«Генічаск цяпер зьяўляецца часовай адміністрацыйнай сталіцай Херсонскай вобласьці, там сканцэнтраваныя ўсе асноўныя органы ўлады», — сказаў Фамін.
Курортны і партовы горад Генічаск разьмешчаны на поўдні Херсонскай вобласьці на беразе Азоўскага мора, прыкладна ў 200 км ад Херсона. Насельніцтва горада — менш за 20 тысяч чалавек. Генічаск быў заняты расейскімі войскамі 24 лютага — у першы дзень уварваньня ва Ўкраіну.
11 лістапада Міністэрства абароны Расеі абвясьціла аб адводзе расейскіх войскаў з Херсону на левы бераг Дняпра. Адышоўшы, расейцы ўзарвалі за сабой масты цераз Дняпро. У той жа дзень украінскія вайскоўцы ўвайшлі ў Херсон. Сотні жыхароў горада выйшлі на вуліцы з украінскімі сьцягамі, каб павітаць вайскоўцаў. Над цэнтральнай плошчай быў узьняты сцяг Украіны.
Херсон быў адзіным абласным цэнтрам Украіны, захопленым расейскім войскам з пачатку ўварваньня ва Ўкраіну.
8 лістапада расейская адміністрацыя Херсонскай вобласьці паведаміла, што з Херсону ў Генічаск вывезьлі школьныя падручнікі на складах. Таксама з горада вывезьлі расейскія і савецкія помнікі і нават парэшткі пахаванага там князя Рыгора Пацёмкіна-Таўрыцкага.