Распачатая крымінальная справа аб прычыненьні сьмерці па неасьцярожнасьці і аб неналежным аказаньні паслуг. Пра гэта паведамляе ТАСС.
Меркаваным віноўнікам пажару ў кастрамскім клюбе «Палігон» назвалі 23-гадовага вайскоўца Станіслава Іонкіна, яго затрымалі. Паводле дадзеных расейскага интэрнэт-выданьня «Baza», у жніўні ён вярнуўся з Украіны, дзе атрымаў раненьне, а ў Кастраму прыехаў на мэдкамісію. У ноч на 5 лістапада паміж наведвальнікамі клюба завязалася масавая бойка, падчас якой Іонкін некалькі разоў стрэліў з ракетніцы ў столь клюба.
Сьледчыя затрымалі таксама дырэктара фірмы «Імпэрыя», якая арганізоўвала працу клюба «Палігон». Пра гэта паведамляе інфармацыйны цэнтар Сьледчага камітэту Расеі.
Пажар тушылі пяць гадзін, плошча ўзгараньня склала 3,5 тысячы квадратных мэтраў – на ўсёй гэтай плошчы абрынуўся дах. Як піша «Baza», у клюбе працавалі толькі 3 эвакуацыйныя выхады, яшчэ 4 былі зачыненыя. Пажарным, якія прыбылі на выклік, давялося выломліваць дзьверы, каб людзі змаглі выйсьці.
Уладальнікам клюба, паводле дадзеных аналітычнай сыстэмы «СПАРК», зьяўляецца намесьнік кіраўніка фракцыі «Адзіная Расея» ў Кастрамской абласной думе Іхтыяр Мірзоеў.
- У 2009 годзе ў Расеі адбылася падобная трагедыя ў пермскім клюбе «Хромая лошадь», дзе запусьцілі так званы халодны фэервэрк. Іскра патрапіла на аздабленьне столі – пачаўся пажар. Пры тым, што ўстанова была разьлічаная на 50 пасадачных месцаў, у ноч трагедыі там было 350 чалавек. Да запаснога выхаду не было ўказальнікаў, ён быў завалены рэчамі. З прычыны цеснаты, перапоўненасьці клюба, адсутнасьці вокнаў, а таксама хуткага распаўсюджваньня дыму, тады загінулі 156 чалавек.