Лінкі ўнівэрсальнага доступу

WSJ: Расея пры адступленьні пакідае Ўкраіне больш зброі, чым ёй пастаўляе Захад


Выстава разьбітай расейскай вайсковай тэхнікі ў Львове. Жнівень, 2022
Выстава разьбітай расейскай вайсковай тэхнікі ў Львове. Жнівень, 2022

Расейскае войска кідае на полі бою і пры адступленьні больш вайсковай тэхнікі і зброі, чым любая з заходніх краін перадала Ўкраіне за ўвесь час вайны. Пра гэта піша The Wall Street Journal, аналізуючы адкрытыя дадзеныя і спасылаючыся на вайсковых чыноўнікаў.

Паводле аналітычнага праекту Oryx, Узброеныя сілы Ўкраіны захапілі 460 расейскіх танкаў (заходнія краіны паставілі 320), 92 самаходныя прылады, 448 баявых машын пяхоты (210 ад Захаду), 195 баявых браняваных машын (40 ад Захаду) і 44 ракетныя сыстэмы (70 ад Захаду). WSJ зьвяртае ўвагу, што гэтая інфармацыя была сабраная з адкрытых крыніц, такім чынам рэальная колькасьць захопленай тэхнікі можа быць вышэйшай.

«У нас так шмат трафэяў, што мы нават ня ведаем, што зь імі рабіць, — сказаў намесьнік начальніка штабу батальёну «Карпатська Січ» Руслан Андрыйка. – Мы пачыналі як пяхотны батальён, а зараз быццам бы становімся мэханізаваным батальёнам».

Аднак аналітык Oryx Якуб Яноўскі адзначае, што толькі частку расейскай трафэйнай зброі можна выкарыстоўваць: «Тое, што яны захопліваюць, ёсьць сумесь сучаснага абсталяваньня, якое можна выкарыстоўваць дастаткова эфэктыўна, і тое, што насамрэч павінна захоўвацца ў музэях». Аднак, паведамляе WSJ, у апошнія месяцы ўкраінскае войска здабыло ўзоры найбольш сучаснай расейскай зброі, такія як танкі Т-90 і бронетранспартэры БТР-82.

Кіраўнік Рады нацыянальнай бясьпекі Ўкраіны Аляксей Данілаў расказаў, што часьцей за ўсё буйная тэхніка разьмяркоўваецца праз камандаваньне матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня, у той час як лёгкая зброя і боепрыпасы застаюцца ў падразьдзяленьняў, якія захапілі іх. Але батальён «Карпатська Січ», перадаўшы іншым падразьдзяленьням самаходныя прылады, змог пакінуць сабе танкі, для якіх знайшлі экіпажы. Цяпер танкі прымацаваныя да батальёна і рэгулярна забясьпечваюцца боезапасам і палівам.

Украінцы ўжо маюць досьвед параўнальна хуткага навучаньня працы з рознымі сыстэмамі ўзбраеньняў, і гэта палегчыла перапрафіляваньне нядаўна здабытай расейскай зброі, кажа палкоўнік Сяргей Чараваты з Усходняга апэратыўнага камандаваньня Ўкраіны.

  • Расея таксама захоплівае ўкраінскую зброю, у асноўным у першыя дні вайны. Паводле падлікаў Oryx, зь лютага Расея захапіла 109 украінскіх танкаў, 15 САУ і 63 БМП.
  • Ад пачатку вайны Ўкраіна атрымала ад заходніх краін зброі на суму каля 15 мільярдаў даляраў. Найбуйнейшымі пастаўшчыкамі сталі ЗША (8,79 мільярда), Польшча (1,83 мільярда), Вялікая Брытанія (1,36 мільярда) і Канада (950 мільёнаў).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG