Раней у нядзелю аб гібелі Котава ў маскоўскім сьледчым ізалятары паведамілі блізкія да сілавых структур расейскія тэлеграм-каналы Baza, Shot і Mash. Па іх зьвестках, цела 48-гадовага Котава знайшлі ноччу ў СІЗА «Водник». Па вэрсіі тэлеграм-каналаў, ён скончыў жыцьцё самагубствам.
Адвакатка Андрэя Котава ў гутарцы з «ОВД-Инфо» таксама сказала, што арыштаваны скончыў жыцьцё самагубствам у камэры прыкладна ў 4 раніцы нядзелі.
Аб затрыманьні Котава стала вядома 30 лістапада. На паседжаньні суда па абраньні меры стрыманьня ён расказаў, што падчас ператрусу яго зьбілі і ўжылі электрашокер. «Да мяне ноччу прыехала чалавек 15, мяне зьбілі, наносілі ўдары па твары, па нагах, засталіся сінякі,» — прыводзіць словы дырэктара «Мэн Тревел» «Медиазона».
2 сьнежня Андрэй Котаў быў арыштаваны з санкцыі Галавінскага раённага суда Масквы. Па вэрсіі сьледзтва, ён займаўся арганізацыяй тураў для геяў і стварыў для гэтага «экстрэмісцкую супольнасьць». Сваёй віны Котаў не прызнаў. На паседжаньні па меры стрыманьня ён тлумачыў, што арганізоўваў звычайныя турыстычныя шпацыры на катэрах і выезды на рыбалку. Таксама ён адзначаў, што ў ягоным тэлефоне шмат дадзеных, зь якіх бачна, што паездкі былі выключна турыстычнымі.
Амаль адразу пасьля арышту абвінавачанага зьмясцілі ў карцэр на 15 сутак. Як расказвала сяброўка Котава, у ІЧУ і СІЗА яму не дазволілі перадаць лекі і цёплае адзеньне.
У лістападзе 2023 года Вярхоўны суд Расеі па пазову Мінюста прызнаў неіснуючы «міжнародны рух ЛГБТ» экстрэмісцкім і забараніў яго дзейнасьць у Расеі. Раней у Расеі забаранілі распаўсюджваньне пазытыўнай інфармацыі аб гомасэксуальнасьці, бісэксуальнасьці і трансгендэрнасьці.
Форум