Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржаве трэба, каб дзеці заставаліся ў інтэрнатах


Тагачасны міністар унутраных спраў Ігар Шуневіч (справа) на адкрыцьці інтэрнату дла зьняволеных зь дзецьмі ў калёніі №4 у Гомлі, 16 студзеня 2019
Тагачасны міністар унутраных спраў Ігар Шуневіч (справа) на адкрыцьці інтэрнату дла зьняволеных зь дзецьмі ў калёніі №4 у Гомлі, 16 студзеня 2019

Падобна, што беларускія ўлады ставяцца да дзяцей як да патэнцыйнага войска — ідэалягічнага і ня толькі.

Адной рукой яны ўскладняюць і абмяжоўваюць жанчынам доступ да бясьпечных абортаў, каб новых патэнцыйных салдатаў было болей, а другой — ускладняюць шлях да новых сем’яў для дзяцей, што засталіся без бацькоў.

Як бы жорстка гэта ні гучала, але цяперашняя беларуская дзяржава не зацікаўленая ў тым, каб дзеці расьлі ў любові і вырасталі добрымі, эмпатычнымі і з добра разьвітым лягічным мысьленьнем. Ёй куды зручней, калі ў іх будзе разлад прывязанасьці, яны ня будуць ведаць, што такое безумоўная любоў, і вырастуць з максымальна прамытымі прапагандай мазгамі.

Вы скажаце, я перабольшваю? А я проста спрабую знайсьці тлумачэньне таму, што Міністэрства аховы здароўя абнавіла сьпіс хваробаў, пры якіх людзі ня могуць усынаўляць, удачараць ці браць апякунства над дзецьмі, што засталіся без бацькоў. Сфармулявана ў пастанове ўсё так шырока, што ў чынавенства ёсьць вялізны прастор, каб пры адным і тым жа мэдычным стане камусьці аддаваць дзіця, а камусьці — не.

Праблема ня толькі ў фармулёўках, але і ў тым, што далёка ня ўсе хваробы і мэдычныя станы, пазначаныя ў пастанове, сапраўды перашкаджаюць даглядаць дзіця. Так, у сьпісе «забароненых» хваробаў ёсьць інфэкцыі, якія перадаюцца пераважна палавым шляхам, хваробы шчытападобнай залозы ў стадыі дэкампэнсацыі і анамаліі разьвіцьця палавых органаў з парушэньнем функцыі выдзяленьня. Няясна, як умоўныя ганарэя і нетрыманьне мачы цяпер замінаюць гадаваць дзяцей, ды і з дэкампэнсаваным гіпатырэозам і гіпэртырэозам таксама ня ўсё зразумела.

А вірус папілёмы чалавека ёсьць у арганізьме большасьці дарослых людзей, і фармальна ён лічыцца захворваньнем, якое перадаецца палавым шляхам. Атрымліваецца, што колькасьць людзей, якія могуць стаць прыёмнымі бацькамі ці апекунамі, у Беларусі рэзка зьнізіцца. Што вельмі зручна для дзяржавы, якая робіць усё магчымае, каб максымальна ўзяць ідэалягічнае выхаваньне дзяцей у свае рукі.

На дзяцей як індывідуўмаў ім пляваць. Галоўнае, каб усе былі палічаныя і каб па ўсіх было найпрасьцей справаздачыцца. А такія паняткі, як любоў, эмпатыя і шчасьце, увогуле не разглядаюцца. На кожнае дзіця ў інтэрнаце ёсьць пэўная колькасьць мэтраў, адзеньня, грамаў тлушчаў, бялкоў і вугляводаў, а перад Новым годам чыноўнікі, і ня толькі, прывозяць ім кіляграмы цукерак і робяць сумесныя фатаздымкі. Гэта ўсё можна ўпісаць у справаздачу, занесьці ў табліцу і палічыць.

І пляваць, што падлетак можа ня ведаць, як выглядае цэлы яблык, бо ўсё жыцьцё бачыў яго толькі нарэзаным. Затое ў яго ёсьць доступ толькі да правільнай інфармацыі, і ніякае дурноцьце кшталту разьвіцьця дэмакратычных інстытутаў яго, хутчэй за ўсё, цікавіць ня будзе.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG