Выведка Вялікай Брытаніі: Расея перакідае на лінію фронту ва Ўкраіну бяззбройных мабілізаваных
Выведка Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі паведаміла, што зь сярэдзіны кастрычніка Расея перакінула на лінію фронту ва Ўкраіне некалькі тысяч мабілізаваных рэзэрвістаў, але большасьць зь іх кепска ўзброеныя.
«У верасьні расейскія афіцэры былі занепакоеныя тым, што некаторыя нядаўна мабілізаваныя рэзэрвісты прыбываюць ва Ўкраіну бяз зброі. Фатаздымкі з адкрытых крыніц сьведчаць пра тое, што мабілізаваным выдаюць аўтаматы АКМ, якія ўпершыню былі прадстаўленыя ў 1959 годзе. Большасьць зь іх, імаверна, знаходзяцца ў непрыдатным стане пасьля дрэннага захоўваньня», — мяркуюць у брытанскай выведцы.
У выведцы Вялікай Брытаніі лічаць, што цяпер аб’яднаньне кантрактных войскаў з мабілізаванымі будзе азначаць, што расейскай лягістыцы давядзецца дастаўляць на фронт два віды стралковага ўзбраеньня — для мабілізаваных і для кантрактнікаў.
«Пэўна, гэта яшчэ больш ускладніць і без таго напружаную лягістыку Расеі», — мяркуюць у вайсковай выведцы Вялікай Брытаніі.
Расея будзе ваяваць так, каб прымусіць Захад спыніць падтрымку Ўкраіны
Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) не выключаюць, што кіраўніцтва Расеі сканцэнтруе свае намаганьні на тым, каб утрымаць ужо захопленыя тэрыторыі, акупаваць новыя і выставіць Захаду ўмовы, каб той спыніў падтрымку Ўкраіны.
«Гэта, імаверна, чакаецца ўзімку. Пуцін не пакідае надзеі дасягнуць сваіх максымалісцкіх мэтаў ва Ўкраіне пры дапамозе звычайных ваенных захадаў, якія ён праводзіць паралельна з намаганьнямі зламаць волю Ўкраіны ваяваць і волю Захаду працягваць падтрымліваць Кіеў», — адзначаецца ў справаздачы.
У справаздачы ISW таксама выказваюцца сумневы, што Расея пойдзе на эскаляцыю з выкарыстаньнем тактычнай ядзернай зброі.
«Такая сытуацыя магчымая, але малаімаверная. Пуцін наўрад ці будзе імкнуцца да прамога ваеннага канфлікту з NATO. Аднак ён, хутчэй за ўсё, будзе працягваць намякаць на магчымасьць расейскага тактычнага выкарыстаньня ядзернай зброі і нападаў на NATO у рамках сваіх намаганьняў зламаць волю Захаду працягваць падтрымку Ўкраіны», — мяркуюць экспэрты Інстытуту.
Экспэрты зьвяртаюць увагу на тое, што ва Ўкраіне менавіта зіма — найлепшы пэрыяд для мэханізаванай вайны, якая ва ўмовах восені і вясны мае пэўныя складанасьці.
«Расея перакідае мабілізаваных ва Ўкраіну такім чынам, каб умацаваць сваю абарону і дазволіць расейскім войскам утрымліваць свае пазыцыі ў часе ўкраінскіх контранаступальных апэрацый да канца восені і ў небясьпечны зімовы пэрыяд», — адзначаецца ў справаздачы.
Паводле ISW, прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін мае намер працягваць ваяваць да 2023 году, і такім чынам, каб вайна завяршылася на ягоных умовах.
«Безумоўна, ён заўсёды можа перадумаць. Але Ўкраіна і Захад павінны дзейнічаць, зыходзячы з таго, што Ўкраіне спатрэбіцца шмат месяцаў, каб аднавіць кантроль над стратэгічна важнай тэрыторыяй, для чаго ёй таксама неабходна сталая шырокамаштабная падтрымка Захаду», — мяркуюць экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.