На паседжаньні Кваліфікацыйнай камісіі ў пытаньнях адвакацкай дзейнасьці пры Мін'юсьце 3 лістапада ў дачыненьні да аднаго адваката прынятае рашэньне аб «немагчымасьці выкананьня сваіх прафэсійных абавязкаў з прычыны недастатковай кваліфікацыі», яшчэ дзевяці – аб магчымасьці спыненьня дзеяньня ліцэнзій, паведамляе прэс-служба міністэрства.
Першае рашэньне датычыцца Людмілы Асіеўскай, якая прапрацавала па спэцыяльнасьці каля 30 гадоў.
Уладзіміра Анёльскага, Вікторыю Гулькову, Аляксандра Емяльяненку, Атары Жукава, Міхаіла Макарава і Анастасію Сагановіч могуць пазбавіцца ліцэнзій «у сувязі з прымяненьнем да адвакатаў дысцыплінарных спагнаньняў у выглядзе выключэньня з тэрытарыяльных калегій адвакатаў за ўчыненьне правін, несумяшчальных са званьнем».
Алену Грыбок, Сяргея Кішанёва і Дзьмітрыя Міраненку – таксама «з прычыны недастатковай кваліфікацыі».
Анёльскі абараняў свайго палітвязьня калегу Віталя Брагінца. У верасьні ён адбыў адміністрацыйны арышт, аформлены паводле арт. 24.3 КаАП (Непадпарадкаваньне законнаму распараджэньню або патрабаваньню службовай асобы пры выкананьні ім службовых паўнамоцтваў).
Гулькова таксама была арыштаваная на 15 сутак і ня выйшла на волю па заканчэньні гэтага тэрміну. Яе затрымалі за распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў» (арт. 19.11 КаАП). Макараў, муж Гульковай, таксама быў затрыманы. Разам з Сагановіч, па дадзеных Галоўнага ўпраўленьня барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй, ён праходзіць у крымінальнай справе, заведзенай паводле арт. 407 КК (выдаваньне зьвестак дазнаньня, папярэдняга сьледзтва або закрытага судовага пасяджэньня).
Сыстэматычны ціск на адвакатуру ў Беларусі пачаўся пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году. Інстытут фактычна заканадаўча пазбавіўся незалежнага ад дзяржавы статусу, дзясяткі адвакатаў былі пазбаўлены ліцэнзій з палітычных матываў.
«За два гады ліцэнзій пазбавілі больш як 60 адвакатаў»
Па словах юрыста Праваабарончага цэнтру «Вясна» Паўла Сапелкі, за апошнія два гады больш за 60 беларускіх адвакатаў былі пазбаўленыя ліцэнзіі або выключаныя са складу калегій. Некалькі зь іх цяпер у СІЗА.
«Асноўная прычына арыштаў адвакатаў — гэта жаданьне аказаць ціск на ўсе больш-менш датычныя да пратэстаў слаі насельніцтва, — кажа Павал Сапелка. — Ціснуць на ўдзельнікаў пратэстаў, ціснуць на тых, хто іх абараняе. На тых, хто гэта асьвятляе, на журналістаў. Адвакаты мішэньню насамрэч сталі ўжо даўно. Новыя затрыманьні адвакатаў — з таго самага шэрагу».
Па словах Паўла Сапелкі, улады карыстаюцца празьмерна агульным вызначэньнем тэрміна «судовая таямніца» ў беларускім заканадаўстве. А акрамя гэтага, мэтанакіравана выкарыстоўваюць яго для ціску на адвакатаў. Але пры неабходнасьці супраць адвакатаў выкарыстоўваюць і іншыя артыкулы КК.«Мы бачым, у чым зараз падазраюць, а фактычна ўжо абвінавачваюць Макарава, — кажа Сапелка. — Зразумела, што гэта не разгалошваньне матэрыялаў папярэдняга расьсьледаваньня, не разгалошваньне матэрыялаў закрытага судовага паседжаньня».
Па словах праваабаронцы, сытуацыя з арыштамі адвакатаў, іх перасьледам уплывае на магчымасьць адвакатаў якасна абараняць правы сваіх падабаронных. Сапелка зьвяртае ўвагу, што беларускае заканадаўства прадугледжвае ня толькі права на абарону, але і магчымасьць аказваць гэтую абарону якасна і бязь ціску.
«Пасьля падзей 2020 году адвакатаў і так было ня вельмі лёгка запрасіць на палітычна матываваны працэс, — кажа праваабаронца. — А цяпер колькасьць гатовых брацца за такія справы зьменшылася. І тое, што адвакат возьмецца за справу, павінна таксама падмацоўвацца яшчэ і адсутнасьцю пагрозаў».