Пра гэта паведаміў сацыёляг Філіп Біканаў падчас прэзэнтацыі чарговай справаздачы дасьледчыцкай ініцыятывы «Беларускі трэкер пераменаў».
Ён прадставіў дадзеныя жнівеньскага онлайн-апытаньня 1512 гарадзкіх жыхароў Беларусі. Падчас дасьледаваньня рэспандэнтам задавалася два пытаньні аб стаўленьні да сілавых мэтадаў адхіленьня ад улады Аляксандра Лукашэнкі: адно — пра стаўленьне самога апытанага, другое — фактычна пра стаўленьне да такой пэрспэктывы атачэньня рэспандэнта.
Мэтадалёгія пражэктыўнага пытаньня была распрацаваная Кіеўскім міжнародным інстытутам сацыялёгіі для вывучэньня стаўленьня ўкраінцаў да тэрытарыяльных саступак у вайне з Расеяй.
У беларускім дасьледаваньні задаваліся наступныя пытаньні:
Прамое
7–9 жніўня ў Вільні адбылася канфэрэнцыя беларускіх дэмакратычных сілаў «Новая Беларусь». Адным з прадметаў дыскусіі на канфэрэнцыі было адхіленьне Аляксандра Лукашэнкі ад улады сілавымі мэтадамі. Падтрымалі б ці не падтрымалі б вы такую прапанову?
Пражэктыўнае
Зараз будзе крыху незвычайнае пытаньне. Мы папросім вас уявіць любога знаёмага вам чалавека. Гэта можа быць вашая маці, ваш сябар, брат, любы іншы знаёмы. Адказваючы на наступнае пытаньне, калі ласка, думайце пра гэтага знаёмага чалавека.
7–9 жніўня ў Вільні адбылася канфэрэнцыя беларускіх дэмакратычных сілаў «Новая Беларусь». Адным з прадметаў дыскусіі на канфэрэнцыі было адхіленьне Аляксандра Лукашэнкі ад улады сілавымі мэтадамі. Як вы думаеце, чалавек, аб якім вы падумалі, падтрымаў бы ці не падтрымаў такую прапанову?
Адказы на гэтыя пытаньні групаў апытаных з розным стаўленьнем да Лукашэнкі прадстаўленыя на наступным графіку.
У справаздачы адзначаецца, што ў 2020 годзе грамадзкая думка ў Беларусі вызначалася прыхільнасьцю да мірных мэтадаў пратэсту і зьмены ўлады. Паводле апытаньня, праведзенага ў верасьні 2020 году, 75% падзялялі думку, што пратэсты павінны быць мірнымі (сярод іх палова лічыла, што выключна мірнымі), і толькі 4,5% лічылі, што пратэст павінен выкарыстоўваць сілу.
Жнівеньскае 2022 году апытаньне, дадзеныя якога прадставіў Філіп Біканаў, сьведчыць пра істотны рост прыхільнікаў нямірных мэтадаў зьмены ўлады. Іх даволі шмат сярод нават адносна памяркоўных групаў, а сярод зацятых праціўнікаў Лукашэнкі яны складаюць пераважную большасьць.
У трох першых сэгмэнтах колькасьць станоўчых адказаў на пражэктыўнае пытаньне перавышае колькасьць станоўчых адказаў на прамое. Паводле сацыёлягаў, пражэктыўнае пытаньне крыху нэўтралізуе ўзьдзеяньне фактару страху, рэспандэнта пытаюцца не пра яго ўласнае стаўленьне, а як бы пра стаўленьне кагосьці іншага.
Пры гэтым многія людзі, адказваючы на пражэктыўнае пытаньне, выказваюць насамрэч сваё ўласнае стаўленьне, якое яны асьцерагаюцца выказаць прама.
На думку дасьледчыкаў, адказы на пражэктыўнае пытаньне адлюстроўваюць «адчуваньне новай нарматыўнай рамкі грамадзкай думкі», тое, як, на думку апытаных, думае іх атачэньне, як думаюць беларусы.
У групе зацятых праціўнікаў Лукашэнкі суадносіны адказаў адваротныя: колькасьць прыхільнікаў сілавога сцэнару ў адказах на прамое пытаньне большая, чым у адказах на пражэктыўнае. У справаздачы гэта тлумачыцца пэўнай інэрцыяй грамадзкай думкі, памяцьцю асабліва актыўных апанэнтаў рэжыму аб тым, што і яны самі, і ўсё грамадзтва два гады таму былі прыхільнікамі мірных мэтадаў зьмены ўлады ледзь не пагалоўна.
«У той час як рэжым Лукашэнкі, які шмат у чым базуе сваю легітымнасьць на апараце гвалту і рэпрэсіяў, адчужае ад сябе палову беларускага грамадзтва, унутры групы, не ўключанай у сыстэму, расьце запыт на сілавыя інструмэнты вырашэньня палітычнага канфлікту» — гаворыцца ў справаздачы.
«У такой сытуацыі ўключэньне двух „сілавікоў“ у Кабінэт Сьвятланы Ціханоўскай выглядае лягічнай рэакцыяй на запыт пазасыстэмнай часткі грамадзтва, якая налічвае мільёны беларусаў» — адзначаюць сацыёлягі.