Усебеларускі народны сход (УНС) прапануецца надзяліць паўнамоцтвамі па вызначэньні легітымнасьці выбараў, што праводзяцца ў краіне, даць магчымасьць сходу ініцыяваць правядзеньне рэфэрэндумаў, а таксама адхіляць ад пасады прэзыдэнта ў выпадку ў выпадку «сыстэматычнага або грубага парушэньня ім Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь або ўчыненьня дзяржаўнай здрады або іншага цяжкага злачынства».
Такія правы замацоўвае за УНС законапраект «Аб Усебеларускім народным сходзе», вынесены на «грамадзкае абмеркаваньне» Палатай прадстаўнікоў і апублікаваны 24 кастрычніка на партале «Прававы форум Беларусі».
Абмеркаваньне працягнецца да 2 лістапада.
У праекце закону прапісаныя і іншыя прапанаваныя паўнамоцтвы УНС.
- Так, да кампэтэнцыі Усебеларускага сходу могуць быць аднесеныя зацьвярджэньне «асноўных напрамкаў унутранай і зьнешняй палітыкі», ваеннай дактрыны, канцэпцыі нацыянальнай бясьпекі, «праграмаў сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Беларусі».
- Акрамя гэтага, УНС зможа заслухоўваць «штогадовыя пасланьні прэзыдэнта да парлямэнту», даклады прэм’ер-міністра «аб выкананьні праграмаў сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця», прапаноўваць зьмены ў Канстытуцыю, уводзіць на тэрыторыі Беларусі надзвычайнае або ваеннае становішча «пры наяўнасьці падставаў, прадугледжаных Канстытуцыяй, і у выпадку бязьдзейнасьці прэзыдэнта па гэтых пытаньнях».
- Таксама законапраект надае УНС права «заканадаўчай ініцыятывы».
Дакумэнтам прадугледжаныя і паўнамоцтвы УНС па кадравых прызначэньнях чыноўнікаў найвышэйшага рангу.
- У прыватнасьці, «на прапанову прэзыдэнта, папярэдне ўзгодненую з прэзыдыюмам УНС», сход зможа абіраць старшыняў і намесьнікаў старшыняў і судзьдзяў Канстытуцыйнага і Вярхоўнага судоў, старшыняў і чальцоў Цэнтральнай выбарчай камісіі (ЦВК), а таксама вызваляе іх ад пасадаў па падставах, прадугледжаных законам.
- Згодна з праектам закону, УНС «на прапанову прэзыдэнта» мае права «накіроўваць вайскоўцаў, супрацоўнікаў ваенізаваных арганізацыяў і іншых асобаў за межы Беларусі для ўдзелу ў гарантаваньні калектыўнай бясьпекі і дзейнасьці па падтрыманьні міжнароднага міру і бясьпекі».
Згодна з праектам закону, УНС зьяўляецца «найвышэйшым прадстаўнічым органам народаўладзьдзя Рэспублікі Беларусь».
Прапануецца, што тэрмін паўнамоцтваў Усебеларускага народнага сходу складзе пяць гадоў.
Першае пасяджэньне УНС, як указана ў законапраекце, «склікаецца ЦВК не пазьней за 60 дзён пасьля выбараў дэпутатаў у адзіны дзень галасаваньня». Яго «адкрывае і да абраньня старшыні УНС вядзе старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі або яго намесьнік», гаворыцца ў дакумэнце.
Склад УНС прапанавана абмежаваць 1.200 дэлегатамі, у лік якіх увойдуць дзейны прэзыдэнт, «прэзыдэнт, які спыніў выкананьне сваіх паўнамоцтваў», а таксама «прадстаўнікі заканадаўчай, выканаўчай, судовай улады, мясцовых Саветаў дэпутатаў і грамадзянскай супольнасьці».
Выбараў у склад УНС прамым галасаваньнем праект закона не прадугледжвае.
«Дэлегатамі УНС ад грамадзянскай супольнасьці зьяўляюцца прадстаўнікі субʼектаў грамадзянскай супольнасьці, якія ўдзельнічаюць у выбарах дэлегатаў», — удакладняецца ў праекце закона.
Умовы і парадак іх абраньня ў склад Усебеларускага народнага сходу будуць вызначацца Выбарчым кодэксам, а таксама, «законам аб грамадзянскай супольнасьці і іншымі законамі».
Прадугледжваецца, што вылучаць дэлегатаў ад грамадзкіх арганізацыяў змогуць «вышэйшыя органы субʼектаў грамадзянскай супольнасьці зь ліку сваіх чальцоў».
Пасяджэньні УНС прапануецца праводзіць не радзей як адзін раз на год, пры гэтым магчымыя пазачарговыя пасяджэньні — «па ініцыятыве прэзыдэнта», іншых вышэйшых органаў улады, а таксама «па ініцыятыве не менш як 150 тысячаў грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія валодаюць выбарчым правам».
Згодна з законапраектам, пасяджэньнямі УНС кіруе старшыня, які, як і яго намесьнікі, абіраецца дэлегатамі «на першым пасяджэньні на тэрмін паўнамоцтваў Усебеларускага народнага сходу».
Старшыня, як вынікае з законапраекта, «ажыцьцяўляе агульнае кіраўніцтва Усебеларускім народным сходам, старшынюе на пасяджэньнях УНС і яго прэзыдыюму, падпісвае рашэньні УНС».
Рэалізацыя палажэньняў закону аб УНС ускладзена на Савет міністраў, якому на працягу шасьці месяцаў неабходна прывесьці «акты заканадаўства ў адпаведнасьць з гэтым законам».
Дакумэнт прадугледжвае асаблівы парадак уступленьня закону ў сілу: асобныя палажэньні — пасьля яго афіцыйнага апублікаваньня, яшчэ частка — з 1 студзеня 2024 года, канчаткова закон пачне працаваць з дня фармаваньня Ўсебеларускага народнага сходу.