Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У 2024 годзе сьпіс «экстрэмістаў» павялічыўся на 1154 пазыцыі


Сядзіба МУС у Менску
Сядзіба МУС у Менску

У пералік «асобаў, якія маюць дачыненьне да экстрэмісцкай дзейнасьці», 27 сьнежня дадалі яшчэ 13 чалавек. Цяпер у дакумэнце на сайце Міністэрства ўнутраных спраў 4808 пазыцыяў.

Пра гэта паведамляе інфармацыйнае агенцтва «Позірк».

На канец мінулага году ў сьпісе было 3654 пазыцыі. Такім чынам, у 2024 годзе ў пералік дадалі 1154 прозьвішчы (за 2023 год ён павялічыўся на 1391 пазыцыю).

Усе грамадзяне, унесеныя 27 сьнежня ў сьпіс, асуджаныя па крымінальных артыкулах, якія ўлады выкарыстоўваюць для палітычнага перасьледу.

У яго ўключаныя прызнаныя палітвязьнямі Людміла Ліхачэўская, Вольга Лацманава, Аляксей Сіленка і Сяргей Паўлавіцкі.

З адзнакай «адбывае пакараньне» ў спіс унесеныя Ўладзімер Раманенка, Артур Мемех, Крысьціна Сашнікава, Вадзім Быкаў і Аляксандар Трацэнка.

Таксама ў пераліку цяпер фігуруюць Сяргей Сэкрыяраў, Алена Сэкрыярава, Маргарыта Сатэвіч і Аляксандар Чарнышоў, насупраць прозьвішчаў якіх стаяць адзнакі «судзімасьць не пагашана». Як правіла, такая фармулёўка сьведчыць аб вынясеньні прысуду, не зьвязанага з пазбаўленьнем волі.

Згодна з ч. 3 і 4 арт. 18 закону «Аб супрацьдзеяньні экстрэмізму», грамадзянам, прысуд у дачыненьні да якіх уступіў у сілу, да пагашэньня або зьняцьця судзімасьці і на працягу 5 гадоў пасьля пагашэньня або зьняцьця судзімасьці забараняецца займацца дзейнасьцю, зьвязанай з абаротам наркатычных сродкаў, зброі і боепрыпасаў, выбуховых рэчываў, пэдагагічнай, выдавецкай дзейнасьцю, займаць дзяржаўныя пасады, праходзіць вайсковую службу.

Фінансавыя апэрацыі грамадзян, уключаных у «сьпіс экстрэмістаў», падлягаюць адмысловаму кантролю.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG