Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выведка Вялікай Брытаніі: Расея перакінула ў Беларусь два рэактыўныя самалёты МіГ-31К

абноўлена

Расейскі самалёт МіГ-31К
Расейскі самалёт МіГ-31К

Выведка Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі заявіла, што Расея перакінула на аэрадром Мачулішчы ў Беларусі рэактыўныя самалёты-перахопнікі МіГ-31К FOXHOUND, і апублікавала адпаведныя спадарожнікавыя фатаздымкі.

У выведцы зьвярнулі ўвагу на тое, што побач з самалётамі знаходзіцца вялікая цыстэрна.

«Цалкам імаверна, што цыстэрна зьвязаная з балістычнай ракетай паветранага запуску AS-24 KILLJOY, вялікім боепрыпасам, для перавозкі якога прыстасаваны варыянт МіГ-31К», — адзначылі ў выведцы.

Адмыслоўцы Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі дадалі, што Расея разьмяшчае гэты від балістычных ракет з 2018 году, але ў Беларусі іх раней не было. Паводле іх, у часе вайны ва Ўкраіне Расея час ад часу выкарыстоўвала гэтыя ракеты, але іх запасы ў яе вельмі абмежаваныя.

Паводле брытанскіх выведнікаў, нягледзячы на тое, што радыюс дзеяньня гэтых ракет больш за 2 тысячы кілямэтраў, іх разьмяшчэньне ў Беларусі не дадае Расеі якіх-небудзь вялікіх пераваг з пункту гледжаньня нанясеньня ўдараў па дадатковых цэлях ва Ўкраіне.

«Імаверна, разгортваньне зроблена галоўным чынам для таго, каб даць сыгнал Захаду і паказаць Беларусь як усё больш сур’ёзнага саўдзельніка вайны», — адзначылі ў вайсковай выведцы Вялікай Брытаніі.

24 лютага расейскія войскі ўварваліся на тэрыторыю Ўкраіны, у тым ліку з тэрыторыі Беларусі. Узброеныя сілы Расеі выкарыстоўваюць усю вайсковую інфраструктуру Беларусі — аэрадромы для палётаў і беларускія пляцоўкі для ракетных абстрэлаў гарадоў Украіны. Разам з гэтым на баку Ўкраіны ў розных злучэньнях ваююць беларусы.

1 лістапада, як і ў апошні дзень кастрычніка, раніца пачалася з абвяшчэньня паветранай трывогі па ўсёй тэрыторыі Ўкраіны. Паводле папярэдняй інфармацыі, абвяшчэньне трывогі зьвязана якраз з тым, што ў Беларусі ў паветра падняліся расейскія самалёты МіГ-31К FOXHOUND.

Расея патраціла 760 млн даляраў на ракеты і дроны за адзін дзень

Кошт ракет і дронаў, выпушчаных Расеяй толькі за адзін дзень, 31 кастрычніка, складае ня менш як 760 мільёнаў даляраў, падлічыла ўкраінскае выданьне Forbes Ukraine. Паводле яго, 31 кастрычніка Расея выкарыстала супраць Украіны 55 крылатых ракет Х-101, 22 зэнітныя ракеты С-300, адну ракету Х-59 і пяць БПЛА розных тыпаў.

Для разьліку кошту гэтых ракет Forbes выкарыстаў наступныя лічбы: кошт ракеты Х-101 — 13 мільёнаў даляраў, С-300 — 2 мільёны даляраў, БПЛА розных тыпаў разам з ракетай Х-59 — каля аднаго мільёна. Такім чынам, агульны кошт — каля 760 мільёнаў даляраў.

Ва Ўкраіне лічаць Беларусь саўдзельнікам агрэсіі Расеі, у той жа час Аляксандар Лукашэнка гэтыя абвінавачаньні адкідае, хоць некалькі разоў заявіў, што падтрымлівае дзеяньні Пуціна.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG