Так званая частковая мабілізацыя ў Расеі зноўку ўзьняла дыскусіі пра тое, хто вінаваты ў вайне, на кім за што ляжыць адказнасьць і хто на што мае маральнае права.
Хтосьці спачувае расейцам, якія вось-вось стануць акупантамі асабіста, хтосьці хвалюецца за мужчын, што спрабуюць зьбегчы з Расеі, кагосьці хвалюе выключна лёс украінцаў і ўкраінак, якіх пойдзе забіваць адноўленае расейскае войска.
Зноўку гучаць дыскусіі пра віну, адказнасьць і маральнае права нешта (не) рабіць. Латвію, напрыклад, шмат крытыкуюць за адмову выдаваць гуманітарныя візы тым, хто ўцякае ад мабілізацыі. Кажуць, што гэта антыўкраінскі крок, бо, не прымаючы масава расейскіх мужчын, Латвія фактычна ўзмацняе расейскае войска.
Я ў такой крытыцы бачу чарговае перакідваньне з хворай галавы на здаровую. Калі чалавек кажа штосьці накшталт «калі вы не далі мне камфортнага спосабу зьехаць, я пайду ўдзельнічаць у генацыдзе», дык гэта маніпуляцыя і спроба скарыстаць сытуацыю як вакно магчымасьцяў, а не антыпуцінская пазыцыя. Безумоўна, расейцам дужа хочацца, каб іх цяпер па змоўчаньні ўспрымалі як палітычных ці вайсковых уцекачоў, і нават публічна кажуць, што яны ўцякаюць ад вайны. Але ёсьць нюанс.
Ад вайны ўцякаюць тыя, чые дамы бамбяць, чыіх родных і суседзяў забіваюць, і на чые землі прыйшлі акупацыйныя ўлады. А ўцёкі ад мабілізацыі — гэта кардынальна іншы працэс, і чакаць да яго такога ж стаўленьня, як да ўцёкаў ад вайны, было б дужа дзіўна. І давайце ўжо называць рэчы сваімі імёнамі — краінам кшталту Латвіі і Літвы Расея цяпер увесь час пагражае, так што адстойваньне свайго сувэрэнітэту і нежаданьне прымаць маладую баяздольную арду з варожай краіны выглядае цалкам лягічна.
І калі хтосьці думае, што ўкраінскім мужчынам тут мёдам намазана, і іх, у адрозьненьні ад расейцаў, прымаюць хлебам і сольлю, вось вам кароткі экскурс у рэальнасьць. У Латвіі, каб атрымаць візу на год з правам працы, якую даюць украінскім уцякачкам і ўцекачам, украінскія мужчыны мусяць альбо даказаць, што яны трапляюць у сьпіс выключэньняў, альбо зарэгістравацца ў амбасадзе, каб іх, у выніку чаго, усё ж адправілі на фронт. Быць уцекачом — вельмі цяжкі шлях, але ў расейцаў, якія ўцякаюць ад мабілізацыі, свая дарога. Іншая.
Паводле іроніі лёсу, яны за адну ноч памяняліся месцамі з тымі, каго доўга прыніжалі і не лічылі за паўнавартасных людзей. І вось, як раней у Маскве кватэры здавалі «толькі славянам», цяпер у Алматы здаюць «толькі азіятам». І тыя, хто лічылі Маскву цэнтрам сьвету, перад якім усе мусяць стаяць на каленях, хутка ўцякаюць зь яе, зьдзіраючы з машын Z і іншыя рашысцкія сымбалі.
Вядома ж, ёсьць сярод іх і тыя, хто ад самага пачатку былі супраць расейскай агрэсіі ў бок Украіны. Але і «асобы неславянскай зьнешнасьці» ў Расеі сутыкаліся з дыскрымінацыяй, нягледзячы на свае асабістыя якасьці. І наколькі моцным у Расеі быў расізм усе гэтыя гады, настолькі моцным цяпер можа атрымацца адказ на яго.
Ці варта беларусам чакаць такога ж стаўленьня да сябе, калі мабілізацыю аб’явяць у Беларусі? Наўрад ці. Вядома ж, хлебам-сольлю сустракаць ня будуць і нашых мужчын, але шмат якія праявы агрэсіі за мяжой іх могуць абмінуць. Мы не імпэрыя, не прэтэндуем на чужыя землі і не даводзілі дзесяцігодзьдзямі казахам і грузінам, што мы па змоўчаньні лепшыя за іх.
А яшчэ мы ўмеем правільна называць іншыя краіны і куды часьцей правільна адказваем на пытаньне «чый Крым?». Бо ведаем, што значыць жыць побач з Расеяй.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.