Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паліцыя Даніі выявіла, што «Паўночны паток – 1» быў падарваны ў чатырох месцах


Паліцыя Даніі, у акваторыі якой адбылася аварыя на «Паўночным патоку – 1», заявіла аб чатырох розных участках меркаванага падрыву расейскага трубаправоду.

Мяркуючы па відэаздымцы, зробленай нарвэскай кампаніяй Blueye Robotics з дапамогай падводнага дрона, трубаправод быў пашкоджаны на працягу сама меней 50 мэтраў.

Па зьвестках Blueye Robotics, на глыбіні 80 мэтраў шматмэтровыя ўчасткі труб або адсутнічаюць, або іх абломкі раскіданыя па дне. «Толькі вялікая вонкавая сіла змагла б так пашкодзіць тоўсты мэтал», — сказаў супрацоўнік кампаніі Тронд Лярсэн, які кіраваў дронам.

Паліцыя Даніі пацьвердзіла, што яе інспэкцыя выявіла значную вонкавую шкоду, нанесеную трубам газаправодаў «Паўночны паток – 1» і «Паўночны паток – 2». Пры гэтым высьветліць, хто менавіта ўчыніў меркаваны падрыў, не ўдаецца.

  • Буйны працёк тэхнічнага газу ў Балтыйскім моры быў упершыню зафіксаваны ў ноч на 26 верасьня. Ён быў выкліканы пашкоджаньнямі газаправодаў «Паўночны паток», якія праходзяць па марскім дне з Расеі ў Нямеччыну. Нямеччына, Данія і Швэцыя вядуць уласныя расьсьледаваньні інцыдэнту, ня здолеўшы дамовіцца аб супольнай працы. Як паведамляе Wall Street Journal, многія асобы, якія маюць дачыненьне да расьсьледаваньня, падазраюць, што за меркаванай дывэрсіяй можа стаяць сама Расея. Яны лічаць, што, пакінуўшы непашкоджанай адну нітку «Паўночнага патоку – 2», Масква хоча прымусіць улады Нямеччыны сэртыфікаваць працу газаправоду.
  • Расея таксама пачала сваё расьсьледаваньне выбухаў на «Паўночных патоках». Прэзыдэнт Уладзімір Пуцін заявіў, што бэнэфіцыярамі аварыі зьяўляюцца ЗША і іх саюзьнікі. МЗС Расеі паведаміла, што Масква не прызнáе вынікаў расьсьледаваньня эўрапейскіх краін, калі ў ім ня будуць удзельнічаць расейскія спэцыялісты.
  • У выніку меркаваных выбухаў былі выведзеныя са строю абедзьве трубы газаправоду «Паўночны паток – 1» і адна зь дзьвюх труб газаправоду «Паўночны паток – 2». «Паўночны паток – 1» быў асноўнай магістральлю паставак расейскага газу ў Нямеччыну, адкуль ён разьмяркоўваўся далей па краінах Эўразьвязу. Аднак у сярэдзіне лета расейскі «Газпром» пачаў зьніжаць перапампоўваньне газу праз газаправод, а потым цалкам яго спыніў, спасылаючыся на тэхнічныя прычыны. «Паўночны паток – 2» быў пабудаваны таксама для экспарту расейскага прыроднага газу ў Эўропу, але з прычыны ваеннага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну і эканамічных санкцый з боку Эўразьвязу ня быў уведзены ў эксплюатацыю. Цяпер экспэрты заяўляюць, што пашкоджаньні, нанесеныя газаправодам, настолькі вялікія, што газаправоды, магчыма, ужо ня ўдасца аднавіць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG