Фатаграфіі з спадарожніка таксама пацьвярджаюць, што войска РФ падарвала некалькі пралётаў моста, які вядзе да дамбы Кахоўскай ГЭС.
Экспэрты лічаць малаверагодным, што ўкраінскае войска адразу пасьля заняцьця Херсона паспрабуе фарсаваць Дняпро і працягнуць контранаступ на расейскія пазыцыі на ўсходнім беразе ракі — хутчэй, кажуць яны, УСУ будуць выкарыстоўваць адваяваны пляцдарм на заходнім беразе Дняпра для абстрэлаў расейскіх пазыцый і складоў боепрыпасаў. Тым ня менш спадарожнікавыя здымкі паказваюць, што Расея, прынамсі, паспрабавала падрыхтавацца да сцэнару «лабавой» украінскай атакі.
На здымках сэрвісу Planet.com, зробленых 10 лістапада, відаць, што новая лінія акопаў працягласьцю амаль 2 кілямэтры зьявілася, напрыклад, уздоўж берага ракі на поўнач ад Новакахоўскай ГЭС.
Гэтая лінія ўключае ў сябе ўмацаваньні для вайсковай тэхнікі, якіх раней не было ў гэтым месцы, магчыма — артылерыйскіх сыстэм.
Новыя акопы відаць і каля ўезду на тэрыторыю Новакахоўскага рачнога порта, што на паўночны ўсход ад Кахоўскай ГЭС.
Новая лінія акопаў працягласьцю больш за 1200 мэтраў, якой няма на ранейшых здымках, зьявілася на высьпе Каса, зьлева ад Кахоўскай гідраэлектрастанцыі.
У самой Новай Кахоўцы акопы выкапаныя расейскімі вайскоўцамі ў раёне прычалу, які расейцы выкарыстоўвалі для перакіданьня войскаў зь берага на бераг. Раней Радыё Свабода і «Схемы» пісалі аб паромнай пераправе, якая працавала там: з дапамогай спадарожнікавых здымкаў удалося ўстанавіць, што Расея пачала вывозіць салдат і вайсковую тэхніку з правага берага яшчэ ў сярэдзіне кастрычніка.
Асьцярогі наконт таго, што, адыходзячы з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці, Расія можа падарваць дамбу Кахоўскай ГЭС, не пацьвердзіліся — але фатаграфіі ў сацсетках расейскіх ваенных карэспандэнтаў і спадарожнікавыя здымкі, апублікаваныя сэрвісам Planet.com 11 лістапада, пацьвярджаюць, што армія РФ падарвала некалькі пралётаў моста, які вядзе да дамбы і быў апошняй сухапутнай нітачкай, што злучае берагі Дняпра ў гэтым раёне.
Пакідаючы Херсон, Расея ўзарвала і некалькі пралётаў Антонаўскага моста, раней сур’ёзна пашкоджанага ўкраінскімі абстрэламі. Тым ня менш, як відаць на спадарожнікавых здымках, перад гэтым расейскае войска выкапала новыя акопы каля ўезду на мост на левым беразе ракі.
Аналягічныя ўмацаваньні Расея актыўна робіць і ў глыбокім тыле: 9 лістапада OSINT-дасьледчык Бэнджамін Пітэт апублікаваў у Твітэры спадарожнікавыя здымкі, якія сьведчаць, што новыя ахоўныя збудаваньні зьявіліся каля кантрольна-прапускнога пункту «Джанкой» паміж Херсонскай вобласьцю і анэксаваным Крымам, а таксама на Перакопскім пярэсмыку.
- Расейскія войскі занялі Херсон і большую частку Херсонскай вобласьці ў першыя дні пасьля ўварваньня ва Ўкраіну, у лютым і сакавіку. У верасьні ў вобласьці прайшло галасаваньне аб яе далучэньні да Расеі — пераважная большасьць краін ААН і Ўкраіна палічылі яго незаконным і не прызналі анэксію. Неўзабаве пасьля гэтага пачалася новая фаза ўкраінскага наступу на поўначы вобласьці, а затым — вывад расейскіх войскаў з Херсону. Перад адступленьнем з гораду былі вывезеныя помнікі, прах князя Пацёмкіна, экспанаты музэяў. Прэс-сакратар Крамля Дзьмітрый Пяскоў заявіў, што Расея па-ранейшаму лічыць Херсонскую вобласьць сваёй тэрыторыяй.
- Паводле ацэнак амэрыканскіх вайскоўцаў, напрыклад, старшыні Абʼяднанага камітэту начальнікаў штабоў ЗША генэрала Марка Мілі, у апошнія тыдні на правым (заходнім) беразе Дняпра знаходзілася ад 20 000 да 30 000 расейскіх вайскоўцаў. Афіцыйна пра тое, што расейскае войска пакіне правы бераг, міністар абароны Расеі Сяргей Шайгу абвясьціў у сераду, 9 лістапада. Раніцай у пятніцу камандуючы расейскімі войскамі ва Ўкраіне Сяргей Суравікін абвясьціў вывад войскаў завершаным.