Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На саміце ў Самаркандзе заявілі, што Беларусь прымаюць у ШАС. Што гэта такое?


Кіраўнік Кітаю Сі Цзіньпін (зьлева) і Шаўкат Мірзіёеў, прэзыдэнт Узбэкістану. Самарканд, 15 верасьня 2022
Кіраўнік Кітаю Сі Цзіньпін (зьлева) і Шаўкат Мірзіёеў, прэзыдэнт Узбэкістану. Самарканд, 15 верасьня 2022

15 і 16 верасьня праходзіць саміт Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС) у Самаркандзе.

«Мы прымаем рашэньне аб пачатку працэдуры наданьня Рэспубліцы Беларусь статусу паўнапраўнага чальца ШАС», — заявіў 16 верасьня на саміце ў Самаркандзе прэзыдэнт Узбэкістану Шаўкат Мірзіёеў, які старшынюе ў арганізацыі. Яго цытуе БелТА.

Зь візытам у Самаркандзе знаходзіцца і Аляксандар Лукашэнка. Але на асноўным паседжаньні яго не было, яго запрасілі і далі слова на паседжаньне саміту ў пашыраным складзе.

Гаворачы аб прыярытэтах Беларусі ў ШАС, Лукашэнка згадаў заходнія санкцыі за вайну Расеі супарць Украіны і саўдзел у гэтым уладаў Беларусі:

«Незаконныя санкцыі, адключэньне ад міжнародных разьлікаў, іншыя нелегітымныя абмежаваньні вядуць да неабходнасьці зббліжэньня плацёжных сыстэм, павелічэньня долі нацыянальных валют у гандлі, а таксама стварэньня ўласных фінансавых мэханізмаў у рамках ШАС. Гэты падыход дасьць ня толькі свабоду выбару, але і свабоду дзеяньняў».

«Я абсалютна падтрымліваю выказанае тут старшынёй КНР Сі Цзіньпінам меркаваньне аб процідзеяньні ўмяшаньню пэўных краін ва ўнутраныя справы дзяржаў і процідзеяньню каляровым рэвалюцыям», — заявіў Лукашэнка.

Лукашэнка падтрымаў ідэю Пуціна, каб ШАС праводзіла свае спаборніцтвы па летніх алімпійскіх відах спорту ў 2024 годзе і па зімовых — у 2026 годзе. Расею і Беларусь адхілілі ад большасьці міжнародных спаборніцтваў з-за нападу на Ўкраіну.

У ліпені 2022 году Беларусь падала заяўку на ўступленьне ў Шанхайскую арганізацыю супрацоўніцтва.

Што такое ШАС?

ШАС — міжурадавая міжнародная арганізацыя, заснаваная 15 чэрвеня 2001 году ў Шанхаі. Асноўнымі мэтамі дэкляраваны ўмацаваньне ўзаемнага даверу і добрасуседзтва паміж краінамі-ўдзельніцамі і садзейнічаньне іх эфэктыўнаму супрацоўніцтву ў палітычнай, гандлёва-эканамічнай, навукова-тэхнічнай і культурнай галінах. Чальцамі ШАС зьяўляюцца Індыя, Казахстан, КНР, Кіргізстан, Пакістан, Расея, Таджыкістан, Узбэкістан.

Беларусь разам з Афганістанам, Іранам і Манголіяй маюць статус дзяржаў-назіральніц. Яшчэ шэсьць краін — Азэрбайджан, Армэнія, Камбоджа, Нэпал, Турэччына і Шры-Лянка — застаюцца партнэрамі па дыялёгу ШАС.

Місія Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва рэгулярна называлі выбары ў Беларусі «празрыстымі, сапраўднымі і дэмакратычнымі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG