Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Захад паабяцаў Украіне вайсковую дапамогу яшчэ на 1, 5 мільярда эўра


Канфэрэнцыя донараў Украіны ў Капэнгагене
Канфэрэнцыя донараў Украіны ў Капэнгагене

Заходнія краіны паабяцалі вылучыць яшчэ больш за паўтара мільярда эўра на ваенныя патрэбы Ўкраіны для адбіцьця расейскай агрэсіі. Аб гэтым заяўлена на канфэрэнцыі міністраў абароны 26 краін у Капэнгагене.

Сродкі будуць выкарыстоўвацца для паставак зброі, ракет і боепрыпасаў, росту вытворчасьці зброі для Ўкраіны, рыхтаваньня ўкраінскіх салдатаў, разьмінаваньня ахопленых вайной тэрыторыяў ва Ўкраіне.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі зьвярнуўся да заходніх хаўрусьнікаў празь відэасувязь з просьбай вылучыць больш грошай і боепрыпасаў. «Чым хутчэй мы спынім Расею, тым хутчэй адчуем сябе ў бясьпецы. Нам патрэбная зброя і снарады для нашай абароны», — заявіў Зяленскі.

Міністар абароны Ўкраіны Аляксей Рэзьнікаў заявіў журналістам, што прыярытэтам для краіны ёсьць пастаўкі зьнішчальнікаў. Аднак накіроўваць Кіеву баявыя самалёты хаўрусьнікі пакуль не гатовыя, затое маюць намер пастаўляць іншыя віды зброі.

Міністры абароны Польшчы, Славаччыны і Чэхіі выказалі гатоўнасьць пашырыць вытворчасьць артылерыйскіх сыстэмаў, боепрыпасаў і іншага вайсковага абсталяваньня для Ўкраіны.

Вялікая Брытанія паабяцала вылучыць дадатковыя 300 мільёнаў эўра, у тым ліку на ракетныя сыстэмы залпавага агню і высокадакладныя ракеты M31A1, якія могуць паражаць цэлі на адлегласьці да 80 кілямэтраў.

У сумеснай заяве краіны-ўдзельніцы канфэрэнцыі абавязаліся забясьпечыць пастаянную і ўстойлівую вайсковую падтрымку Ўкраіны.

Міністар абароны Вялікай Брытаніі Бэн Уолес заявіў, што гэтая падтрымка «пасылае вельмі выразны сыгнал: Вялікая Брытанія і міжнародная супольнасьць па-ранейшаму... будуць стаяць плячо ў плячо, аказваючы абарончую вайсковую дапамогу Ўкраіне», насуперак сьцьвярджэньням прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна, што заходнія краіны «стомяцца ад канфлікту і міжнародная супольнасьць разыдзецца ў розныя бакі».

Канфэрэнцыі ў Капэнгагене папярэднічала красавіцкая сустрэча на амэрыканскай авіябазе ў Германіі, на якой стварылі ўзначаленую ЗША кантактную групу ў пытаньнях абароны Ўкраіны для каардынацыі міжнароднай вайсковай дапамогі Кіеву.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG