Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ніякіх выбараў і вечны Лукашэнка. Меркаваньне палітоляга


Ці могуць наступныя выбарчыя кампаніі ў Беларусі стаць трыгерам палітычных пераменаў? Ці пойдзе апазыцыя на выбары ў 2024 годзе? Як грамадзтва можа падрыхтавацца да рэзкіх і кардынальных зьменаў, да так званых «чорных лебедзяў»?

На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказвае доктар палітычных навук, дырэктар інстытуту «Палітычная сфэра» Андрэй Казакевіч.

Сьцісла

  • На выбарах 2024 і 2025 году ўлады наўрад ці будуць гуляць у плюралізм, калі толькі ня зьменіцца сытуацыя «на вонкавым контуры».
  • Зараз пра памяркоўныя сцэнары ў дэмакратычным лягеры ніхто не гаворыць. Весьці такія размовы ў сёньняшніх умовах — гэта паставіць крыж на сваёй палітычнай кар’еры.
  • УНС будзе занадта аморфнай структурай, каб нават гіпатэтычна ў яе ўзьніклі нейкія супярэчнасьці зь іншымі інстытутамі ўлады.
  • Чыньнікам пераменаў у Беларусі маглі б стаць палітычныя зьмены ў Расеі.
  • Падрыхтоўка да нечаканых і кардынальных зьменаў — гэта «арганічная праца», дзейнасьць дзеля ўмацаваньня грамадзкіх інстытутаў.
  • Сетка, арганізацыя працягвае існаваньне толькі тады, калі яна ўвесь час нешта робіць. «Сьпячыя ячэйкі» наўрад ці могуць доўга існаваць у такім стане.

— Учора былі апублікаваныя праекты законаў аб Усебеларускім народным сходзе і аб зьменах у Выбарчы кодэкс. Як гэтыя праекты разьвіваюць палажэньні новай Канстытуцыі? Ці пойдуць апазыцыйныя сілы на выбары ў розныя органы ўлады, якія будуць прызначаныя на 2024 год?

Андрэй Казакевіч
Андрэй Казакевіч

— Гэта будзе больш залежаць не ад таго, чаго захочуць палітычныя сілы ўнутры краіны, а ад таго, што будзе пра гэта думаць дзейная ўлада. Зараз распрацаваныя ўсе мэханізмы, каб не дапусьціць да ўдзелу ў палітыцы і ў выбарах любую палітычную сілу, любога актывіста.

Улады могуць ужываць крымінальны перасьлед, могуць пазбаўляць рэгістрацыі арганізацыі. Рыхтуецца перарэгістрацыя палітычных партый: пра гэта неаднаразова абвяшчалася. Ужо ліквідаваныя сотні недзяржаўных грамадзкіх арганізацый.

Цяпер усё будзе залежаць ад улады. Калі яна палічыць, што на 1200 чальцоў УНС ім патрэбныя 5 апазыцыянэраў, то знойдуцца тыя, хто будзе ў гэтую гульню гуляць. Я, дарэчы, нічога кепскага ў гэтым ня бачу.

Але вельмі імаверна, што ўлады вырашаць інакш: ня варта «разгойдваць човен», ня трэба бянтэжыць народ. Любая, нават ляяльная, апазыцыя — гэта ўсё ж нейкая крытыка ўлады.

Тое самае адбылося на мясцовых выбарах у 2018 годзе і на парлямэнцкіх выбарах у 2019 годзе. Наўрад ці ўлады будуць гуляць у плюралізм, калі ня зьменіцца сытуацыя «на вонкавым контуры».

— Зараз найбольш папулярныя сцэнары, якія прынамсі абмяркоўваюцца ў апазыцыйнай частцы грамадзтва, — гэта сцэнары канфрантацыі, у тым ліку і сілавы: а можа, полк Каліноўскага прыйдзе; а можа, плян «Перамога» запрацуе. А нехта абмяркоўвае, прапаноўвае іншыя пляны, сцэнары, зьвязаныя, скажам, з удзелам у выбарах?

— Не. Публічна цяпер пра такія, памяркоўныя сцэнары ў дэмакратычным сэгмэнце палітычнага спэктру ніхто не гаворыць. У цяперашняй сытуацыі казаць такое — гэта паставіць крыж на сваёй палітычнай карʼеры. Гэта выклікала б нэгатыўную рэакцыю і з боку прыхільнікаў гэтых сілаў, і з боку партнэраў. Хаця ў прыватных размовах з палітыкамі даводзіцца і такое чуць. Для ўдзелу ў выбарах патрэбная больш-менш нармальная агульная сытуацыя, нават для ўдзелу ў якасьці статыста. Павінны быць хаця б нейкія спадзевы, што ты сваім удзелам можаш на нешта паўплываць — ці праз абраньне, ці праз самую кампанію.

Я ня бачу, як гэта можа адбывацца зараз у Беларусі бязь нейкага ўнутрыпалітычнага дыялёгу, прыкметаў якога мы пакуль што ня маем. Магчыма, праз колькі гадоў людзі пачнуць звыкацца з гэтай сыстэмай. Але і гэтага мы пакуль не назіраем.

Так што ўдзелу ў выбарах можна чакаць толькі ад арганізацый, якія ня будуць ліквідаваныя. Магчыма, Чэрачань застанецца, магчыма, яшчэ нехта. Але больш імаверна, што ролю апазыцыі будуць выконваць такія сілы, як Гайдукевіч ды камуністы. Гэта зараз выглядае больш імаверным, чым спроба гуляць з тымі сіламі, якія маюць відавочна іншую каштоўнасную базу.

З 2020–2021 гадоў увесь час падкрэсьліваецца, што павінна быць каштоўнасная база для новай палітычнай мадэлі. І гэтая мадэль не прадугледжвае ніякіх празаходніх і прадэмакратычных арганізацый.

— Ці ня можа новы статус Усебеларускага сходу разбалянсаваць існую дзяржаўную сыстэму, ці не прывядзе яго ўсталяваньне да канфліктаў яго, скажам, з урадам ці выканаўчай «вэртыкальлю»?

— Не. Гэта ж будзе даволі аморфная структура. У склад УНС увойдуць і ўсе дэпутаты парлямэнту, і прадстаўнікі ўраду, і «вэртыкалі». УНС будзе фармавацца насуперак прынцыпу падзелу ўладаў, там якраз будуць прадстаўленыя ўсе яе галіны.

Тэарэтычна УНС можа ўвайсьці ў канфлікт з прэзыдэнтам. Але ладная частка дэлегатаў УНС будзе наўпрост прызначацца прэзыдэнтам. Так што рэальны канфлікт, супярэчнасьці ўявіць сабе складана.

Гэты орган ня будзе мець ніякай палітычнай субʼектнасьці. Яе будзе мець хіба старшыня Сходу.

Маніпуляваць гэтым органам кіраўнік выканаўчай улады — прэзыдэнт — зможа вельмі лёгка.

— У найноўшай гісторыі Беларусі пераважна выбары былі тым момантам, калі грамадзтва спрабавала дасягнуць палітычных зьменаў — 2001, 2006, 2010, 2020 гады. Ці не адзінае значнае выключэньне ў ХХІ стагодзьдзі — гэта «антыдармаедзкія» пратэсты 2017 году. Ці можна зараз пэўна сказаць, што наступныя выбары — 2024 і 2025 гадоў — такімі момантамі ісьціны ня будуць? І перамены могуць стаць вынікам толькі нейкага цуду, прылёту «чорнага лебедзя»?

— Сёньня гэта немагчыма прадбачыць. Усё будзе залежаць ад палітычнай атмасфэры, якая будзе складацца перад гэтымі выбарамі. Калі электаральныя кампаніі робяцца выключна фармальнымі, непразрыстымі, як, скажам, сёлетняя кампанія перад рэфэрэндумам па Канстытуцыі, тады яны губляюць сваё гіпатэтычнае значэньне як момантаў ісьціны.

Адносна Беларусі трыгерам, сапраўды, можа стаць нейкі «чорны лебедзь», нейкі чарговы збройны канфлікт у суседніх краінах ці чарговы закон, як гэта было ў 2017 годзе з дэкрэтам аб дармаедах. Такім фактарам можа стаць таксама і вонкавы ціск.

Уявім сабе, што адбудуцца палітычныя зьмены ў Расеі. Беларусь цяпер клясычны сатэліт Расеі. Такія дзяржавы вельмі залежаць ад таго, што адбываецца ў дзяржаве-«патроне». Калі там адбудуцца зьмены, то будуць зьмены і ў Беларусі.

— Андрэй, вы пералічылі некалькі магчымых «чорных лебедзяў», адзін зь іх — палітычныя зьмены ў Расеі, выкліканыя пэўнай паразай у вайне з Украінай. Ёсьць таксама «чорны лебедзь» у выглядзе поўнамаштабнага ўдзелу Беларусі ў вайне, удзелу ў ёй беларускага войска. «Чорны лебедзь» — гэта не абавязкова нешта добрае, станоўчае. Гэта толькі раптоўная і кардынальная зьмена сытуацыі.

Але ці можна падрыхтавацца да «прылёту» гэтых «чорных лебедзяў»? У многіх у 2020 годзе было адчуваньне, што не скарысталіся шанцам, таму што былі непадрыхтаваныя. А ці можна падрыхтавацца?

— Цалкам падрыхтавацца да гэтага, напэўна, немагчыма. Але калі гаварыць пра тое, што можна зрабіць, дык гэта «арганічная праца», як гэта называлася пасьля паўстаньня 1863–1864 гадоў.

Гэта праца дзеля ўмацаваньня грамадзкіх інстытутаў, СМІ, нацыянальнай ідэнтычнасьці, узмацненьне сувязяў са сваімі аднадумцамі, умацаваньне мясцовых супольнасьцяў. Усё гэта ёсьць падрыхтоўка да нечаканых і кардынальных зьменаў.

Праблема такіх краінаў, як Беларусь, — гэта тое, што палітычныя інстытуты разбураныя, акрамя інстытуту выканаўчай улады. У нас не было моцных палітычных партый, не было дастаткова моцных грамадзкіх арганізацый, слабая нацыянальная ідэнтычнасьць. Чым мацнейшыя будуць інстытуты, тым лепш можна будзе ў пэўны момант акумуляваць рэсурсы і каардынаваць палітычныя дзеяньні.

— Стварэньне сеткі пляну «Перамога» — гэта тое, пра што вы гаворыце?

— Сетка сувязяў — гэта і ёсьць інстытуты. Наладжваньне камунікацыі — гэта таксама стварэньне інстытутаў. Але што тычыцца канкрэтна гэтага пляну «Перамога», то шмат што будзе залежаць ад таго, колькі там застанецца людзей. Сусьветны гістарычны досьвед кажа, што калі створаная нейкая сетка, арганізацыя, то яна можа падтрымліваць сваё існаваньне, калі яна ўвесь час дзейнічае. Калі ж ствараюцца «сьпячыя ячэйкі», то мала шанцаў на тое, што праз год-два яны такімі і застануцца, вельмі імаверна, што людзі пачнуць займацца нечым іншым.

Дзейнасьць не абавязкова павінна быць скіраваная наўпрост на зьмену ўлады. Гэта можа быць інфармацыйная праца, праца зь лякальнымі праблемамі, адукацыйная дзейнасьць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG