаіл.
Чым вядомыя дзеячы, чые бюсты і барэльефы пашкодзілі
Ларыса Геніюш — паэтка і грамадзкі дзеяч, нарадзілася каля Воўпы на Горадзеншчыне. Савецкія ўлады расстралялі ейнага бацьку ў 1939-м, а яна зьехала ў Прагу, затым у Вімперк, адкуль у 1948-м чэскія камуністычныя ўлады выслалі яе ў Савецкі Саюз, нягледзячы на тое, што грамадзянства гэтай дзяржавы яна ня мела і да канца жыцьця так і не прыняла. Прысьвяціла ладную частку жыцьця ўпарадкаваньню і захаваньню архіваў БНР, якія так і ня выдала савецкім спэцслужбам. Пасьля 8 гадоў савецкіх лягероаў жыла на радзіме мужа ў Зэльве пад пільным кантролем КДБ. Нягледзячы на гэта, у госьці да Геніюш прыяжджалі дзясяткі беларускіх пісьменьнікаў, навукоўцаў, мастакоў і іншых беларусаў.
Натальля Арсеньнева — беларуская паэтка, актыўная ўдзельніца беларускай выдавецкай справы першай паловы 40-х. Была замужам за Францам Кушалем, сябрам Беларускай вайсковай камісіі. Пасьля вяртаньня Саветаў у Менск вымушаная была эвакуавацца зь Беларусі. Працавала ў Беларускай гімназіі імя Янкі Купалы, дзе выкладала францускую і нямецкую мовы. Пасьля пераезду ў 1950-м у ЗША была дзяячкай Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня, працавала рэдактаркай, у тым ліку на Радыё Свабода.
Кастусь Каліноўскі — палітычны дзеяч, публіцыст, стваральнік першай беларускамоўнай газэты «Мужыцкая праўда», адзін з кіраўнікоў антырасейскага паўстаньня 1863 году. Пакараны сьмерцю расейскімі ўладамі ў 1864 годзе.
Мацьвей Смаршчок (псэўданім Анатоль Бярозка) — беларускі паэт, культурны і грамадзкі дзеяч. Заслужаны доктар мэдыцыны. У 1929–39 публікаваў свае вершы ў віленскіх пэрыядычных выданьнях (часопісы «Заранка», «Шлях моладзі», «Калосьсе», газэта «Крыніца»). Рэдагаваў часопісы «Шлях моладзі», «Калосьсе», рукапісны гумарыстычны часопіс «3-за плоту». Пасьля верасьня 1939 пераехаў у Івацэвічы. Працаваў лекарам на Брэст-Літоўскай чыгунцы, у ІІ сусьветную вайну — у Баранавіцкім шпіталі. У 1944 выехаў у Познань, дзе быў арыштаваны і адпраўлены ў канцэнтрацыйны лягер Нардгаўзэн. Пасьля вайны жыў у Нямеччыне, потым — у ЗША.