Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Альбо вы здымаеце творы асобных аўтараў, альбо выставу закрыем зусім». Як улады перасьледуюць мастацтва


На закрытай у Гордані выставе скульптуры
На закрытай у Гордані выставе скульптуры

У Горадні на наступны дзень пасьля адкрыцьця закрылі мастацкую выставу станковай скульптуры. Закрылі пасьля паста ў Telegram мясцовай праўладнай актывісткі Вольгі Бондаравай, якая назвала экспанаты выставы «дэструктыўным убоствам». Чаму ўлады ўзмацнілі барацьбу з мастацтвам?

Выстава станковай скульптуры, якая адкрылася ў Горадні 29 красавіка і прапрацавала толькі 4 гадзіны, была падрыхтаваная сябрамі сэкцыі скульптуры Беларускага саюзу мастакоў. У экспазіцыі былі прадстаўлены канцэптуальныя творы Ігара Засімовіча, Васіля Цімашова, Максіма Петруля, Аляксандра Шапо, Сяргея і Дзьмітрыя Аганавых, Вольгі Нячай, Паўла Куніцкага, Аляксандра Сакалова Вольгі Орсік, Дзяніса Кандрацьева, Юрыя Пеўнева, Паліны Піраговай, Вольгі Савіч. Куратарам (і ўдзельнікам) праекту быў Іван Арцімовіч.

Пачатак меркаванай выставы, якую закрылі
Пачатак меркаванай выставы, якую закрылі
На закрытай выставе
На закрытай выставе

Спачатку выставу закрылі «з тэхнічных прычынаў». На наступны дзень праўладная актывістка Вольга Бондарава апублікавала ў сваім тэлеграм-канале зварот да начальніка аддзела культуры Горадзенскага гарвыканкама Дзяніса Чарняка.

«Пра мастацкую каштоўнасьць, а дакладней яе адсутнасьць, гэтай выставы можна меркаваць па прадстаўленых экспанатах. Мабыць, іншых выставаў жыхары Горадні ня варты або ў аддзела культуры для горадзенцаў іншых мастакоў няма, а толькі ўпартае змаганьне, якое стварае не прыгажосьць вакол сябе, а дэструктыўнае ўбоства», — напісала актывістка ў звароце да чыноўніка.

Адзін з экспанатаў
Адзін з экспанатаў
На закрытай выставе скульптуры
На закрытай выставе скульптуры

Хто такая Вольга Бондарава: займалася кантрабандай цыгарэт, лідэрка «Інфаспэцназу»

Вользе Бондаравай 38 гадоў. У яе каля 2,5 тысячы падпісчыкаў у Telegram. Дэвіз: «Паліткарэктнасьць — гэта не пра нас, калі справа тычыцца абароны інтарэсаў радзімы». У сваім тэлеграм-канале зьмяшчае ў асноўным перапосты расейскіх СМІ і каналаў кшталту прапагандысцкіх каналаў.

Праўладныя СМІ называюць Бондараву «лідэрам «Інфаспэцназу Горадні», прадстаўляюць яе як удзельніцу руху «Антывандал». Вось што пісала пра яе актыўнасьць праўладная «Гродненская правда» ў 2020-м годзе:

«Ужо доўгі час разам з сябрамі і аднадумцамі Вольга Бондарава дапамагае работнікам ЖКГ чысьціць горад ад абразьлівых надпісаў і незарэгістраванай сымболікі і кажа, што працягне гэта рабіць, таму што лёс роднай краіны ёй не абыякавы».

Як паведамляе «Вясна», Вольга Бондарава прыцягвалася да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасьці за кантрабанду цыгарэт у Польшчу.

Бондарава паведаміла ў міліцыю пра сваю аднаклясьніцу Тацяну, Яраш, якая на Каляды ўпрыгожыла акно цацкай-гномікам у «пратэставых колерах». Гэта палічылі пікетаваньнем і прысудзілі жанчыне штраф.

Бондарава праходзіла фігуранткай і сьведкай у справах некалькіх гарадзенцаў, якіх абвінавацілі ў хуліганстве за бел-чырвона-белую сымболіку.

Жанчына неаднаразова паведамляла органам улады пра дзейнасьць «Цэнтра гарадзкога жыцьця» і крамы «Адметнасьць». Пасьля гэтага там прайшлі ператрусы.

22 сакавіка 2021 году Бондарава наведала «Цэнтар гарадзкога жыцьця», дзе быў выстаўлены партрэт удзельніка антыбальшавіцкага пасьляваеннага падпольля Яўгена Жыхара. Яна здымала відэа на смартфон, выставу яна назвала «рассаднікам нацызму».

Летась 26 сакавіка Генпракуратура распачала крымінальную справу ў дачыненьні да аўтара карціны мастака Алеся Пушкіна — за «рэабілітацыю і апраўданьне нацызму». Алесь Пушкін 30 сакавіка 2022 года асуджаны на 5 гадоў пазбаўленьня волі.

«Бэчэбесы проста нахабна паперлі з усіх шчылін, як чарвякі пасьля дажджу»

У сваім чарговым допісе на імя начальніка аддзела культуры Горадзенскага гарвыканкаму Дзяніса Чарняка Вольга Бондарава напісала: «У сувязі з тым, што бэчэбесы проста нахабна паперлі з усіх шчылін, як чарвякі пасьля дажджу, ад мяне ў гарвыканкам адляцела заява з патрабаваньнем неадкладна прыкрыць паганую лавачку і пакараць вінаватых».

Горадзенскія ідэолягі ў адказ прапанавалі зьняць асобныя творы. Аднак куратар праекту Іван Арцімовіч на такія ўмовы не пагадзіўся і напісаў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.

«Прапанаваная нам форма далейшай работы экспазыцыі не задаволіла ні мяне, ні адміністрацыю галерэі... Я не лічу правільным выкрэсьліваць з экспазыцыі каго-небудзь з аўтараў ці некаторыя іх працы з абсалютна надуманых прычынаў, агучаных непрафэсіяналамі. Я (мяркую, як і многія з вас) хацеў бы, каб айчыннае мастацтва зьберагала лепшыя свае дасягненьні, напаўнялася цікавым зьместам і новымі формамі, каб у нас быў СВОЙ уласны шлях і наша скульптура была рознай».

Выстава скульптуры ў Горадні канчаткова закрытая. На думку вядомага горадзенскага мастака Сяргея Грыневіча, улады ня так баяцца мастакоў, як такіх «неабыякавых грамадзян», як Бондарава ды іншыя.

«У Менску Сідаровіч, у Горадні — Бондарава. Яны тэлефануюць, зьбіраюць подпісы, улады мусяць неяк рэагаваць, таму закрываюць, абы адчапіліся. У нашым Саюзе мастакоў я дакладна ведаю ня больш за 5 мастакоў з праўладнай пазыцыяй, і гэта з тысячы сяброў!

Таму ў гэтых „патрыётак“ неабсяжнае поле для дзейнасьці. Для іх нейкі асаблівы кайф ад таго, што можна ўласнаручна закрываць цэлыя імпрэзы. І яшчэ ўсе казалі, што ў нашай рэвалюцыі жаночы твар, дык мушу сьцьвердзіць, што ў контрарэвалюцыі ён таксама пераважна жаночы», — выказвае асабістую думку Сяргей Грыневіч.

У красавіку 2020-га ў Палацы мастацтваў праходзіла выстава Сяргея Грыневіча «Дэмаграфія». Спачатку зь яе прыбралі 7 карцін на антываенную тэматыку, потым наагул закрылі.

«Мастакі заўсёды былі ў няміласьці ўладаў»

Закрыцьцё мастацкіх выставаў стала ў Беларусі звыклай зьявай. Яшчэ ў 2011 годзе з мастацкай выставы «Пагоня-20», якая была прысьвечаная падзеям беларускай гісторыі, у тым ліку 19 сьнежня 2010 года на плошчы Незалежнасьці, салідарнасьці з палітвязьнямі, былі зьнятыя дзьве карціны Алеся Марачкіна, палатно Віктара Мікіты і тры плякаты Ўладзімера Крукоўскага.

У 2015 годзе з выставы суполкі «Пагоня» былі прыбраныя дзьве антываенныя працы Аляксея Марачкіна «Двубой, альбо супраціў двугаловаму мутанту» і «Маці Божая Нябеснай сотні»; карціна Алеся Пушкіна «Памяці беларусаў, загінулых за Ўкраіну»; праца Алеся Цыркунова, прысьвечаная Другой усясьветнай вайне і ўдзелу беларусаў у баях каля Монтэ-Касіна ў Італіі; карціна Ўладзімера Крукоўскага «Што ж мы за людзі?», прысьвечаная гербу «Пагоня».

Мастак Мікола Купава кажа, што такіх прыкладаў значна больш.

«Мастакі заўсёды былі ў няміласьці ўладаў. Назоў нашай суполкі «Пагоня» уладам заўсёды не падабаўся. А цяпер паставілі новых міністраў, куратараў — яшчэ больш пільных, якія цьвёрда ставяць умову Саюзу мастакоў: «Альбо вы здымаеце творы асобных мастакоў, альбо выставу закрыем зусім».

Двойчы (у 2021 і 2022 гадах) мы зьвярталіся ў Мінкульт з просьбай дазволіць правесьці выставу, прысьвечаную 400-годзьдзью перамогі ў Бітве пад Хацінам у 1621 годзе. Улада ня любіць выбітнага вайсковага і дзяржаўнага дзеяча Вялікага Княства Літоўскага Яна Хадкевіча, бо ён у XVII стагодзьдзі на Маскву з паходамі хадзіў. Патэлефанавалі: «Ні ў якім разе!», — пералічвае выпадкі ўмяшаньня ў творчасьць мастакоў Мікола Купава.

12 траўня ў сталічным Палацы мастацтваў адкрыўся фэстываль «Арт-Менск». Меркавалася, што там будуць прадстаўлены творы 240 аўтараў, аднак працы дзясяткаў мастакоў ня трапілі ў экспазыцыю. Сярод забароненых Аляксандар Бельскі, Надзея Леановіч, Кірыл Хлопаў, Слава Наваслаўскі, Аня Радзько, Ганна Сілівончык, Ліза Хіхлушка і іншыя. Чыноўнікі Мінкульту адмовіліся ад камэнтароў, паведамляла «Наша ніва».

У Палацы мастацтваў патлумачылі, што карціны нібыта не прайшлі адбор.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG