Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Яго вельмі доўга білі». Жонка інкасатара «Белгазпрамбанку» пра затрыманьне са стралянінай і крымінальную справу супраць мужа


Ян і Анастасія Папковічы
Ян і Анастасія Папковічы

Тэлеграм-канал «Сьпісы затрыманых» паведаміў пра затрыманьне цэлай сям'і: Яна, Анастасіі і Алеся Папковічаў.

Сваякі затрыманых расказалі «Медыязоне», што Ян працаваў інкасатарам у «Белгазпрамбанку». 31 жніўня звольніўся і плянаваў з жонкай пераехаць у Польшчу. Аднак 2 верасьня ў кватэру да іх прыйшлі сілавікі. Жонку Яна Анастасію тады таксама затрымалі, але ў выніку адпусьцілі. Цяпер яна знаходзіцца ў бясьпецы.

Па словах Анастасіі, калі ў пакой уварваліся два сілавікі ў поўным рыштунку з аўтаматамі і чатыры чалавекі ў чорнай форме, яны з мужам нават не пасьпелі адзецца пасьля сну.

Акрамя Анастасіі і Яна ў пакоі начаваў іхны пітбуль, які пачаў брахаць на незнаёмых людзей. Адзін зь сілавікоў, сьцьвярджае жанчына, стрэліў у сабаку з аўтамата.

«Ён не нападаў, ён проста спалохаўся і пачаў гаўкаць. І яны страляюць у сабаку. У мяне муж забірае сабаку, каб ён не пабег на іх, і кладзецца на яго. Сілавікі страляюць ужо другі раз, у мужа. Я пачула, як ён крычыць: „Не-не, не страляйце. Я зараз прыбяру сабаку“. Я паглядзела, што ў сабаку яны пацэлілі».

Першая куля параніла сабаку ў пысу. Другая прайшла міма сабакі і Яна, кажа Анастасія. Яна адзначыла, што пасьля страляніны двое сілавікоў у рыштунку доўга хадзілі па пакоі і шукалі адстраляныя гільзы.

«Мужу дазволілі вывесьці сабаку на балкон. Я толькі ўбачыла, што той увесь у крыві. Муж зразумеў, што прыйшлі па яго, і ён проста лёг на падлогу і склаў рукі за галаву. Гэтыя, якія былі ў чорным, адразу пачалі крычаць: „Ляжаць, не рухацца, ня тузацца, нікуды не глядзець. Дзе тэлефоны?“ Тэлефоны на стале ляжалі. Яны ўзялі ў мужа, пачалі пытаць пароль. Ён яго назваў, сказаў пароль ад Telegram, але, як толькі яны ўвайшлі ў Telegram, ён у мужа „вылецеў“. Мой тэлефон проста разблякавалі, але не палезьлі далей», — успамінае Анастасія Папковіч.

Пасьля гэтага пары дазволілі апрануцца. Яна адвялі ў іншы пакой і, па словах Анастасіі, доўга білі. Жанчына сьцьвярджае, што сілавікі абвінавачвалі яе мужа, што гэта ён нешта зрабіў з Telegram на тэлефоне і пыталіся, каму ён пісаў апошняе паведамленьне. Гэтыя ж пытаньні пазьней задавалі і самой Анастасіі.

«Я кажу, што ён тэлефона ў рукі ня браў, вы ж усё бачылі. Яны яго вельмі доўга білі. Мне пагражалі, але не чапалі. У мужа засталіся дзеці ад першага шлюбу, якія жылі з былой жонкай. Але яны думалі, што гэта мае дзеці і абяцалі забраць іх у прытулак, а мяне пасадзіць на дзесяць гадоў. Потым пачаўся ператрус. Сілавікі да мяне падыходзілі і казалі пастаянна: „Ну што, твой муж фашыст? Значыць, і ты таксама фашыстка, выходзіць?“ У мяне ёсьць тату. Пачалі пра тату пытацца. Гэтым людзям складана было растлумачыць, што гэта руны, а ня свастыка».

Падчас вобшуку са здымнай кватэры Папковічаў канфіскавалі тэхніку. Пасьля пару вывелі на вуліцу. Анастасія ў гэты момант заўважыла, што муж моцна пабіты. Удваіх іх адвезьлі ў частку ўнутраных войскаў на Маякоўскага. Там жанчыне сказалі чакаць у альтанцы на вуліцы і рыхтавацца да размовы. На яе просьбу патэлефанаваць бацькам сілавікі адказалі: «Калі нам спадабаецца з табой размова, то патэлефануеш, а калі не спадабаецца, то ніхто ня будзе ведаць, дзе ты».

«Потым мяне паклікалі ў гэты будынак. І там у першым кабінэце я ўбачыла мужа. Ён ляжаў на падлозе ў кайданках. Мяне завялі ў іншы кабінэт. Там сьледчы кажа: „Ну расказвай, як вы зьбіраліся ехаць ва Ўкраіну“. Я спрабавала растлумачыць, што мы ў Польшчу зьбіраліся, што ў нас там ужо нават дом арандаваны і мы ў дамову арэнды ўпісаныя. Навошта нам ва Ўкраіну? Мне пачалі тлумачыць, што ў мяне муж адбіты, ён фашыст, ён супраць дзяржавы, у яго няправільныя думкі, што ён будзе за гэта сядзець вельмі доўга. І ўвогуле ён зьбіраўся ехаць наймітам, а я павінна была ехаць туды мэдсястрой. Я кажу, што ў мяне мэдычнай адукацыі нават няма. Яны: „Ну, валянтэрам бы пайшла“», — пераказвае размову Папковіч.

Пасьля ператрусу на здымнай кватэры сілавікі паехалі па месцы прапіскі Яна, дзе жылі ягоныя бацькі, працягвае Анастасія. За 20 хвілін да прыезду сілавікоў да іх прыйшоў Алесь, другі старэйшы брат Яна. Па словах дзяўчыны, ён зайшоў адведаць бацькоў і прынёс ім прадукты.

Алесь зьбіраўся зьяжджаць у Польшчу разам зь ёй і Янам. Калі ў кватэру да бацькоў братоў прыйшлі сілавікі, яны перш за ўсё спыталі ў Алеся: «Ты таксама зьбіраесься зьяжджаць?» Пасьля сьцьвярджальнага адказу пачалі біць маладога чалавека пры бацьках, кажа Наста Папковіч.

«Я яшчэ калі сядзела ў гэтай вайсковай частцы, гляджу — Алесь. Але ж падумала, што можа паказаньні нейкія прывезьлі даваць? Брат Яна ўсё ж. Пасьля прыгледзелася, а Алесь у кайданках сядзіць. Відавочна, ня сьведчаньні прыйшоў даваць. Мой муж, напэўна, больш небясьпечны, таму што ў мужа кайданкі былі за сьпінай зашпіленыя, а ў Алеся сьпераду», — разважае Анастасія.

Пасьля працяглай гутаркі аб тым, што Анастасія «яшчэ маладая, хоча сапсаваць сабе жыцьцё» і гэтак далей, жанчыну адпусьцілі дадому. На выхадзе з часткі ёй «параілі» нікуды не зьяжджаць, нікому нічога не расказваць, таму што «цябе мы таксама закрыем».

Паводле Анастасіі, ейны муж цяпер у СІЗА КДБ.

Яна мяркуе, што затрыманьне мужа можа быць зьвязана зь ягоным вайсковым мінулым.

«Высьветлілася, што да хлопца, у якога мы жылі, на працу на завод прыйшлі супрацоўнікі КДБ і пачалі ўсіх правяраць. І яму сказалі, маўляў, здай каго-небудзь, інакш мы цябе прыцягнем за пратэсты ў 2020-м. Ну і вось ён сказаў, што ў мяне ёсьць сябар, які ў мяне жыве, ён хадзіў на пратэсты, а зараз зьбіраецца зьяжджаць у Польшчу. А муж у мяне адслужыў у спэцназе ў Марʼінай Горцы. Вельмі шмат разоў яго клікалі і працаваць і ў «Альфу», і ў СБП, і ва УСАМ, і ва ўсе гэтыя месцы. Ён працуе восем гадоў інкасатарам, гэта значыць чалавек, які ўмее страляць. Ён у мяне выступаў на спаборніцтвах па боксе. Поўны пакет пагроз. А яшчэ зьяжджаць зьбіраўся, — расказвае Анастасія Папковіч.

У жніўні 2022 году Ян стаў найлепшым інкасатарам «Белаграпрамбанку».

У пачатку верасьня там затрымалі як мінімум дзесяць інкасатараў. Работнікі банку расказалі «Зеркалу», што іх затрыманьне можа быць зьвязанае з абразай Лукашэнкі ва ўнутраным чаце інкасатараў.

«У нас з мужам адзін ад аднаго ніколі ніякіх сакрэтаў не было. І я ведаю, што такога чату інкасатараў не існуе, — сьцьвярджае Анастасія Папковіч.

Паводле яе, ад адвакатаў стала вядома, што ейнага мужа і ягонага брата Алеся падазраюць у грубым парушэньні парадку. Жанчына кажа, што ў тэлефоне Алеся сілавікі знайшлі фота з пратэстаў, дзе ён зь ёю і братам стаяць на праезнай частцы. Ці мае Ян Папковіч дачыненьне да справы інкасатараў «Белгазпрамбанка», невядома.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG