Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перад уцечкамі з «Паўночных патокаў» там прайшлі два судны з адключанымі перадатчыкамі дадзеных


Уцечка газу з «Паўночнага патоку — 2», 27 верасьня 2022 году
Уцечка газу з «Паўночнага патоку — 2», 27 верасьня 2022 году

За некалькі дзён да меркаваных падрываў газаправодаў «Паўночны паток — 1» і «Паўночны паток — 2» у іх акваторыі прайшлі два судны з выключанымі перадатчыкамі дадзеных, паведамляе выданьне Wired, якое атрымала здымкі караблёў ад кампаніі па маніторынгу спадарожнікавых дадзеных SpaceKnow.

Паводле дасьледаваньня SpaceKnow, на працягу некалькіх тыдняў перад выяўленьнем уцечак паблізу газаправодаў прайшлі 25 судоў — ад «грузавых да шматмэтавых вялікіх караблёў». У двух зь іх, даўжынёй ад 95 да 130 мэтраў, былі адключаныя транспондэры, якія перадаюць назву судна, яго месцазнаходжаньне, кірунак руху, хуткасьць і іншую інфармацыю.

Кампанія падзялілася вынікамі дасьледаваньня з афіцыйнымі асобамі NATO, якія расьсьледуюць уцечкі з «Паўночных патокаў». Прадстаўніца NATO адмовілася ад камэнтароў, аднак неафіцыйна ў арганізацыі пацьвердзілі Wired атрыманьне здымкаў і паведамілі, што яны «могуць аказацца карыснымі для расьсьледаваньня».

Згодна зь міжнародным заканадаўствам, буйныя суда абавязаныя ўстанаўліваць і выкарыстоўваць транспондэры, каб сярод іншага пазьбегнуць сутыкненьня зь іншымі судамі. Караблі, якія адключаюць перадатчыкі, часта падазраюць у датычнасьці да незаконнага рыбалоўства ці сучаснага рабства, адзначае Wired.

Аднак часам транспондэры на бартах суднаў могуць даваць збоі, папярэджвае спэцыяліст з ангельскай Марской лябараторыі Плімута Андрэй Курэкін, які вывучае спадарожнікавыя здымкі для пошуку розных аб’ектаў у моры. Паводле яго, перадатчыкі могуць перастаць зьвязвацца са спадарожнікамі ці прымачамі на сушы, у тым ліку з прычыны надворʼя.

  • У канцы верасьня былі пашкоджаныя тры з чатырох нітак газаправодаў «Паўночны паток — 1» і «Паўночны паток — 2», непашкоджанай засталася адна з труб «Паўночнага патоку — 2». Гэты газаправод ня быў запушчаны ў эксплуатацыю: у сувязі з уварваньнем Расеі ва Ўкраіну на яго накладзеныя санкцыі. «Паўночны паток — 1» быў асноўнай магістральлю паставак расейскага газу ў Нямеччыну, адкуль ён разьмяркоўваўся далей па краінах Эўразьвязу.
  • Кампанія Nord Stream AG, якая кіруе газаправодамі «Паўночны паток» і «Паўночны паток — 2», апублікавала вынікі свайго расьсьледаваньня аварыі на газаправодах. Згодна з дакладам, на дне Балтыйскага мора знойдзеныя дзьве выбуховыя варонкі глыбінёй ад трох да пяці мэтраў, якія знаходзяцца ў 248 мэтрах адна ад адной. Трубы газаправода паміж кратэрамі моцна пашкоджаныя, іх абломкі раскіданыя па дне ў радыюсе 250 мэтраў, гаворыцца ў дакладзе.
  • Паводле інфармацыі Wall Street Journal, многія асобы, якія маюць дачыненьне да расьсьледаваньня, падазраюць, што за меркаванай дывэрсіяй можа стаяць Расея. Яны лічаць, што, пакінуўшы непашкоджанай адну нітку «Паўночнага патоку — 2», Масква хоча прымусіць улады Нямеччыны сэртыфікаваць працу гэтага газаправоду.
  • Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін назваў тое, што здарылася «відавочным тэрактам». Расейскія ўлады лічаць, што ў аварыі зацікаўленыя ЗША і іх саюзьнікі. МЗС Расеі заявіла, што Масква не прызнае вынікаў расьсьледаваньня эўрапейскіх краін, калі ў ім ня будуць удзельнічаць расейскія спэцыялісты.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG